Беларуская біблейская камісія

Беларуская біблейская камісія Беларускага Экзархата РПЦ створана ў 1989 годзе. Мэта Камісіі — падрыхтаваць прымальныя для Царквы пераклады на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання і літургічных тэкстаў, а ў выніку выпрацаваць такі варыянт царкоўна-беларускай мовы, які бы не руйнаваў старажытнай славянскай традыцыі, а разам з тым адпавядаў бы кадыфікацыі нацыянальнай моўнай сістэмы. Праца над перакладам Новага Запавету цягнулася больш за 25 гадоў, плён іх працы быў надрукаваны ў канцы 2017 года і лічыцца міжканфесійным.

Наяўныя вынікі: чатырохмоўныя (на грэчаскай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай мовах), з паралельнымі месцамі выданні Евангелляў; «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік» (1996), «Скарочаны малітоўнік» (1998), беларускамоўныя «Збор імёнаў святых» (1995), «Малебен за беларускі народ з акафістам святым мучанікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію» (1998), «Бажэсцвенная Літургія» (1998), «Малебен з малым вадаасвячэннем і асвячэннем іконы» (1999).

Пераклад Новага Запавету Камісія выконвае з «агульнапрынятага тэксту» (Textus Receptus), звяртаючыся таксама да «крытычных выданняў», фіксуючы разыходжанні і адрозненні, уласцівыя гэтым тэкстам. Улічваецца дослед перакладу Евангелля на розныя мовы свету, асабліва сучасныя славянскія. Бярэцца да ўвагі ўсё, што раней зроблена беларускімі перакладчыкамі як праваслаўнымі, так і прадстаўнікамі іншых канфесіяў (Леанід Л. Дзекуць-Малеем і А. Луцкевічам, П. Татарыновічам, Я. Станкевічам, М. Міцкевічам і інш.). Дослед папярэднікаў не толькі абагульняецца, але і дасканала аналізуецца. Пры дапамозе адмысловых тэстаў правяраецца, як актыўныя носьбіты беларускай мовы ўспрымаюць розныя варыянты «абеларушвання» адпаведнага фонду лексікі і канкрэтнай тэрміналогіі, якая прапаноўваецца наўзамен царкоўнаславянскай.

Усе пераклады стала ўдасканальваюцца, апрабуючыся першым чынам святарамі, задзейнічанымі ў Камісіі.

Практыка актыву Беларускай Біблейскай камісіі ўключае таксама падрыхтоўку перакладных і ўласных матэрыялаў на рэлігійную тэматыку для перыядычных выданняў Царквы — «Праваслаўе», «Ортапрэс», «Веснік Беларускага Экзархата», «Царкоўнае слова» і інш.

Беларуская Біблейская Камісія падтрымлівае сувязі з Аб'яднанымі біблейскімі грамадствамі, Біблейскім грамадствам Рэспублікі Беларусь, секцыяй перакладу Саюза беларускіх пісьменнікаў і асабліва цеснае — з Беларускім праваслаўным брацтвам Св. віленскіх мучанікаў, ажыццявіўшы сумесна шэраг выданняў, якія падрыхтаваныя самой Камісіяй, а таксама распрацаваўшы серыю зборнікаў «Праваслаўе ў славянскіх культурных традыцыях».

Дослед працы Камісіі па розных аспектах абагульнены ў манаграфіі І. А. Чароты «Беларуская мова і Царква».

Спасылкі правіць