БелАЗ-7521 — серыя звышцяжкіх кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 170—190 тон, распрацаваных Беларускім аўтамабільным заводам.

БелАЗ-7521
Вытворца БелАЗ
Месца вытворчасці Жодзіна, БССР
Гады выпуску 1979—2003

Гісторыя правіць

Да канца 1960-х гадоў у свеце ішло бурнае развіццё новых відаў кар’ернай тэхнікі, у прыватнасці стварэнне звышцяжкіх вялікагрузных кар’ерных самазвалаў. Амерыканская фірма Unit Rig у 1968 годзе прадставіла адзін з самых тады вялікіх у свеце кар’ерных самазвалаў Lectra Haul M200 грузападымальнасцю 180 тон. Новая машына была вельмі выгадная, паколькі дазваляла вывозіць за адзін раз пароду, якую раней давялося б вывозіць як мінімум пяццю самазваламі грузападымальнасцю 30-40 тон. У СССР таксама зацікавіліся падобнай тэхнікай, але яе трэба было яшчэ асвоіць.

 
Амерыканскі самазвал Lectra Haul M200

У пачатку—сярэдзіне 1970-х гадоў СССР закупіў партыю з некалькіх дзесяткаў самазвалаў Lectra Haul M200, паколькі ў краіне кар’ерных самазвалаў падобнага класа яшчэ не выпускалі. Тады ў ЗША пачала ўжо дзейнічаць папраўка Джэксана-Вэніка, па якой забаранялася прадаваць Савецкаму Саюзу амерыканскія тэхналогіі, і продаж аўтамабіляў быў ажыццёўлены праз канадскі філіял кампаніі Unit Rig. БелАЗ у гэты час толькі рыхтаваўся да засваення 75-тоннай мадэлі БелАЗ-549. М200 уважліва вывучылі савецкія спецыялісты. Пазней было прынята рашэнне аб стварэнні савецкіх самазвалаў аналагічнага тыпу на БелАЗе.

Летам 1979 года, да 35-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў пабудаваны першы вопытны ўзор 170-тоннага самазвала БелАЗ-7521. Нягледзячы на тое, што кампановачныя і тэхнічныя рашэнні былі падобныя да амерыканскіх аналагаў, аўтамабіль меў і істотныя адрозненні. Так дызель агрэгаціраваўся з генератарам пераменнага току, пераменны ток паступаў на сілавы выпрамнік, ад выпрамніка пастаянны ток падаваўся на матор-колы. Першапачаткова планавалася ўсталёўваць дызелі чэхаславацкай вытворчасці, аднак, на серыйных машынах ставілі цеплавозныя дызелі Каломенскага завода.

У 1982 годзе быў пабудаваны абноўлены варыянт БелАЗ-75211, які з наступнага года пачалі збіраць серыйна. У далейшым, з 1989 года пачалася вытворчасць мадэрнізаванай мадэлі БелАЗ-75213, затым, з 1991-га — мадэлі 75214, з 1993-га — мадэлі 75215. За гэты час грузападымальнасць гэтых аўтамабіляў падрасла са 170 да 190 тон. У вытворчай праграме БелАЗа 190-тонныя аўтамабілі ўжо фінальнай мадыфікацыі 75216 заставаліся аж да 2003, калі ім на замену прыйшла новая мадэль БелАЗ-75180.

Мадыфікацыі правіць

  • БелАЗ-7521 — першы прататып, пабудаваны ў 1979 годзе.
  • БелАЗ-75211 — першая серыйная мадыфікацыя, якая будавалася з 1983 па 1989 год. Стала першай мадэллю, якая атрымала абноўлены выгляд для наступных мадэляў аўтамабіляў гэтай маркі. Тэхнічна адрознівалася ад першага прататыпа зніжанай на дзве тоны ўласнай масай і шэрагам іншых дапрацовак.
  • БелАЗ-75213 (1989—1991) — далейшае развіццё мадэлі.
  • БелАЗ-75214 (1991—1993) — далейшае развіццё мадэлі.
  • БелАЗ-75215 (1993—канец 1990-х).
  • БелАЗ-75216 (канец 1990-х — 2003) — фінальная мадыфікацыя.

Спасылкі правіць