«Маямі Долфінс» (англ.: Miami Dolphins, Дэльфіны з Маямі) — прафесійны футбольны клуб з Маямі, штат Фларыда. Каманда была заснавана ў 1966 годзе Джозэфам Робі і першапачаткова выступала ў Амерыканскай футбольнай лізе (АФЛ). Пасля зліцця АФЛ і Нацыянальнай футбольнай лігі (НФЛ) у 1970 годзе «Маямі» стаў выступаць у НФЛ ва Усходнім дывізіёне Амерыканскай футбольнай канферэнцыі. «Долфінс» з’яўляюцца найстарэйшай прафесійнай камандай у штаце Фларыда. Гаспадар клуба — Уэйн Хайзенга. Свае хатнія матчы клуб праводзіць на стадыёне «Долфін».

Гісторыя правіць

«Маямі Долфінс» утварыліся ў 1966 годзе і далучыліся да Амерыканскай футбольнай лігі, як дзявяты член лігі. Заснавальнікамі каманды сталі Джозэф Робі і Денні Томас, якія заплацілі 7,5 мільёна даляраў ЗША за права выступаць у АФЛ. Аднак пазней Робі стаў адзіным уладальнікам клуба. Свой першы сезон «Дэльфіны» скончылі з 4 перамогамі і 10 паразамі. Першым трэнерам каманды быў Джордж Вайлсон, які працаваў з «Долфінс» з 1966 па 1969 год. За свой чатырохгадовы тэрмін знаходжання на гэтай пасадзе «Маямі» выйграў 15 матчаў пры 39 паразах і 2 нічыіх. Аднак, нягледзячы на вынік, у гэты перыяд з’явілася шмат новых гульцоў, такіх як квотэрбэк Боб Грыз, ранінбэк Лары Ксонк і абаронца Лары Літл, якія ўвайшлі пасля заканчэння сваёй кар’еры ў Залу Славы.

У 1970 годзе новы трэнер Дон Шула ўпершыню вывеў «Дольфінс» у плэй-оф, выйграўшы 10 з 14 матчаў рэгулярнага сезону. Наступныя тры сезоны сталі лепшымі ў гісторыі каманды. Маямі тры разы запар (1971, 1972 і 1973) выйграваў званне пераможцы Амерыканскай канферэнцыі і двойчы перамагаў у Супер Боўле (VII і VIII). У 1972 годзе «Маямі» правёў так званы «ідэальны сезон», выйграўшы ўсе матчы ў сезоне (14 гульняў рэгулярнага сезона, 2 гульні плэй-оф і Супер Боўл). З 1970 па 1974 каманда выйграла 65 гульняў, 15 прайграла і адну звяла ў нічыю. Такога поспеху «Долфінс» больш ніколі не дасягалі, але заўсёды заставаліся сярод лідараў лігі, часцяком трапляючы ў плэй-оф.

У 1993 годзе Дон Шула перасягнуў рэкорд Джорджа Халасо, атрымаўшы сваю 324 перамогу ў якасці галоўнага трэнера. Усяго «Маямі» 12 разоў выйграваў Усходні дывізіён АФК і пяць разоў станавіўся пераможцам сваёй канферэнцыі. Апошнія два разы гэта здарылася ў 1982 і 1984 гадах. У сезоне 1983 года ў складзе «Долфінс» з’явіўся квотэрбэк Дэн Марына, які ўсталяваў затым некалькі рэкордаў лігі.

«Дэльфіны» з самага пачатку гулялі хатнія матчы на стадыёне «Орандж Боўл» у Маямі. У 1973 годзе заўзятары ўсталявалі рэкорд НФЛ — 74.961 гледачоў у сярэднім за адну гульню ў сезоне. З 1987 года каманда праводзіла свае хатнія матчы на сваім уласным стадыёне, які пасля некалькіх зменаў назвы, цяпер завецца «Sun Life Stadium».

7 студзеня 1990 года Джо Робі памёр. У 1990-х гадах каманда толькі тры разы не выходзіла ў плэй-оф, аднак ніякага поспеху там дамагчыся не змагла. У апошні раз «Маямі» ўдзельнічаў у плэй-оф у 2001 годзе, дзе ў плэй-оф Wild-Card саступіў «Балтымар Рэйвенс».

Сезон 2007 стаў самым няўдалым для «Маямі» за ўсю гісторыю клуба. Каманда прайграла першыя чатырнаццаць гульняў, адну з якіх праводзіла ў Лондане, на стадыёне Уэмблі супраць «Нью-Ёрк Джайентс» — гэта была першая гульня рэгулярнага сезона ў гісторыі НФЛ за межамі Паўночнай Амерыкі. Серыя паражэнняў з 16 матчаў (уключаючы папярэдні сезон) скончылася толькі ў хатняй гульні 15 тыдня з «Балтымар Рэйвенс», якая адбылася 16 снежня. У авертайме пасля паса Клео Лемана на 64 ярды, Грэг Камарылло прынёс першую перамогу «Долфінс» за апошні год.

Дасягненні правіць

Пераможца чэмпіянату лігі (2)

Пераможца канферэнцыі (4)

Пераможца дывізіёна (10)

Спасылкі правіць