У гэтага тэрміна існуе і іншае значэнне, гл. Пакроў Прасвятой Багародзіцы

Пакроў (Пакравы, Пакрова): 1 (14) кастрычніка — царкоўнае тлумачэнне літаральнае: пакроў (пакрывала) Божай Маці; у народнай трактоўцы паняцце атрымала больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «...рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом»; «Святэй Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.

Пакровы
Пакровы
Ф. В. Сычкоў. За працай. Сяброўкі. 1935
Тып народна-хрысціянскі
інакш Пакравы, Пакрова, Трэцяя Прачыстая
таксама Пакроў Прасвятой Багародзіцы (хрысц.)
Значэнне зіма закрывае лета
Адзначаецца ўсходнімі славянамі
Дата (14) кастрычніка
Традыцыі пачатак вясельнага сезона, вячэрнія пасядзелкі

Славянскія звычаіПравіць

На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будыніны, прыкладаючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэхі. Прыгадаем, што абыходзілі з хлебам палеткі вясною і менавіта на Юр'я, калі зямля «адмыкаецца» ад сіл, якія скавалі яе. Юр'е і Пакроў яднаюцца між сабою тым, што з першым звязаны выган жывёлы пасля зімы, а з другім — пачатак зімавання скаціны ў хляве («Пакрова — зарыкала ў хляве карова»). На Пакроў трэба было закласці ў яслі корму, нават калі жывёла была сытая: «На Пакровы дай сена карове». Дзякуючы фанетычнай сугучнасці свята Пакрова сабрала шмат прыкмет і парадаў, звязаных з каровамі: «Прыйшла Пакроўка — не дала малака кароўка» (г.зн. запускаецца) або — у дачыненні да нерухавага гаспадара: «Хто сее на Пакрове — не будзе мець чаго даць карове».

Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор'я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года: «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу»; «Якое надвор'е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны»; «Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ дзве нядзелі»; «Калі ад Пакроў да свята Усіх Святых (1.11) краты зямлю точаць, то зіма будзе снежна і марозліва». Асабліва пільна сачылі на Пакрова за напрамкам ветру: з якога боку ён быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен дзьмуць галоўным чынам і ў бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач — холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы — мяккую, гнілую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зіма будзе маласнежная, заходні — наадварот, вельмі снежная. Прагноз на свае поспехі ці няўдачы рабілі некалі ў Барысаўскім павеце пчаляры: дажджлівы дзень Пакрова — прыкмета таго, што на наступны год пчолы збяруць багата мёду. Ва Усходняй Беларусі свята Пакрова абазначала канец гнусу. На Магілёўшчыне казалі «Прійдзець Прячыстыя - пабярець мух нячыстыя».

У гэту вясельную пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест, а тыя напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. На Брэстчыне набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу — куды вецер панясе, туды і замуж ісці. У іншых мясцінах пяклі салёныя блінцы і перад сном з'ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. Як сцвярджала прыказка: «Ад Пакрова ўжо дзеўка гатова». З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): «Пакравы прыйдуць — дзеўцы галаву накрыюць». Калі ж вяселле на гэты раз абмінала хату, то «Праходзіць Пакрова — раве дзеўка, бы карова».[1]

Вытокі народнай трактоўцы Пакрова — у старажытным славянскім земляробчым свяце якое прыпадала на гэты дзень (1.10 па ст.ст.), які лічыўся пераломным момантам у жыцці прыроды. Да яго звычайна завяршаліся ўсе работы на полі і ў садзе, уцяпляліся жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Пасля Пакрова ў сялянскім жыцці пачынаўся новы цыкл работ — нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне і г.д. («На пакровы дай сена карове», «Прыйшлі пакровы, пытаюць, ці да зімы гатовы»). Пасля Пакрова пачыналася пара вяселляў. У гэты дзень, у залежнасці ад прыродных умоў, жывёле скармлівалі пажынальны сноп. Лічылася, што яна падрыхтавана да зімы. З Пакрову пачыналіся попрадкі (вячоркі, супрадкі), якія працягваліся да Вялікадня.

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

  1. Васілевіч Ул. …

ЛітаратураПравіць