Ірына Аляксандраўна Фядотава

Ірына Аляксандраўна Фядотава (1968, в. Садкі, Капыльскі раён) — беларуская спартсменка-паралімпійка. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, член зборнай каманды Беларусі па галболе[1].

Ірына Аляксандраўна Фядотава
Пол жанчына
Спецыялізацыя веласпорт і галбол[d]
Нарадзілася 23 мая 1968(1968-05-23) (55 гадоў)
Грамадзянства

Біяграфія правіць

У 1986 годзе закончыла спецыяльную школу № 2 у горадзе Маладзечна і ўладкавалася на працу ў Слуцку рабочай на прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк» грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку»[1]. Там Ірына пачала актыўна займацца спортам. У 1990 годзе І. А. Фядотава разам з інструктарам па спорце прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк» Л. У. Гундзіловіч у Мінску на чэмпіянаце па веласпорце сярод людзей са слабым зрокам у розных намінацыях заваявала залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі[1].

У сярэдзіне 1990-х гадоў Ірыну Фядотаву запрасілі ў Беларускую федэрацыю інваліднага спорту і прапанавалі трэніравацца ў майстра спорту С. А. Плашчынскага. На чэмпіянаце Еўропы ў Швейцарыі ў 2001 годзе І. А. Фядотава ў велагонках на тандэмах  (англ.) заваявала залаты і тры сярэбраныя медалі, на чэмпіянаце свету ў Германіі ў 2002 годзе — два залатыя медалі. Чэмпіянат Еўропы (Чэхія, 2003 год) — чатыры залатыя медалі; чэмпіянат Еўропы (Галандыя, 2005 год) — залаты, сярэбраны і бронзавы медалі; чэмпіянат свету (Швейцарыя, 2006 год) — бронзавы медаль; чэмпіянат свету (Францыя, 2007 год) — два залатыя медалі[1].

У 2000 годзе Ірына Аляксандраўна Фядотава стала двухразовай чэмпіёнкай ХІ летніх Паралімпійскіх гульняў па веласпорту  (англ.) ў Сіднеі (Аўстралія)[1]. У 2004 годзе ўдзельнічала ў ХІІ летніх Паралімпійскіх гульнях у Афінах (Грэцыя). У 2008 годзе  (англ.) на ХІІІ летніх Паралімпійскіх гульнях у Пекіне (Кітай) І. А. Фядотава стала ўладальніцай залатога і сярэбранага медалёў[1].

На 2011 год працавала спартсменам-інструктарам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Была ўключана ў склад нацыянальнай каманды па велатандэме для ўдзелу ў летніх Паралімпійскіх гульнях 2012 года ў Вялікабрытаніі[1].

Ганаровая грамадзянка горада Слуцка[1].

Зноскі

Спасылкі правіць