Апокрысіс

(Пасля перасылкі з Апакрысіс)

«Апо́крысіс» (грэч. άπόκρισις — адказ) — антыўніяцкі палемічны твор 16 стагоддзя, выдадзены на польскай (1597) і старабеларускай (стараўкраінскай) (1598) мовах як адказ на творы П. Скаргі.

Апокрысіс
Выданне
Тытульная старонка «Апокрысіса»
Мова арыгінала старабеларуская мова
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Поўная назва: «ΑΠΟΚΡΙΣΙΣ, abo odpowiedź na xiążki o Synodzie Brzeskim imieniem ludzi starożytney religiey Greckiey, przez Christophora Philaletha w porywczą dana» альбо «Апокрисис альбо Одповідь на книжки о соборі Берестейськім іменем людій віри старожитно-гречеської через Христофора Філалета врихлі дана».

Напісаны Хрыстафорам Філалетам. Існуе гіпотэза, што пад псеўданімам Філалет (грэч. φιλαλήτος) пісаў Марцін Бранеўскі — «паляк-пратэстант пад маскай праваслаўнага русіна»[1], вядомы польскі пісьменнік і храніст, паплечнік князя К. Астрожскага, сын Пракопа Бранеўскага.

У сваім вершы «Книжка до минаючих мовит», змешчаным у палемічным трактаце, ён звяртаецца да чытача вуснамі самой кнігі, якая «Ответ к римляном православных содержаще», і дакарае праціўнікаў каталіцызму за маўчанне: «Иже егда прежде веру целу имяще // И неуничиженны отец преданиа, // Все бяху тогда желающе молчаниа»[2].

Тэмы правіць

Галоўныя тэмы «Апокрысіса» — абарона Канстанцінопальскай патрыярхіі і пераход Праваслаўнай царквы ВКЛ пад уладу Папы Рымскага.

Найперш, з дапамогай гістарычных прыкладаў Х. Філалет аспрэчвае довад П. Скаргі пра тое, што кожная паняволеная Царква — бязбожная, варожая Госпаду, а яе рабаванне паганымі нібыта з’яўляецца пацверджаннем Божага пакарання за грахі. Аўтар «Апокрысіса» выказвае спадзяванні, што Канстанцінопаль з часам абавязкова скіне турэцкае ярмо і верне колішнюю веліч, таму не варта пакідаць яго ў сапраўды чорную часіну і бегчы, шукаючы матэрыяльных дабротаў пад уладу Рыма. Х. Філалет пісаў, што праваслаўны люд Вялікага Княства не страціў павагі да сваіх пастыраў — канстанцінопальскіх патрыярхаў і не пяройдзе ў падпарадкаванне рымскіх біскупаў.

Апалогія Канстанцінопальскай патрыярхіі суправаджалася вострай крытыкай Рыма. Адказваючы П. Скаргу, палеміст падкрэсліваў, што менавіта ў Рымскім касцёле, а не ў Грэчаскай царкве пашыраны святакупствы і сіманія. На думку Х. Філалета, глыбокі крызіс ахапіў Каталіцкі касцёл, прычым адрозненне ад паняволенай Царквы ў Касцёле заганныя з’явы ўкараняюцца «добраахвотна, свядома і адмыслова». Выразную праяву крызісу Канстанцінопальскага патрыярхату — частую змену патрыярхаў, варажнечу паміж імі, прызначэнне на пасад адразу некалькіх іерархаў — аўтар адносіць да ўмешавання ў духоўныя справы турэцкіх тыранаў. Баронячы Канстанцінопаль, пісьменнік зазначыў, што ў каталікоў варажнечы нашмат болей і прыгадаў ажно 21 выпадак узброенай барацьбы біскупаў за рымскі пасад.

Таксама, асвятляючы тэму падзелу хрысціянскай царквы на Заходнюю і Усходнюю, Х. Філалет назваў гэта трагічнай недарэчнасцю, найвялікшай бядою і ўсю віну за разрыў адзінай Царквы ўскладаў на рымскіх пап. Паводле яго сцверджання, раскол зыходзіў менавіта ад рымскіх біскупаў, якія вызначаліся несумленнасцю, фанаберыяй і высокімі амбіцыямі.

Абапіраючыся на факты, Х. Філалет пераканаўча даказваў, што саюз уніяцкіх епіскапаў з рымска-каталіцкай царквой быў абумоўлены выключна зямнымі інтарэсамі: жаданнем дамагчыся матэрыльных выгод, высокіх дзяржаўных пасад, рэлігійных прывілеяў i палітычных правоў. Таксама аўтар лічыў, што гвалтоўнае пашырэнне царкоўнай уніі i абмежаванне правоў праваслаўнага беларускага насельніцтва могуць падштурхнуць дзяржаву ў полымя сялянскай вайны, падкрэсліваў, што знявага інтарэсаў праваслаўнай апазіцыі i здзекі над яе сумленнем непазбежна прывядуць да класавага антаганізму, у выніку якога рэлігійная барацьба перарасце ў барацьбу сацыяльную[3].

Крыніцы правіць

У сваім «Апокрысісе» Х. Філалет надрукаваў гістарычныя дакументы, якія выконвалі функцыю аргументаў падчас яго дыскусій з апанентамі: два прывілеі Жыгімонта Аўгуста 1569 г. Кіеўскай і Валынскай землям, Канстытуцыю 1573 г., прывілеі Стэфана Баторыя 1576, 1584 і 1585 гг., прывілей Жыгімонта Вазы патрыярху Ерамію 1589 г. і інш. Філалет таксама выпісаў у Варшаве з соймавых кніг пратэстацыі кіеўскага ваяводы К. Астрожскага і праваслаўных паслоў на чале з князем Юрыем Друцкім-Сакалінскім 1596 г. Вельмі каштоўныя як гістарычныя дакументы, упершыню змешчаныя ў гэтым творы — прывілеі караля Жыгімонта III Вазы ад 2 лістапада 1592 г., ад 18 сакавіка 1592 г. і ад 2 лістапада 1595 г.

Зноскі

  1. Ігор Шевченко. Україна між Сходом і Заходом. Нарис 10. Архівавана 3 чэрвеня 2011.
  2. Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 22—23. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9
  3. Філалет // Спадчына

Літаратура правіць

  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 505—510

Спасылкі правіць