Бамба́рда (фр.: bombarde) — тып гарматы, які быў на ўзбраенні ў Еўропе ў 14 — 16 стагоддзях; адзін з першых еўрапейскіх тыпаў гармат. Ужываўся пры аблозе і абароне крэпасцяў.

Бамбарда XV ст.
Дзве бамбарды абстрэльваюць крэпасць; яны абароненыя драўлянымі тынамі (зверху справа). Трэцяя гармата страляе з-пад паваротнага шчыта (ніжэй). Малюнак аўтарства Maître du Champion des dames у рукапісе перыяду 1465—1475.

Апісанне

правіць

Ствол жалезна-каванай, пазней — бронзава-літай канструкцыі, адносна кароткі (5 — 6 калібраў) і тоўстасценны. Калібр да 1000 мм, маса да 14—19 т. Маса каменнага ядра да 300—400 кг; дальнасць стральбы да 700 м[1], у іншых крыніцах — да 200 м[2]. Зарадная камора магла быць меншага дыяметру. Лафет звычайна брусовы, радзей колавы.

Гісторыя

правіць

Тып бамбарды як абложнай гарматы асабліва вялікага калібру быў выпрацаваны на працягу 14 ст.[2] і заставаўся на ўзбраенні даволі доўга; яшчэ ў сярэдзіне 16 ст. бамбардамі ўзбройваліся караблі міжземнаморскіх флотаў дзяржаў Еўропы і Асманскай імперыі.

Назвы ўзораў гармат і ручной агнястрэльнай зброі ў Заходняй Еўропе на працягу 14–15 ст. не ўтваралі ніякай сістэмы. Прытым, пачынаючы прыблізна з 2-й чвэрці 15 ст., гарматы і ручная зброя ў Еўропе распаўсюджваліся ўсё больш, а іх узоры пастаянна дыферэнцыяваліся — у залежнасці ад баявога прызначэння і па меры развіцця тэхнікі. На працягу ўсяго гэтага часу ўзоры з моцна рознымі памерам, калібрам, даўжынёй ствала маглі называцца адной назвай, і наадварот, аднолькавыя ўзоры маглі называцца рознымі назвамі — у залежнасці ад часу і месца паходжання, часу і месца ўкладання гістарычнага дакумента і г. д.

Па меры замацавання стандартызацыі артылерыі на працягу 16 стагоддзя існавалыя на той час узоры гармат паступова набывалі ўстойлівыя назвы.[3]

Тып бамбарды (як і canon — даўгаствольная пушка) меў устойлівую назву ўжо на пачатку 15 ст.

Некаторыя гістарычна вядомыя бамбарды: канстанцінопальская бамбарда, Dulle Griet.

Зноскі

  1. Характарыстыкі паводле: Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М.: Воениздат, 1983. — 863 с. (руск.) С.95.
  2. а б Medieval weapons : an illustrated history of their impact / K. DeVries, R.D. Smith. ABC-CLIO, 2007., P.198.
  3. Medieval weapons : an illustrated history of their impact / K. DeVries, R.D. Smith. ABC-CLIO, 2007. P. 198–201.