Дзяржава дэрвішаў

Дзяржава дэрвішаў (самал.: Daraawiish, араб. دولة الدراويش‎‎) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала на поўначы Самалі ў пачатку XX стагоддзя. Было створана ў пачатку XX стагоддзя Махамедам Хасанам, рэлігійным лідарам, які аб’яднаў мясцовыя кланы пад лозунгамі барацьбы з засіллем еўрапейцаў. Дзяржава дэрвішаў набыла вядомасць у ісламскіх і заходніх краінах дзякуючы яе супраціву еўрапейскім імперыям — Англіі і Італіі. Сілы дэрвішаў паспяхова адбівалі націск брытанцаў і прымусілі іх адступіць да прыбярэжнай зоны. Дзяржава дэрвішаў была прызнана ў якасці саюзніка Асманскай імперыяй і Германіяй. Яна заставалася адзінай незалежнай мусульманскай дзяржавай на кантыненце ў перыяд Першай сусветнай вайны. Пасля чвэрці стагоддзя супрацьстаяння брытанцам дэрвішы былі канчаткова разгромленыя ў 1920 годзе.

Гістарычная дзяржава
Дзяржава дэрвішаў
самал.: Daraawiish
араб. دولة الدراويش‎‎
Сцяг
Сцяг
< 
 >
1895[1] — 1920

Сталіца
Мова(ы) самалійская
Рэлігія religious syncretism[d]
Форма кіравання polyarchy[d], Category:Chieftainships[d] і султанат[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Утварэнне правіць

 
Статуя Махамеда Хасана ў Магадыша, Самалі.

У канцы XIX стагоддзя брытанцы, італьянцы і эфіопы падзялілі Самалі на сферы ўплыву, парушыўшы традыцыйныя сістэмы качавых плямёнаў і выпасу жывёлаў, а таксама завалодаўшы партамі паўвострава. Самалійская экспедыцыя эфіопскага імператара Менеліка, якая складалася з 11 000 салдат, пракралася ўглыб тэрыторыі Самалі ў раёне Лука. Аднак эфіопскія войскі панеслі поўнае паражэнне ад арміі клана Гобрун, у жывых засталося толькі 200 салдат. Пасля гэтага эфіопы ўстрымліваліся ад далейшых экспедыцый углыб Самалі, але працягвалі красці скаціну ў клана Агадэн пры маўклівай згодзе брытанцаў.

Са стварэннем буйных мусульманскіх брацтваў на чале з такімі самалійскімі багасловамі, як шэйх Абд аль-Рахман бін Ахмад аль-Зайлаі і Увейсам аль-Бараві, у гэты перыяд адбываецца адраджэнне ісламу ва Усходняй Афрыцы. Супраціў каланізацыі мусульманскіх земляў афганцамі і махдыстамі натхніў рост руху супраціву іншаверцам і ў Самалі. Саід Махамед Абдыле Хасан, качэўнік з клана Агадэн па нараджэнні, які здзейсніў паломніцтва ў Мекку, адкуль вярнуўся ў Самалі і ў 1895 годзе асеў у Берберы, дзе заняўся місіянерскай дзейнасцю і агітацыяй супраць еўрапейцаў. У сваіх прамовах Хасан заяўляў, што панаванне еўрапейцаў у Самалі раўнасільна знішчэнню веры і культуры яго народа.

У 1899 годзе салдаты Брытанскіх узброеных сіл сустрэліся з Хасанам і прадалі яму табельны пісталет. Адказваючы на пытанне аб страце пісталета, яны сказалі начальству, што Хасан скраў у іх пісталет. Брытанскі віцэ-консул у жорсткіх фармулёўках напісаў яму ліст, патрабуючы неадкладна вярнуць пісталет. Гэта прывяло Хасана ў лютасць і стала падставай да пачатку адкрытага супрацьстаяння. Хасан заклікаў народ да ўзброенай барацьбы з іншаземнымі захопнікамі[2].

Сталіца правіць

 
Талех, сталіца дэрвішаў.

