Апанас Пятровіч Цыхун

беларускі паэт, грамадскі дзеяч

Апанас Пятровіч Цыхун (5 мая 1910, в. Кунцаўшчына, Гродзенскі раён — 10 сакавіка 2005) — беларускі паэт, грамадскі дзеяч, ветэран Другой сусветнай вайны, заслужаны настаўнік Беларусі, фалькларыст, краязнаўца, літаратар і аўтар шматлікіх кніг.

Апанас Пятровіч Цыхун
Род дзейнасці пісьменнік, паэт, грамадскі дзеяч, фалькларыст, краязнавец
Дата нараджэння 5 мая 1910(1910-05-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 сакавіка 2005(2005-03-10) (94 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у вёсцы Лаша, сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гродзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі быў залічаны ў настаўніцкую семінарыю ў Гродне, аднак з-за адсутнасці сродкаў на аплату вучобы вымушаны быў вярнуцца ў родную вёску. Ужо тады ён пачаў збіраць і запісваць мясцовыя дыялекты. У 1927—1932 гадах вучыўся ў Гродзенскай настаўніцкай семінарыі.

Удзельнічаў у Другой сусветнай вайне, у 1939 годзе абараняў Варшаву ад нямецкіх захопнікаў.

Пасля вайны, завочна скончыўшы Гродзенскі педінстытут, працаваў настаўнікам і дырэктарам школ Гродзеншчыны: завучам Лашанскай сямігадовай школы, дырэктарам Капцёўскай сямігадовай школы, настаўнікам СШ № 2 г. Гродна, дырэктарам Каўбасінскай пачатковай і Батароўскай васьмігадовай школ. Многія гады быў інспектарам аддзела народнай адукацыі Гродзенскага раёна. Узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Сельская новь».

З 1937 года да канца жыцця пражываў у горадзе Гродна.

Творчасць правіць

Апанас Цыхун аддаваў шмат часу і ўвагі вывучэнню гісторыі і культуры, прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, збору твораў вуснай народнай творчасці. Сэнсам жыцця для яго стала краязнаўства і менавіта дзякуючы яму шырокая грамадскасць даведалася пра многія цікавыя звесткі пра Гродзеншчыну.

Выдаў унікальны для Беларусі слоўнік «Скарбы народнай мовы» (1993). У 1995 годзе выйшла кніга паэзіі «Легенды і балады Гродзеншчыны». Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік «Песні з народных глыбіняў» (2000). А.Цыхун даследаваў і прапагандаваў навуковую спадчыну акадэміка Я. Ф. Карскага: напісаў краязнаўча-біяграфічны нарыс «Акадэмік з вёскі Лаша», сабраў матэрыялы і стварыў першы і адзіны ў СССР музей Я. Ф. Карскага на радзіме вучонага ў вёсцы Лаша. Пасля закрыцця навучальнай установы Апанас Цыхун быў каардынатарам аргкамітэта па стварэнні музея акадэміка Я.Карскага ў гімназіі № 1 г. Гродна. Выступіў ініцыятарам усталявання помніка-валуна князю Давыду Гарадзенскаму і рэканструкцыі помніка роду Карскіх у Лашы.

Напісаў верш «Родная мова», які разам з заслужаным дзеячам культуры кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім быў дапрацаваны і пакладзены на музыку. Атрымаўся своеасаблівы гімн беларускай мове.

Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.Цыхуна «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны» (2003).

Памяць правіць

У музеі Я. Карскага гімназіі № 1 горада Гродна зроблены стэнд, прысвечаны памяці А. П. Цыхуна. У музеі СВК імя Дзеньшчыкова аграгарадка Луцкаўляны (Гродзенскі раён) захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы краязнаўца.

Адна з вуліц Гродна названа ў гонар Апанаса Цыхуна[1].

Зноскі

Спасылкі правіць