Азёры (археалагічныя помнікі)

Азёры — археалагічныя помнікі: стаянкі і селішча каля аграгар. Азёры (Гродзенскі раён). Вядомы з XIX ст. Стаянку—1 выявіў у 1958 г. Л. С. Клейн. Стаянкі—2, 3, 4 і селішча даследаваў у 1972, 1986 гг. Міх. М. Чарняўскі.

Стаянка—1

правіць

Знаходзіцца за 3 км ад вёскі, на паўночна-захаднім беразе воз. Рыбніца, на пясчаным плато вышынёй 5 м над узроўнем вады. Памеры 250х120 м. Верхняя частка культурнага пласта разараная. Пераважная большасць знаходак — пласціністыя крамянёвыя вырабы (нажы, лістападобныя наканечнікі стрэл, канцавыя скрабкі, скоблі, рэтушаваныя разцы і інш.) фінальнага палеаліту і мезаліту, адзінкавыя рэчы бронзавага веку.

Стаянкі—2, 3, 4

правіць

За 0,8—1 км на поўдзень ад стаянкі—1, на адлегласці 0,2—0,5 км адна ад адной. Найбольш значная з іх — стаянка—4 на ўзгорыстым выгіне заходняга берага воз. Рыбніца. Яе памеры 140х50 м. Культурны пласт да 0,5 м. Сярод знаходак крамянёвыя прылады працы, фрагменты глінянага посуду неалітычнай нёманскай культуры, кераміка бронзавага веку.

Селішча

правіць

Знаходзіцца за 100 м на паўднёвым захадзе ад стаянкі—4, на ўзгорку прыазёрнага балота. Памеры 60х60 м, вышыня 1,5 м. Культурны пласт да 0,5 м. Знойдзены ганчарная кераміка позняга сярэдневякоўя, перапаленыя камяні ад печаў. Нешматлікія расшчэпленыя крамяні сведчаць, што ў каменным веку тут знаходзілася невялікая стаянка. Помнік пашкоджаны пры ўзвядзенні дачных будынкаў. На паўднёвы захад ад селішча, за вусцем меліяраванай рэчкі, на ўзвышэннях паўночнага берага заходняй азёрнай затокі сустракаюцца стаянкі каменнага веку.

Літаратура

правіць
  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Института истории Академии наук БССР. Вып. 1: Памятники каменного века / В. Ф. Исаенко; под ред. В. Д. Будько и Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1968. — 125, [1] с.
  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Института истории Академии наук БССР. Вып. 3: Памятники бронзового века / В. Ф. Исаенко; под ред. Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1976. — 149, [2] с.
  • Чарняўскі, Міх. М. Азёры / Міх. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 23. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Чарняўскі, М. М. Азёры / М. М. Чарняўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 29. — ISBN 5-85700-077-7.

Спасылкі

правіць