Эрэсунскі рэгіён
Эрэсунскі рэгіён (дацк.: Øresundsregionen, шведск.: Öresundsregionen [œːrɛ²sɵnːdsrɛɡɪˌuːnɛn]), у маркетынгавых мэтах завецца таксама Рэгіён Капенгаген-Мальмё[1] — агламерацыя, якая складаецца з усходняй Даніі і лена Сконэ ў паўднёвай Швецыі. У рэгіён уваходзяць два вялікія гарады з розных канцоў Эрэсунскага праліва — Капенгаген (Данія) і Мальмё (Швецыя) — злучаныя Эрэсунскім мостам і паромнай пераправай ад Хельсінгёра да Хельсінгбарга.
Дацкая частка ўваходзіць у Сталічную вобласць і Зеландыю, шведская — у лен Сконэ[2]. 1 студзеня 2016 назва рэгіёна змененая на «Вялікі Капенгаген-Сконэ»[3].
Дзве метрапольныя тэрыторыі Эрэсунскага рэгіёна — Капенгагенская і Мальмёнская — з’яўляюцца аднымі з самых густанаселеных рэгіёнаў Скандынавіі; у той жа час перыферыйныя тэрыторыі рэгіёна маланаселеныя. На 2018 год насельніцтва Вялікага Капенгагена-Сконэ складала 4 млн чалавек.
Эрэсунскі рэгіён — важны камунікацыйны вузел Скандынавіі. Паводле звестак 2007 года, праз Эрэсунскі мост праяжджалі 14 000 чалавек штодня: шматлікія шведы з Мальмё працуюць у Капенгагене, а датчане набываюць у Сконэ таннейшую нерухомасць. Акрамя таго, шведаў прывабліваюць начныя забавы і шопінг у Даніі і Капенгагенскі аэрапорт, большы за аэрапорт Мальмё.
З адкрыццём моста цераз Эрэсун у 2000 годзе павялічыўся і трансгранічны тавараабмен. На 2018 год праз мост штодня праязджалі 19 100 аўтамабіляў. У 2001 порты Капенгагена і Мальмё аб’ядналіся ў адзіную кампанію.
Крыніцы
правіць- ↑ Sydsvenskan. Retrieved 7 August 2018.
- ↑ Geography(недаступная спасылка). Tendens Øresund. Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2010. Праверана 29 October 2010.
- ↑ http://www.oresundskomiteen.org/2015/12/oresundskomiteen-omdannes-til-greater-copenhagen-skane-committee/ Архівавана 25 кастрычніка 2016.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Эрэсунскі рэгіён
- Афіцыйная старонка Вялікага Капенгагена