Саід Хасан падчас сваіх паходаў супраць еўрапейскіх і мясцовых уладаў пабудаваў некалькі фартоў па ўсяму Афрыканскаму рогу, каб мець магчымасць бяспечна перамяшчаць свае войскі па паўвостраве. У 1913 годзе, пасля адступлення брытанцаў на ўзбярэжжа, пастаяннай сталіцай і штаб-кватэрай дэрвішаў стаў Талех, вялікі горад, абнесены сцяной з чатырнаццаццю фартамі. Галоўны форт, Сілсілат, уключаў у сябе абнесены сцяной сад і каравульнае памяшканне. Ён стаў рэзідэнцыяй Хасана, яго жонкі, сям’і, бачных самалійскіх ваенных лідараў, а таксама домам для некалькіх турэцкіх, еменскіх і нямецкіх саноўнікаў, архітэктараў, каменячосаў і вытворцаў зброі. Вялікая тэрыторыя на паўночным усходзе Талеха была выкарыстана для вырошчвання збожжа, а вежа Дар-Ілала выкарыстоўвалася ў якасці збожжасховішча. На плошчы Хед-Калдзік адбываліся пакаранні злачынцаў і здраднікаў[3].

Эканоміка правіць

Дзяржава дэрвішаў кантралявала гандлёвыя шляхі, якія вялі з унутраных жывёлагадоўчых раёнаў у партовыя гарады на ўзбярэжжы — Лас-Харэй, Эйл і Іліг. За кошт атрыманых даходаў дзяржава дэрвішаў закупляла за мяжой агнястрэльную зброю, коней і будаўнічыя матэрыялы.

Ваенная арганізацыя правіць

Рэгулярная армія (Maara-weyn) дзяржавы дэрвішаў складалася з сямі палкоў: «Shiikh-yaale», «Gola-weyne», «Taar-gooye», «Indha-badan», «Miinanle», «Dharbash» і «Rag-xun». Кожны полк меў свайго камандзіра («muqaddim») і ўключаў ад 1000 да 4000 салдат. З мясцовага насельніцтва таксама фармавалася апалчэнне. Целаахоўнікі Хасана («gaarhaye») і іншыя старшыя чыноўнікі дзяржавы былі ў асноўным вызваленымі рабамі. Кавалерыя ўключала ад 5000 да 10000 коннікаў. Армія Гасана была экіпіравана сучаснай зброяй, такой як вінтоўкі і кулямёты Максіма. Байцы-дэрвішы выкарыстоўвалі традыцыйны танец-песню «dhaanto», каб падняць свой баявы дух, і часта спявалі яе ў конных пераходах[4].

Войны супраць Італіі, Вялікабрытаніі і Эфіопіі правіць

 
Марскі бой паміж дэрвішамі і брытанскімі маракамі.
 
Дэрвішскі форт Daarta Sayyidka у Эйле.

У 1898 годзе дэрвішы занялі горад Бур’о, важны цэнтр Брытанскага Самаліленда. Хасану таксама ўдалося заключыць мір паміж мясцовымі кланамі і ініцыяваць вялікі сход, дзе прагучаў заклік да насельніцтва ўступіць у вайну супраць захопнікаў.

У 1900 годзе эфіопская экспедыцыя, адпраўленая арыштаваць або забіць Хасана, выкрала вялікую колькасць вярблюдаў у клана Агадэн. У адказ Хасан напаў на эфіопскі гарнізон у Джыджызе і скраў адтуль 2000 вярблюдаў, набыўшы пасля гэтага вялікую папулярнасць у народзе. Вызваленчы рух набіраў абароты.

