Банапарты

французская імператарская дынастыя

Банапа́рты; адз. лік у італьянскім вымаўленні Буанапа́ртэ, у французскім Банапа́рт (італ.: Buonaparte, фр.: Bonaparte) — дваранская сям’я карсіканскага паходжання, якая стала ў 1804, пасля таго, як Напалеон I Банапарт абвясціў сябе імператарам французаў (Першая імперыя), кіруючай дынастыяй Францыі.

Герб дому Банапартаў

Пазней Напалеон узвёў на рад еўрапейскіх прастолаў сваіх братоў, сясцёр, пасерба (Яўгена Багарнэ). Такім чынам, Банапарты сталі каралеўскім ці герцагскім домам у гэтых краінах. Самастойнай палітыкі яны не вялі, Напалеон некалькі разоў пераводзіў іх з прастола на прастол. Пасля падзення Напалеона ў 1814 усе яго сваякі таксама страцілі ўладу.

Пасля смерці Напалеона I у 1821 годзе галавой сям’і намінальна стаў яго сын, так званы Напалеон II, які нарадзіўся ў 1811 і выхоўваўся пры двары дзеда Франца I Аўстрыйскага як аўстрыйскі эрцгерцаг. У 1832 годзе малады чалавек сканаў ад сухот, і дом узначаліў яго стрыечны брат, сын былога галандскага караля Луі Банапарта, прынц Луі Напалеон Банапарт. Пасля рада авантурных спроб захапіць прастол, Луі Напалеон быў абраны ў 1848 прэзідэнтам французскай Другой рэспублікі, а ў 1852 годзе абвясціў сябе імператарам як Напалеон III (Другая імперыя).

Напалеон III быў звергнуты ў 1870 г. і памёр у 1873 г. Яго адзіны сын, Напалеон Эжэн Жан Жазеф (так званы Напалеон IV), загінуў у Паўднёвай Афрыцы на вайне з зулусамі ў 1879. Пасля яго гібелі вяршэнства ў доме перайшло да нашчадкаў Жэрома Банапарта. Гэтая лінія працягваецца і цяпер, з’яўляючыся адзінай бесперапыннай мужчынскай лініяй сям’і Банапартаў. У мінулым былі і іншыя бакавыя лініі Банапартаў (у прыватнасці, у ЗША).

Да Банапартаў адносяць таксама сям’ю Багарнэ (патомства першай жонкі Напалеона I імператрыцы Жазэфіны ад першага шлюбу). Бліжэйшыя сваякі Банапарта — прынцы Мюраты (нашчадкі маршала і неапалітанскага караля Іаахіма Мюрата і сястры Напалеона I Караліны).

Гл. таксама

правіць