Адраджэнне моў (моўнае адраджэнне, таксама ажыўленне ці аднаўленне моў) — працэс, які можа мець два варыянты:[1]

  1. аднаўленне канчаткова вымерлай мовы (г. зн. такой, у якой не засталося ніводнага носьбіта) і ператварэнне яе ў жывую мову, якую выкарыстоўвае падчас размоў хаця б невялікая група людзей;
  2. замаруджванне працэсу вымірання яшчэ жывой, але знікаючай мовы, у ідэале так, каб колькасць яе носьбітаў не памяншалася, але павялічвалася і ўрэшце дасягнула б такога ўзроўню, калі для захавання мовы не патрабуецца асаблівых намаганняў.

Найбольш вядомы і ўдалы прыклад першага тыпу — іўрыт: поўнасцю адроджаная мова, якая вымерла два тысячагоддзі таму, захавалася толькі ў кніжным выглядзе, але цяпер стала дзяржаўнай мовай і роднай для некалькіх мільёнаў чалавек. Іншыя прыклады значна меней удалыя: корнская, мэнская мовы. Вядомы таксама спробы выкарыстання старажытных моў для вусных зносін, якія, аднак, звычайна не маюць мэты стварэння стабільнай групы носьбітаў: старажытнаанглійская, пруская мовы, санскрыт.

Сярод прыкладаў другога тыпу: ірландская мова, гэльская, маньчжурская, асобныя індзейскія мовы (у прыватнасці, маках).

Падчас адраджэння першага, а зрэдку і другога тыпу зыходная моўная сістэма відазмяняецца, як у сферы вымаўлення (мову засвойваюць людзі з роднымі мовамі, якія маюць іншыя фанетычныя сістэмы), так і ў сферы лексікі (шмат слоў не захавалася ці не існавала раней). Марфалогія і сінтаксіс падвяргаюцца не такім істотным зменам.

Зноскі