Апалоній Дыскол (II ст. н.э.) — старажытнарымскі граматык, аўтар больш як 30 прац, прысвечаных марфалогіі, сінтаксісу, грэчаскім дыялектам і інш.

Апалоній Дыскол
Дата нараджэння II стагоддзе
Месца нараджэння
Дата смерці II стагоддзе
Месца смерці
Дзеці Элій Герадыян[d]
Род дзейнасці граматык

Лінгвістычныя даследаванні правіць

Падрабязна асвятліў пытанні марфалогіі, даваў вычарпальныя для таго часу азначэнні часцін мовы і іх акцыдэнцый (граматычных катэгорый). Часціны мовы (восем) размяшчаў у пэўнай паслядоўнасці, якая, на яго думку, не выпадковая, а вызначаецца ступенню іх залежнасці. Першае месца адводзілася імю, другое — дзеяслову, трэцяе — дзеепрыметніку (мае ўласцівасці імя і дзеяслова), чацвёртае — артыклю, пятае — займенніку, шостае — прыназоўніку, сёмае — прыслоўю і, нарэшце, восьмае — злучніку. Усе часціны мовы Апалоній падзяляў на скланяльныя (імя, дзеепрыметнік, член, займеннік), зменныя па часах і асобах (дзеяслоў) і нескланяльныя (прыназоўнік, прыслоўе, злучнік). Ён упершыню даў азначэнне катэгорыі ліку, вылучаў тыя ж склоны, што і Дыянісій Фракійскі, падрабязна апісаў акцыдэнцыі дзеяслова (лад, час, трыванне і інш.). Лічыцца, што па колькасці пастаўленых пытанняў і іх асвятленню марфалагічнае даследаванне Дысколам часцін мовы — самая значная граматычная праца антычнасці.

Сінтаксічныя погляды Апалонія Дыскола выкладзены ў яго 4-томнай працы «Пра сінтаксіс часцін мовы». Галоўны прадмет сінтаксісу, на яго думку, заключаецца ў тлумачэнні прынцыпаў аб’яднання асобных слоў у сказ. Значнае месца адводзіцца разгляду спалучальнасці слоў розных часцін мовы (артыкля з імёнамі, займеннікамі, дзеяслова і прыназоўніка з іншымі часцінамі мовы), а таксама іх сінтаксічных уласцівасцей і сінтаксічных функцый. Паводле Апалонія, характар сінтаксічнай спалучальнасці слоў залежыць ад прыналежнасці іх да пэўнай часціны мовы. Ён разглядаў галоўныя і даданыя члены сказа, сінтаксічныя сувязі слоў, віды сказаў і інш., аднак спецыяльных тэрмінаў для іх абазначэння ў Апалонія яшчэ не было. Надаваў таксама ўвагу разгляду сінтаксічных памылак і іншым пытанням.

Сінтаксічнае вучэнне Апалонія Дыскола сур’ёзна паўплывала на станаўленне і развіццё старажытнарымскай граматычнай навукі.

У працы Апалонія Дыскола «Аб сінтаксісе» разгледжаны сінтаксічныя функцыі часцін мовы, дадзена азначэнне сказа як злучэння слоў, якое выражае закончаную думку, што выкарыстоўваецца ў сучасных школьных падручніках па граматыцы.

Літаратура правіць

  • Рагаўцоў В. І. Гісторыя мовазнаўства: вучэб. дапам. / В. І. Рагаўцоў. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшоў, 2005. — С. 58−59.
  • Плотнікаў Б. А. Агульнае мовазнаўства: вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ. — Мн.: Універсітэцкае, 1994. — С. 320.