Acta Apostolicae Sedis, AAS (лац.: Акты Апостальскага Прастола) — афіцыйны бюлетэнь Святога Прастола. Выходзіць нерэгулярна, прыкладна дванаццаць раз у год[1]. Заснаваны дэкрэтам Папы Рымскага Пія X Promulgandi Pontificias Constitutiones (29 верасня 1908), выданне пачалося ў студзені 1909[1]. Змяшчае ўсе асноўныя дэкрэты, энцыклікі, рашэнні рымскіх кангрэгацый і апавяшчэнні аб царкоўных прызначэннях[2]. Датай прыняцця законаў лічыцца дата іх публікацыі ў AAS, а ўступаюць яны ў сілу праз тры месяцы пасля публікацыі, калі ў самім законе не пазначана іншае[2][3][4].

AAS замяніў аналагічны бюлетэнь, які выпускаўся з 1865 года пад назвай «Acta Sanctae Sedis». Хоць бюлетэнь «Acta Sanctae Sedis» не меў статуса афіцыйнага месца публікацыі законаў Святога Прастола, фактычна ён валодаў такім статусам з 23 мая 1904, калі было абвешчана, што тэксты дакументаў, надрукаваныя тут, з’яўляюцца «аўтэнтычнымі і афіцыйнымі»[5]. Як ужо сказана, выданне «Acta Sanctae Sedis» было спынена ў 1908 годзе.

З 1929 года AAS мае дадатак «Supplemento per le leggi e disposizioni dello Stato della Città del Vaticano» на італьянскай мове, у якім друкуюцца законы і пастановы Ватыкана — горада-дзяржавы, заснаванай ў тым жа годзе. У адпаведнасці з параграфам 2 «Закона аб крыніцах права» (італ.: Legge sulle fonti del diritto) ад 7 чэрвеня 1929 года[6], законы дзяржавы публікуюцца пасродкам публікацыі ў гэтым дадатку.

Зноскі

  1. а б Oxford Dictionary of the Christian Church (Oxford University Press 2005 ISBN 978-0-19-280290-3), article Acta Apostolicae Sedis
  2. а б Modern Catholic Dictionary, цыт. па Catholic Culture
  3. 1917 Code of Canon Law, canon 9
  4. 1983 Code of Canon Law, canon 8
  5. Catholic Encyclopedia, 1907, article Acta Sanctae Sedis
  6. earlier items published in the AAS supplement for Vatican City Архівавана 27 снежня 2010.