Аблога Магілёва (1655)

Аблога Магілёва 1655 — эпізод вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667. Вялася ў лютым—маі 1655 года войскамі Вялікага княства Літоўскага супраць гарнізона войскаў Маскоўскай дзяржавы і гараджан.

Аблога Магілёва (1655)
Асноўны канфлікт: Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667
Дата 2 лютага - 1 мая 1655
Месца Магілёў
Вынік зняцце аблогі
Праціўнікі
Рэч Паспалітая Маскоўская дзяржава
Камандуючыя
Януш Радзівіл
Вінцэнт Гасеўскі
Іван Алфер'еў
Аўраам Лапухін
Лонгін Анічкаў
Сілы бакоў
30.000 6.605

У час контрнаступлення ў студзені 1655 войскі ВКЛ на чале з Я. Радзівілам і В. Гасеўскім аблажылі Новы Быхаў. Частка войска пачала аблогу Магілёва. У пачатку 1655 у Магілёве налічвалася 4000 казакоў і 1105 маскоўскіх ратных людзей. Былі значна палепшаны гарадскія ўмацаванні. Па загадзе цара Аляксея Міхайлавіча ў горад накіраваны 3 пяхотныя палкі і 400 казакоў на чале з князем Р. Р. Рамаданаўскім. 3 лютага са Шклова ў Магілёў было перакінута 1500 наёмнікаў палкоўніка Г. Фонштадэна[1]. 2 лютага Радзівіл прывёў пад Магілёў свае асноўныя сілы. 3 лютага Радзівіл і Гасеўскі патрабавалі ад абаронцаў капітуляцыі. Камандаванне гарнізона адхіліла прапанову і, як паведамляў цару ваявода М. П. Ваейкаў, «все сопча до обороны и бою ударили… Выходя из города, на вылазке бились по 3 дня, и отбили у него, Родивила, из обозу с 50 возов с запасы». У ноч на 15 лютага становішча абаронцаў рэзка пагоршылася: палкоўнік Беларускага казацкага палка К. Паклонскі выехаў з горада нібыта на бой супраць войск Радзівіла і «изменил с могилевскою и иных городов шляхтою, и с казаки, которые у него в полку были»[2]. На бок Радзівіла перайшло 400 чал., у т.л. частка магілёўскіх мяшчан. Яны прынялі ўдзел у штурме замка і ўнутранага вала Старога замка: «Февраля в 6 день. как приходили под Могилев гетманы Родивил и Гасевски и Богуслав Родивил с полскыми и литовскими людьми. и в то. государь, время могилевские мещане остались в большом валу с Родивилом, и к меншему валу и острогу к твоим государевым людям на приступ ходили и на вылазках билися вместе за одно с литовскими людьми».

У час штурму абаронцы страцілі каля 1000 казакоў і больш за 300 маскоўскіх служылых людзей, аднак адбілі атаку і ўчынілі некалькі вылазак у адказ. Беспаспяхова скончыліся для войск Радзівіла начны штурм Старога горада і замка 28 лютага, атакі, здзейсненыя пасля парахавых выбухаў у падкопах 18 сакавіка і 19 красавіка, і найбольш цяжкі для абаронцаў прыступ 23 красавіка. Казакі наказнога гетмана І. Залатарэнкі на працягу ўсёй аблогі наносілі ўдары ў тыле радзівілаўскіх войск, знішчалі гарады і гарнізоны (Бабруйск, Каралеўская Слабада[3], Глуск[4]). 27 красавіка Залатарэнка накіраваў да Магілёва па Дняпры на чаўнах Нежынскі і Старадубскі палкі на чале са сваім братам В. Залатарэнкам і Ц. Анікеевым, а сам «пошел со всим товарыством» берагам. Даведаўшыся аб набліжэнні казакоў, Радзівіл пачаў 11 мая апошні штурм горада. Аднак і ён скончыўся беспаспяхова. У той жа дзень Радзівіл зняў аблогу, выпаліў пасады ў Новым горадзе і адышоў з войскам за Бярэзіну. Разам з ім з Магілёва сышла частка мяшчан. У выніку беспаспяховай аблогі былі сарваны наступальныя планы Радзівіла і спынена контрнаступленне войск ВКЛ.

Зноскі

  1. Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук / Под ред. Н. А. Попова. Разрядный приказ. Московский стол. 1635—1659. — СПб.: типография Императорской Академии наук, 1894. — XLV, 773 с. — № 638.
  2. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией (далей — АЮЗР). Т. 14 (дополнение к т. 3): Присоединение Белоруссии, 1654—1655 / [изданы под редакцией Г. Ф. Карпова]. — СПб.: Типография Ф. Елеонского и К°, 1889. — [4], V, 18 с., 902 стб., 39 с. — С. 568.
  3. АЮЗР. Т. 14… — С. 533.
  4. АЮЗР. Т. 14… — С. 540.

Літаратура правіць

  • Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 14. — СПб.: Типография Императорской Академии наук, 1889.
  • Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук / Под ред. Н. А. Попова. Т. 2. — СПб.: Типография Императорской Академии наук, 1894.
  • Марзалюк, І. Магілёва абарона 1655 / Ігар Марзалюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 6—7.
  • Мальцев, А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века / А. Н. Мальцев; [Под ред.: В. А. Александрова, Л. В. Милова]. — [М.]: Издательство Московского университета, 1974. — 253, [2] c. — С. 66—75.
  • Марзалюк, І. Магілёва абарона 1655 / Ігар Марзалюк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадецкі корпус — Яцкевіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. — С. 243. — ISBN 985-11-0378-0.
  • Сагановіч, Г. Невядомая вайна, 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 145 с. — С. 34—39. — ISBN 5-343-01637-5.