Арэстэ Саламонэ
Арэстэ Саламонэ (італ.: Oreste Salomone; 20 верасня 1879 — 2 лютага 1918) — італьянскі лётчык, удзельнік Першай сусветнай вайны.
Арэстэ Саламонэ | |
---|---|
італ.: Oreste Salomone | |
Дата нараджэння | 20 верасня 1879 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 лютага 1918 (38 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | Каралеўства Італія |
Род войскаў | пяхота, ваенна-паветраныя сілы |
Гады службы | 1897—1918 |
Званне | маёр |
Бітвы/войны | Італа-турэцкая вайна, Першая сусветная вайна |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
24 красавіка 1914 года пабіў рэкорд вышыні палёту сярод італьянскіх пілотаў, дасягнуўшы вышыні 4700 метраў[1].
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў Капуі 20 верасня 1879 года[2], у сям’і Мікеле Саламонэ і Марыі Джузэпы, народжанай Валета[3]. У верасні 1897 года быў прызваны на службу ў каралеўскую армію, дзе яго вызначалі ў 76-ы пяхотны полк Неапаля. Пазней Саламонэ вырашыў застацца ў войсках на пастаяннай аснове. 31 кастрычніка 1902 года паступіў у Каралеўскую ваенную акадэмію Мадэны[1], якую скончыў у званні другога лейтэнанта. У верасні 1904 года быў прызначаны ў 7-ы пяхотны полк[3]. У студзені 1907 года Саламонэ перавялі ў ахову ваеннага склада ў Гаэце, а ў верасні таго ж года ён быў павышаны да звання лейтэнанта[1][3].
З пачаткам італа-турэцкай вайны змагаўся ў Лівіі[3], дзе трапіў у авіяцыю ў якасці паветранага назіральніка[4]. У жніўні 1912 года атрымаў ліцэнзію пілота для палётаў на манаплане Blériot XI[1]. З сакавіка 1913 года Саламонэ служыў у Табруку, дзе правёў некалькі паспяховых разведвальных палётаў[3] і быў узнагароджаны сярэбраным медалём «За ваенную доблесць»[1]. У лістападзе быў накіраваны ў Францыю, каб асвоіць новыя мадэлі самалётаў. 24 красавіка 1914 года Саламонэ пабіў рэкорд вышыні палёту сярод італьянскіх пілотаў, дасягнуўшы вышыні 4700 метраў[1].
У ліпені 1915 года, з уступленнем Італіі ў Першую сусветную, быў вызначаны ў 8-ю разведвальную эскадрыллю[1][2], дзе лятаў на знішчальніку Macchi-Nieuport Ni.10. 1 верасня прыкамандзіраваны да 2-й разведвальна-баявой эскадрыллі.
18 лютага 1916 года Саламонэ прыняў удзел у атацы італьянскай авіяцыі на аўстра-венгерскія ваенныя аб’екты ў Любляне, у адказ на бамбардзіроўку Мілана, здзейсненую паветранымі сіламі праціўніка за некалькі дзён да гэтага[1]. Падчас авіяналёту вялікая частка самалётаў з яго эскадрыллі была знішчана. Самалёт самога Саламонэ атрымаў пашкоджанні[5].
Пазней ён стаў камандзірам 1-й эскадрыллі, якая пад яго кіраўніцтвам удзельнічала ў бамбардзіроўцы Трыеста[5]. Пасля бітвы пры Капареце Саламонэ павысілі да звання маёра[1].
Увечары, 2 лютага 1918 года, вяртаючыся з начнога рэйду, з-за дрэннай бачнасці, выкліканай туманам, Саламонэ ўрэзаўся ў будынак. Ён, лейтэнант-назіральнік Марыяна Д’яла-Годай і лётчык-сяржант Антоніа Порта загінулі. Чацвёртаму члену экіпажа, сяржанту Сільвіё П’евезану, удалося выжыць[1]. Цела Саламонэ першапачаткова было пахавана на могілках у Падуі. Пазней астанкі лётчыка ўрачыста перапахавалі на малой радзіме ў Капуі.
Памяць
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- Domenico Ludovico, Gli aviatori italiani nel bombardamento nella guerra 1915—1918, Roma, Stato Maggiore dell’Aeronautica Militare, 1980.
- Roberto Mandel, La guerra aerea, Milano, Edizioni Aurora, 1934.
- Guido Maisto, AD Astra. Pionieri Napoletani del Volo, Editrice «La Via Azzurra», 1948.
- Mancini L. Grande Enciclopedia Aeronautica : [итал.]. — Milano : Edizioni Aeronautica, 1936. — 660 p.
- Ufficio Storico dell’Aeronautica Militare, Testi delle motivazioni di concessione delle Medaglie d’Oro al Valor Militare, Roma, Stato Maggiore dell’Aeronautica Militare, 1969.
Спасылкі
правіць- Sito ufficiale dell'Aeroporto Oreste Salomone(недаступная спасылка). www.comunedicapua.it. Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2018. Праверана 21.10.2018. (італ.)