Да канца 1900 года эфіопскі імператар Менелік II прапанаваў брытанцам правесці сумесную акцыю супраць дэрвішаў. Брытанскі падпалкоўнік Э. Дж. Свейн сабраў пад сваёй камандай 1500 самалійскіх салдат на чале з 21 еўрапейскімі афіцэрамі і 15000 эфіопскіх салдат, з якімі ўзяў Бур’о і Харар. Тым не менш, з 1901 па 1904 год дэрвішы наносілі замежным войскам адно паражэнне за іншым, але 9 студзеня 1904 года былі разбітыя войскамі генерала Чарльза Эгертана і вымушаныя былі адступіць на паўночны ўсход і на поўдзень Самалі.

Па заканчэнні Першай сусветнай вайны брытанцы вырашылі пакончыць з дэрвішамі. Начальнік імперскага Генеральнага штаба сэр Генры Вільсан паведаміў дзяржаўнаму сакратару па справах калоній Альфрэду Мілнеру, што для гэтага спатрэбіцца як мінімум дзве дывізіі, аднак галоўнакамандуючы ВПС Х’ю Трэнчард прапанаваў выкарыстоўваць для знішчэння ўмацаванняў дэрвішаў авіяцыю, заявіўшы, што ў гэтым выпадку для завяршэння аперацыі хопіць наяўных на месцах каланіяльных войскаў. У кампаніі 1920 года брытанцы выкарыстоўвалі 12 бамбардзіроўшчыкаў. Ужо 9 лютага брытанскія каляніяльныя войскі ўвайшлі ў разбомбленную сталіцу дэрвішаў Талех. Упершыню сутыкнуўшыся з самалётамі, войскі дэрвішаў разбегліся; сам Хасан збег у Агадэн усяго з чатырма прыхільнікамі, дзе памёр у снежні ад грыпу.

Правядзенне «самай таннай вайны ў гісторыі» спрыяла вылучэнню брытанскіх ВПС з падпарадкавання арміі ў асобны род войскаў.

Спадчына правіць

 
Лагатып Дэрвішаў Пунтленда — арганізацыі, названай у гонар дэрвішаў Хасана.

Спадчына дэрвішаў у Самалі захавалася ў культурнай спадчыне, гісторыі і грамадстве. У памяць аб героях мінулага ваенны ўрад Самалі на чале з Махамедам Сіядам Барэ паставіў паміж вуліцамі Мака аль-Мукарама (Makka Al Mukarama) і Шабеле (Shabelle) у цэнтры Магадыша тры статуі галоўных герояў Самалі — Махамеда Хасана, кідальніка камянёў і Хава Така. Шматлікія замкі і крэпасці, пабудаваныя дэрвішамі, былі ўключаны ў спіс нацыянальных скарбаў Самалі[5]. Хасан быў таленавітым паэтам[6], і многія з яго вершаў да гэтага часу вывучаюцца ў школах Самалі і нават цытаваліся прэзідэнтамі Самалі ў афіцыйных выступах. Перыяд дзяржавы дэрвішаў — важная, хоць і кароткая, глава ў гісторыі Самалі часоў перыяду еўрапейскай гегемоніі, якая выклікала рух супраціву. Сам Хасан разглядаецца як адзін з «архітэктараў» самалійскай дзяржаўнасці і «бацька нацыі»[7].

Зноскі

  1. Dictionary of African Biography / E. K. Akyeampong, Henry Louis Gates, Jr.NYC: OUP, 2012. — ISBN 978-0-19-538207-5
  2. The Failure of The Daraawiish State: The Clash Between Somali Clanship and State System Abdisalam M. Issa-Salwe — the 5th International Congress of Somali Studies December 1993
  3. Taleh W. A. MacFadyen The Geographical Journal, Vol. 78, No. 2 (Aug., 1931), pp. 125—128
  4. Johnson, John William. Heelloy: Modern Poetry and Songs of the Somali (англ.). — Indiana University Press  (англ.), 1996. — С. 31. — ISBN 1874209812.
  5. Beautiful Somalia — Page 86
  6. SOMALIA: A Nation’s Literary Death Tops Its Political Demise by Said S Samatar
  7. Pg 393 — Literatures in African Languages: Theoretical Issues and Sample Surveys By B. W. Andrzejewski, S. Pilaszewicz, W. Tyloch