Арэска-Глускі вал
Арэ́ска-Глускі вал — тэктанічная структура ў Любанскім, Старадарожскім і Глускім раёнах Беларусі, у межах прыўзнятай прыразломнай часткі Рэчыцка-Шацілкаўскай ступені Прыпяцкага прагіну.
Выдзяляецца па паверхні саляноснай тоўшчы. Аб’ядноўвае Паўночна-Арэскі структурны нос, Драздоўскую, Усходне-Драздоўскую і Глускую брахіантыкліналі. Арыентаваны на паўночны захад, даўжыня 60 км, шырыня 5-7 км. Паверхня саляноснай тоўшчы ў скляпеннях падняццяў на глыбіні 300—400 м, перавышэнне над сумежнымі сінкліналямі 100—200 м.
Усе падняцці вала адлюстарваныя, прыразломныя, не ўскладняюцца саляным тэктагенезам. Арэска-Глускі вал фарміраваўся ў выніку блокавых пасоўванняў у працэсе намнажэння салявых адкладаў. Скляпенні ссунуты на 2-3 км на поўнач ад падняццяў прыразломнай зоны Рэчыцка-Шацілкаўскай ступені.
Літаратура
правіць- Канішчаў В. С.. Арэска-Глускі вал // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 132. — 575 с., іл. — 10 000 экз.