Беларуская граматыка Тарашкевіча (1918)
«Беларуская граматыка для школ» (1918) — школьная граматыка беларускай мовы, апрацаваная Браніславам Тарашкевічам (1917—1918) і выдадзеная ў Вільні (1918), у паралельных кірыліцкім і лацінскім варыянтах. Ёсць першай агульнапрынятай граматыкай беларускай мовы. Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі (Гл. таксама: Беларуская граматыка Тарашкевіча, выданне 1929 г.), ляжала ў аснове праграм выкладання беларускай мовы ў Беларускай ССР да 1933 года. Стала асновай усіх далейшых ліній развіцця беларускай граматыкі.
Асновы
правіцьУ аснове граматыкі ляжалі фанетыка-граматычныя асаблівасці тагачаснага сярэднебеларускага дыялекту, найперш «цвёрдае р» і «моцнае аканне». У правілах граматыкі выкарыстоўваліся як марфалагічны (пераважна), так і фанетычны прынцыпы.
Словы іншамоўнага паходжання выдзяляліся ў асобную групу. Тарашкевічам было прапанавана пісаць галосныя і зычныя ў іншамоўнай лексіцы так, як яны вымаўляліся ў мове, з якой былі запазычаны[1], фактычна было прынятае пераважнае іх напісанне як у польскай мове[2]. Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаны правілы акання, дзекання і цекання, часта не змякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л'][1].
Шмат якія правілы ў граматыцы адсутнічалі або былі недапрацаванымі, напрыклад, нарматывы напісання складаных словаў, некаторых канчаткаў, прозвішчаў, імёнаў, геаграфічных назваў[1], і дапрацоўваліся іншымі аўтарамі ў практычна выкладаных граматыках[3] (гл. Беларускія граматыкі Лёсіка).
Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).
Гл.далей: Праект рэформы беларускага правапісу 1930 г., Беларуская граматыка Тарашкевіча, выданне 1929 г..
Ацэнкі
правіцьВучэбны дапаможнік Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненні ў галіне беларускай філалогіі (Я. Карскі, А. Шахматаў і інш.), і быў станоўча прыняты грамадскасцю.
Аднак, у практычнай працы і ва ўмовах масавай беларусізацыі граматыка выклікала пэўныя цяжкасці з-за сваёй агульнай складанасці і пэўных унутраных недахопаў; некаторыя фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці не атрымалі ў кнізе належнага асвятлення; напісанне іншамоўнай лексікі працягвала складаць цяжкасці; некаторыя правілы былі штучнымі і надуманымі, у граматыку быў уведзены шэраг архаічных граматычных формаў у якасці літаратурных[1].
«Рускі і польскі ўплывы» (адпаведна, у марфалогіі і арфаграфіі)[4] адзначалі ў сваіх тагачасных публікацыях, напр., Я. Лёсік і Я. Станкевіч.
Зноскі
- ↑ а б в г Сучасная беларуская мова…, С….
- ↑ Гапоненка І. А. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове пачатку XX ст. і асаблівасці іх фармальнай адаптацыі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 49 / НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: І. А. Падлужны (адк. рэд.) і інш. — Мн. : Беларуская навука, 2000. — 95 с. ISBN 985-08-0311-8.
- ↑ Некрашэвіч…, С….
- ↑ Адпаведнасць паводле тлумачэння ў: Сучасная беларуская мова…, С….
Літаратура
правіць- Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.