Багач

восеньскае свята

Багач (Нараджэнне Божай Маці[1], Багатнік, Багатуха, Гаспожка Багатая, Другая Багародзіца, Раство, Другая Спажа, Другая, Малая, Меншая Прачыстая, Зельная, Другі святок, Спожка) — свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю і адначасова змяшчала абрадава-міфалагічны акцэнт на сацыяльна-абшчынны характар уяўленняў (21 верасня па н. ст.). Багач — лубок з жытам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Жыта для Багача зносілі жыхары ўсёй вёскі. Паводле апісання А. Багдановіча [крыніца?], у хату, дзе знаходзіўся Багач, запрашалі святара. Пасля набажэнства лубок з жытам і запаленай свечкай у суправаджэнні ўсіх жыхароў абносіўся па ўсёй вёсцы і вакол статка. Затым удзельнікі ішлі да наступнай хаты, у якую на цэлы год пераносіўся Багач. Відавочная магічная скіраванасць абраду на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.

Багач
Багач
«Багач». Памятная манета Нацыянальнага банку Беларусі (2005)
Тып народна-хрысціянскі
інакш Нараджэнне Божай Маці, Раство, Другая, Малая, Меншая Прачыстая
Значэнне свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю
Адзначаецца ўсходнімі славянамі
Дата 8 (21) верасня
Традыцыі лубок з жытам і падпаленай свечкай абносілі вакол вёскі
Звязана з восеньскага раўнадзенства

Славянскія звычаі

правіць

Багач у сістэме календара вылучаецца як свята, максімальна набліжанае да ўзвіжанскіх «сонечных» урачыстасцей. Запаленая свечка як правобраз сонца, крыніцы святла суадносіць абрад са святкаваннем восеньскага раўнадзенства. Аб'яднанне свечкі і зерня як сімвала дабрабыту навочна дэманстравала тыповае для міфапаэтычнага мыслення ўяўленне пра Сонца — жыццядайнага апекуна земляробства.

Святочны дзень не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: «Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс араць», «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку». Ад цяжкіх работ пад восень сяляне добра стамляліся, асабліва жанчыны: «Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы». На Віцебшчыне ў гэты дзень жанчыны хадзілі па льнянішчы і прыгаворвалі: «Няхай будзе лён такей даўгей, сколькі мы прайшлі!» У заходніх раёнах на Багача білі жывёліну, а гаспадара, які шкадаваў зарэзаць барана, перасцерагалі, што таго барана воўк парве. Назіралі за жывёлай, каб рабіць прагнозы з наступленнем зімы: калі пасля Малой Прачыстай жывёла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Сапраўды, прадчуваючы зазімак, жывёла рвецца, каб у апошнія дні болей скубнуць свежай травы. Вялікая і Малая Прачыстыя і з імі Пакроў, што адзначаўся неўзабаве, утваралі агульны цыкл багародзіцкіх святаў (святкоў) і адпаведна называліся: першы святок, другі святок і трэці. 3 Малой Прачыстай аб'яўлялі наступную пару года: «Другі святок — восень, браток».

На 21 верасня н. ст. прыпадае адно з галоўных хрысціянскіх святаў, устаноўленых у гонар нараджэння Божай Маці. Два праведнікі — муж і жонка Іякім і Ганна — не мелі дзяцей і малілі Бога паслаць ім дзіця. Іх малітва была пачута. Нібыта цуд, Бог паслаў старым бацькам дачку Марыю, якая ў будучым стала Маці Ісуса Хрыста[2].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Напісанне свята "Нараджэнне Божай Маці" ў адпаведнасці з Энцыклапедычным слоўнікам рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У.М. Завальнюк, М.Р. Прыгодзіч, В.К. Раманцэвіч. – Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. ISBN 978-985-6954-73-6. С.85.
  2. Беларуская міфалогія 2004, с. 38.

Літаратура

правіць