Ямна (Брэсцкі раён)
Я́мна[1] (трансліт.: Jamna, руск.: Ямно) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Тэльмінскага сельсавета. Размешчана за 10 км на ўсход ад Брэста, на р. Мухавец (прыток р. Заходні Буг).
Вёска
Ямна
| ||||||||||||||||||||||
Ямна на Вікісховішчы
|
У складзе камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства саўгаса «Брэсцкі» (цэнтр — в. Тэльмы 1). Ёсць магазін.
Гісторыя
правіцьУ XIX стагоддзі вёска — цэнтр маёнтка на р. Мухавец у Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. У 1849 годзе тут на пераправе цераз р. Мухавец дзейнічаў паром, які мог падняць каля 40 чалавек. У 1861 годзе ўладальнікам маёнтка быў пан Кавальскі. У красавіку гэтага ж года адбыліся сялянскія хваляванні. Сяляне адмовіліся выконваць інвентарныя павіннасці. Для падаўлення іх выступлення быў прысланы адзін баталён Велікалуцкага пяхотнага палка: сяляне былі пакараны розгамі. Двое сялян, якіх абвінавацілі ў падбухторванні, арыштаваны і зняволены. У 1870 годзе маёнтак ва ўладанні пана Жылея. Вёска з’яўлялася цэнтрам сельскагаспадарчага таварыства, у якое ўваходзілі сяляне вёсак Ямна, Тэльмы і Чэрні, мелі 320 дзесяцін зямлі. У 1879 годзе ў маёнтку працаваў вінакурны завод, на якім была ўстаноўлена паравая машына. Працавала школа граматы. Паводле перапісу 1897 года 2 аднайменныя вёскі: былых дзяржаўных сялян (9 двароў, 87 жыхароў, ветраны млын) і сялян-уласнікаў (37 двароў, 292 жыхары, хлебазапасны магазін, ветраны млын, карчма); у Косіцкай воласці Брэсцкага павета.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, у Косіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. На 30 верасня 1921 года вёска і асада.
З 1939 года ў складзе БССР. У ліпені 1944 года нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 51 двор, загубілі 11 жыхароў; 11 вяскоўцаў загінулі на фронце, 3 — у партызанах.
У 1950 годзе арганізаваны калгас імя П. К. Панамарэнкі з 34 гаспадаркі, пазней увайшоў у склад саўгаса «Брэсцкі».
Насельніцтва
правіць- 125 сялянскіх душ (1858)
- 41 двор, 229 жыхароў (1921)
- 70 двароў, 220 жыхароў (1940)
- 315 жыхароў (1959)
- 269 жыхароў (1970)
- 85 гаспадарак, 187 жыхароў (1997)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ямна (Брэсцкі раён)