Адам Антонавіч Сакольчык

беларускі бібліёграф

Адам Антонавіч Сакольчык (1 мая 1896, Вуглы Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні — 8 студзеня 1983, Мінск) — беларускі бібліёграф.

Адам Антонавіч Сакольчык
Дата нараджэння 1 (13) мая 1896
Месца нараджэння
Дата смерці 8 студзеня 1983(1983-01-08) (86 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці бібліёграф
Месца працы
Альма-матар

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і. Скончыў Самахвалавіцкае двухкласнае вучылішча, Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1915), 2-ю Маскоўскую пяхотную школу прапаршчыкаў (1916). Удзельнічаў у Першай сусветнай і грамадзянскай войнах на тэрыторыі Украіны і Беларусі, у савецка-польскай вайне.

У 1925 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «настаўнік геаграфіі і гісторыі сярэдняй школы». Працаваў настаўнікам матэматыкі, гісторыі, геаграфіі, фізічнай культуры, дырэктарам шэрагу школ Мінска. Выкладаў геаграфію на рабфаку БДУ, у Мінскім медыцынскім інстытуце (1930—1933), Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе Беларусі (1933—1941). Па сумяшчальніцтве працаваў бібліёграфам у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна (1940).

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945), старшы лейтэнант адміністрацыйнай службы. Ваяваў на Калінінскім, 2-м Украінскім франтах. Прымаў удзел у вызваленні Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі.

У 1946—1948 гадах быў загадчыкам Кніжнай палаты БССР пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна, пазней загадваў кабінетам і аддзелам беларускай літаратуры і бібліяграфіі (1948—1961), быў галоўным бібліёграфам аддзела (1961—1964). Прымаў актыўны ўдзел у пасляваенным станаўленні бібліятэкі, развіцці бібліяграфіі Беларусі, грамадскім жыцці калектыву. У 1965 годзе выйшаў на пенсію. З 53 гадоў працы, 18 гадоў працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна.

На працы і дома размаўляў па-беларуску.

Памёр 8 студзеня 1983 года, пахаваны на могілках пасёлка Самахвалавічы.

Дзейнасць

правіць

Суаўтар двух падручнікаў па фізічнай геаграфіі, аўтар пяці прац, суаўтар дзвюх прац па ўніверсальнай і галіновай рэтраспектыўнай бібліяграфіі Беларусі. Тры з шасці сваіх бібліяграфічных прац падрыхтаваў да выдання ўжо на пенсіі, рэгулярна працаваў над імі ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна.

Галоўная праца Адама Сакольчыка — «Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии», першая ўніверсальная бібліяграфія, прысвечаная мінуламу Беларусі. Фундаментальныя бібліяграфічныя працы Сакольчыка не страцілі актуальнасці як навучальныя дапаможнікі ў бібліятэчных спецыялістаў, выкладчыкаў і студэнтаў.

Узнагароджаны медалямі, ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР, Міністэрства культуры СССР і дырэкцыі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна.

  • Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: библиографический указатель = Перыядычны друк Беларусі, 1817—1916 гг.: бібліяграфічны ўказальнік. Мінск, 1960. — 138 л.
  • Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802—1916 гг.): библиография. Минск, 1964. — 311 с.
  • Бібліяграфія па гісторыі Беларусі / М. Г. Крэканэ, А. А. Сакольчык. Мінск, 1969. — 437 с.
  • Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады = Просвещение в Белорусской ССР за 50 лет Советской власти / А. А. Сакольчык, Ю. І. Бібіла. Мінск, 1973. — 188 с.
  • Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768—1917 гг.). Минск: Б-ка БССР им. В. И. Ленина, 1976. — 426 с.

Літаратура

правіць
  • Барановский А. Л. Адам Антонович Сакольчик: офицер, педагог, библиограф // Историко-библиографические исследования: сборник научных трудов. Вып. 14. СПб., 2021.

Спасылкі

правіць