Беларуская ССР. Кароткая Энцыклапедыя
Белару́ская ССР. Каро́ткая Энцыклапе́дыя (КБелСЭ). Выдадзена ў Мінску ў 1978 – 1981 гадах на беларускай і ў 1979 – 1982 гадах на рускай мовах у 5 тамах. Першае на Беларусі шматтомнае рэгіянальнае энцыклапедычнае выданне, цалкам прысвечанае беларускай тэматыцы. Уключае 15 700 энцыклапедычных артыкулаў. У 1-м томе даюцца звесткі пра гісторыю, грамадскі і дзяржаўны лад Беларусі, у тым ліку пра яе адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, населеныя пункты, міжнародныя сувязі і іншае. У 2-м томе — артыкулы пра прыроду і эканоміку Беларусі, гісторыю народнай гаспадаркі, найноўшыя кірункі беларускай прамысловасці і сельскагаспадарчай вытворчасці. 3-і том змяшчае матэрыялы пра навуку і навуковыя ўстановы, тэхніку і тэхналогіі, народную асвету і культурна-асветніцкія ўстановы рэспублікі, друк, тэлебачанне, радыёвяшчанне, ахову здароўя, фізкультуру і спорт. У 4-м томе інфармацыя пра насельніцтва, яго побыт, мову, літаратуру, мастацтва, архітэктуру. 5-ы том — біяграфічны даведнік: персаналіі беларускіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, герояў вайны і працы, вядомых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, спартсменаў і іншае.
Літаратура
правіць- В. К. Шчэрбін. Беларуская ССР. Кароткая Энцыклапедыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).. — С. 429.