Баярскі спуск (Гомель)

Баярскі спуск (вядомы таксама як Білецкі спуск) — спуск да ракі Сож у Гомелі, пралягае ад рога вуліц Білецкага і Баўмана да набярэжнай.

Атмасфера Баярскага спуску, верасень 2021 г.
Баярскі спуск, верасень 2021 г.

Паходжанне і назва правіць

Баярскі спуск з’яўляецца рэшткай яра, рэчышча адной са старажытных рэчак, якія бралі свой пачатак з возера ледавіковага паходжання, вядомага ў ХІХ — сярэдзіне ХХ стагоддзяў як Гарэлае балота (знаходзілася ў раёне цяперашняга чыгуначнага вакзала). Рэчка, назва якой не захавалася, працягвала тут існаваць яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, значна абмялеўшы. На плане зямельнага ўчастка за 1881 год мясцовасць пазначана без указання назваў як «оврагъ» і «ручеекъ», а Баярскай называецца вуліца паралельная рацэ Сож. На планах Гомеля пачатку ХХ стагоддзя (1910 і 1913 гады) вуліца Баярская адпавядае сучаснай вуліцы Баўмана. Дакладна невядома, у якой храналагічнай паслядоўнасці ўзніклі назвы яра (спуску) і адпаведных вуліц, г.зн. няма яснасці, вуліцы атрымалі назву ад назвы яра ці наадварот. Магчыма, што паходжанне эпітэта «Баярскі» ў дачыненні да азначанай мясцовасці звязана з пераасэнсаваннем у народнай памяці факта існавання тут да ХІХ стагоддзя старых гарадскіх могілак[1].

Назва «Білецкі спуск» замацавалася за мясцінай у савецкія часы, што звязана з вуліцай Білецкага — былой вуліцай Мільённай, перайменаванай у 1919 годзе ў гонар аднаго з гомельскіх камунараў Мікалая Білецкага[2]. На сённяшні дзень гэтая назва з’яўляецца афіцыйнай, бо будынку забаўляльных устаноў, што знаходзіцца ўнізе спуску, прысвоены адрас «Білецкі спуск, 1»[3]. Аднак у гісторыка-краязнаўчай літаратуры спуск часта называецца Баярскім[4].

Галерэя правіць

Зноскі

  1. Мовазнавец Аляксандр Рогалеў падкрэслівае, што найменні «Баярскія Бугры», «Баяршчына», «Баярскія магілы» у іншых мясцовасцях Беларусі часта звязаны з месцамі старажытных пахаванняў. Гл.: Рогалев, А.Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 31—32.
  2. Гомель : Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 104.
  3. [https://web.archive.org/web/20221126085426/https://gomel.gov.by/ru/content/gomel/gomel-sovremennyy-gomel-turisticheskiy/restorany-bary-kafe-kluby-diskoteki/ Архівавана 26 лістапада 2022. Рестораны, бары, кафе, клубы, дискотеки [Гомеля]] // Гомельский городской исполнительный комитет.
  4. Гл., напр.: Макушников, О. А. Гомельское Поднепровье в V — середине XIII вв. : Социально-экономическое и этнокультурное развитие [Текст] / О. Макушников. — Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2009. — С. 132; Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 6.