Беларуска-бельгійскія адносіны

Беларуска-бельгійскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Бельгія. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстаноўлены 10 сакавіка 1992 года.

У жніўні 1994 года адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь у Бруселі (сумяшчае функцыі прадстаўніцтва пры ЕС і НАТА).

У сакавіку 1995 года адбыўся візіт у Бельгію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, падчас якога былі праведзены перамовы з Каралём бельгійцаў Альбертам II, прэм'ер-міністрам, міністрам замежных спраў Бельгіі, кіраўніцтвам Еўрапарламента і Еўрапейскай Камісіі.

Да асноўных двухбаковых падзей у палітычным узаемадзеянні ў апошнія гады можна аднесці правядзенне кансультацый паміж Міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Бельгіі ў 2008, 2010 і 2015 гадах, адкрыццё ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь у Фландрыі.

Да 2008 года тавараабарот паміж Беларуссю і Бельгіяй узрос больш чым у тры разы ў параўнанні з паказчыкамі 2003 года. У сувязі з наступствамі сусветнага эканамічнага крызісу ў 2009 годзе тавараабарот скараціўся да паказчыкаў 2007 года. Рост тавараабароту аднавіўся ў 2010 годзе. Рэкордныя паказчыкі дасягнуты ў 2012 годзе: тавараабарот склаў 568,7 млн долараў ЗША (+ 15,9 %), экспарт — 224,7 млн долараў ЗША (+ 23,6 %), імпарт — 344 млн долараў ЗША (+ 11,4 %). У студзені-ліпені 2016 года беларускі экспарт у Бельгію склаў 137,1 млн долараў ЗША, імпарт — 88,8 млн долараў ЗША.