Інстытут Міхаіла Пупіна

Інстытут Міхаіла Пупіна (сербск.: Институт Михајло Пупин / Institut Mihajlo Pupin) — навукова-даследчы інстытут, які працуе ў Бялградзе з 1946 года. Праводзіць даследаванні ў галіне электронікі, аўтаматызацыі, кіравання тэхналагічнымі працэсамі, у сферы вылічальных працэсаў, тэлекамунікацый, лічбавай апрацоўкі сігналаў, інфармацыйных сістэм, праграмнай інжынерыі, робататэхнікі. Уваходзіць у структуру Бялградскага ўніверсітэта і Сербскай акадэміі навук.

Інстытут Міхаіла Пупіна
Арыгінальная назва сербск.: Институт Михајло Пупин
Заснаваны 1946
Сайт pupin.rs/en/
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Заснаванне інстытута адбылося ў пасляваенным 1946 годзе пры Сербскай акадэміі навук і мастацтваў у Бялградзе. Тады ён складаўся з двух незалежных адзін ад аднаго падраздзяленняў: Інстытута тэлекамунікацый і Інстытута электронікі. У 1947 годзе па распараджэнні ўрада Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія быў створаны Цэнтральны інстытут радыё СФРЮ, а ў 1948 годзе для вывучэння прынцыпаў вытворчасці электраэнергіі адпаведнае міністэрства ўтварыла Інстытут энергетыкі.

У 1950 годзе Сербская акадэмія навук прыняла рашэнне аб’яднаць усе гэтыя чатыры ўстановы ў адзіны інстытут імя Ніколы Тэслы, які займаўся б вывучэннем усіх з’яў, так ці інакш звязаных з электрычнасцю. У такім выглядзе ён праіснаваў да 1959 года, калі па рашэнні выканаўчага савета Нацыянальнага сходу Народнай Рэспублікі Сербскай з яго вылучылі групу навукоўцаў і даследчыкаў для стварэння асобнага інстытута электронікі і тэлекамунікацый — тады ж ён быў названы ў гонар выбітнага фізіка Міхаіла Пупіна.

З тых часоў на працягу наступных дзесяцігоддзяў інстытут неаднаразова падвяргаўся рэструктурызацыі і рэарганізацыі, у прыватнасці на яго базе быў створаны факультэт электратэхнікі Бялградскага ўніверсітэта, вылучыліся некалькі даччыных кампаній, такіх як «Электронная індустрыя» і «Энергапраект», у сваю чаргу, інстытут Міхаіла Пупіна ўключыў у сябе дзве лабараторыі расфармаванага Інстытута ядзерных навук «Вінча». Аж да 1968 года Інстытут існаваў выключна на дзяржаўныя сродкі, аднак затым з цалкам бюджэтнага фінансавання часткова перайшоў на самафінансаванне.

Дзейнасць правіць

У цяперашні час інстытут з’яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам і знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства навукі Сербіі. Займаецца вытворчасцю вялікай колькасці звязаных з электронікай прадуктаў, аказвае шырокі спектр паслуг, прадастаўляе канкрэтныя апаратныя і праграмныя рашэнні ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, кансалтынг, інжынірынг, выраб вопытных узораў, праектаванне і інтэграцыя складаных сістэм.

Інстытут Міхаіла Пупіна асабліва вядомы распрацоўкай камп’ютараў серый CER, HRS і TIM, якія ў свой час былі даволі распаўсюджаны на тэрыторыі былой Югаславіі[1].

Заўвагі правіць

  1. Timeline - Institute "Mihajlo Pupin". Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2011. Праверана 3 жніўня 2023.

Спасылкі правіць