Беларускі відэаклуб
Беларускі відэаклуб (БВК) — беларуская ініцыятыва пры Таварыстве беларускай мовы, створаная для перакладу сусветнавядомых кінафільмаў на беларускую мову. Праект з перапынкамі існаваў з мая 1999 года да 2014 года.
Большая частка фільмаў перакладалася па-партызанску, г.з. без афіцыйнай ліцэнзіі і выдавалася на відэакасетах і DVD. Але пераклад рабіўся не з рускага дубляжу, а з арыгінала. Такім чынам былі выдадзены «Адважнае сэрца», «Пяты элемент», «Матрыца», «Пан Тадэвуш», Маска, Юрскі парк 2. Планаваўся, але не быў рэалізаваны пераклад польскага фільма «Агнём і мячом».
Акрамя таго выдаваліся разнастайныя зборкі і запісы канцэртаў. Напрыклад, у 2000 годзе была выдадзена касета фільмаў з удзелам беларускага акцёра і барда Віктара Шалкевіча[1]. На касеце былі запісаны два фільмы «Слёзы блуднага сына» (1995) і «Салодкі яд кахання» (1996).
У 2011 годзе фільм «Фарсаж 5» (Fast & Furious 5) і мультфільм «Кунг-фу панда 2» (Kung Fu Panda 2) былі перакладзеныя ўжо праз некалькі тыдняў пасля выхаду ў пракат.
У 2011 годзе выдаўцы беларускіх перакладаў спрабавалі надаць новы імпульс праекту. Таму яны вырашылі:
- заручыцца лаяльнасцю дыстрыб’ютараў і забяспечыць стварэнне беларускамоўнай версіі агучкі і цітраў для кожнага чарговага фільма з уключэннем яе ў ліцэнзійныя DVD разам з іншымі версіямі (што забяспечвала б парытэт у аператыўнасці выхаду) ці, як варыянт, легальнае выданне аднамоўнай беларускай версіі;
- заручыцца лаяльнасцю кінапракатчыкаў (іншая інстанцыя і іншыя тэхнічныя акалічнасці) і забяспечыць адначасовасць (адносна версій на іншых мовах) выхаду фільмаў у беларускім перакладзе на кінаэкраны.
Акрамя перакладаў БВК выдала ў 2000 годзе на касеце забаронены да паказу на беларускім тэлебачанні фільм Слуцкі збройны чын па творах Васіля Быкава — На Чорных Лядах.
Таксама ў 2011 годзе планавалася перавыданне на касетах дакументальнага фільма «Вяртанне Міхася Забейды» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле кнігі Уладзіміра Караткевіча[1].
БВК выдаваў таксама фільм «Ісус», што пераклалі беларускія эмігранты.
Паводле Сусветнага Інтэрнэт-архіва, сайт ВКБ існаваў з 2011 да 2014 года[2].