Эпідэміялогія
Эпідэміялогія (стар.-грэч.: ἐπιδημία — на народ; λόγος — вывучэнне) — агульнамедыцынская навука, якая вывучае прычыны, заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання захворванняў рознай этыялогіі, а таксама ўмовы ўзнікнення пэўных станаў здароўя (не хваробы) у розных папуляцыях.
Умоўна эпідэміялогію можна размежаваць на інфекцыйную і неінфекцыйную, але абедзве галіны выяўляюць фактары рызыкі і з’яўляюцца краевугольнымі камянямі грамадскага здароўя і медыцынскай навукі, даюць навуковае абгрунтаванне для практычных медыцынскіх і палітычных рашэнняў у вобласці аховы здароўя. Эпідэміёлагі дапамагаюць з дызайнам навуковых даследаванняў , зборам і статыстычным аналізам даных, інтэрпрэтацыяй і распаўсюджваннем вынікаў (у тым ліку рэцэнзаваннем і часам сістэматычным аглядам ).
Асноўныя напрамкі эпідэміялагічных даследаванняў уключаюць этыялогію захворванняў, расследаванне успышак хвароб , эпіднадзор за хваробамі, скрынінг , біяманіторынг , а таксама параўнанне эфектыўнасці лячэння, напрыклад, у клінічных выпрабаваннях . У сваёй рабоце эпідэміёлагі выкарыстоўваюць веды такіх навуковых дысцыплін, як:
- Біялогія, каб лепш зразумець біялагічныя працэсы хвароб і станаў здароўя
- Статыстыка, каб правільна і эфектыўна выкарыстоўваць даныя і рабіць адпаведныя высновы
- Сацыяльныя навукі, каб лепш разумець непасрэдныя і аддаленыя прычыны
- Інжынерная справа, для колькаснай і якаснай ацэнкі фактараў
Прадметам вывучэння эпідэміялогіі з’яўляецца захваральнасць — сукупнасць выпадкаў хваробы на пэўнай тэрыторыі ў пэўны час сярод пэўнай групы насельніцтва.