Белацаркоўскі мір

Белацаркоўскі мір 1651, або Белацаркоўскія артыкулы — дамова паміж урадам Рэчы Паспалітай і гетманам Войска Запарожскага Багданам Хмяльніцкім, складзеная ў Белай Царкве 18 (28) верасня 1651 года, пасля няўдалай для сялянска-казацкіх войскаў Берастэцкай бітвы. Пасол вальнага сейма Рэчы Паспалітай уніят Сіцінскі сваім адным голасам не дазволіў сейму зацвердзіць гэтую дамову.

Умовы дагавора былі цяжкімі для Украіны. Паводле Белацаркоўскай дамовы, Украіна заставалася пад уладай Рэчы Паспалітай.

  • Шляхце Рэчы Паспалітай вярталіся маёнткі ў Брацлаўскім і Чарнігаўскім ваяводствах;
  • тэрыторыя пад уладай Багдана Хмяльніцкага абмяжоўвалася толькі Кіеўскім ваяводствам;
  • рэестравае казацкае войска скарачалася з 40 да 20 тысяч чалавек;
  • Украіна была пазбаўленая права ўступаць у адносіны з замежнымі дзяржавамі і павінна была разарваць саюз з Крымскім ханствам;
  • гетман абавязваўся разарваць саюз з Крымам і адправіць з Украіны татарскія атрады;
  • гетман пазбаўляўся права дыпламатычных адносін з замежнымі дзяржавамі.

Народныя масы Украіны і запарожскія казакі былі незадаволеныя Белацаркоўскім мірам настолькі, што Багдану Хмяльніцкаму давялося іх уціхамірваць. Барацьба павінна была разгарэцца з новай сілай.

Багдан Хмяльніцкі выкарыстаў Белацаркоўскі дагавор для адпачынку і падрыхтоўкі новага ваеннага выступу супраць Рэчы Паспалітай. Пасля пачатку ваенных дзеянняў Белацаркоўскі дагавор у траўні 1652 быў ануляваны Б. Хмяльніцкім.

Тэкст дамовы правіць

Пункты рыхтавання і заспакаення войска яго каралеўскай міласці Запарожскага на камісіі пад Белай Царквой ад 28 верасня 1651

Аддаем належную Пану Богу падзяку за заспакаенне і пазбаўленне ад унутранага кровапраліцця, якое да гэтага часу працягвалася, паколькі войска яго каралеўскай міласці Запарожскае з гетманам і ўсёй старшыной сваёй аддало яго каралеўскай міласці і Рэчы Паспалітай вернае сваё падданства. Таму мы, камісары, [пастанавілі]:

1. Колькасць войска рэестравага дазваляем упарадкаваць і прызначаем на дваццаць тысяч, і гэтае войска праз гетмана і старшыну павінна быць зарэестравана, і ў саміх уладаннях яго каралеўскай міласці, у ваяводстве Кіеўскім, нічога не займаючы з Брацлаўскага і Чарнігаўскага, павінна мець размяшчэнне на пастой, а ўладанні шляхецкія павінны заставацца свабоднымі, і тыя рэестравыя нідзе не павінны застацца, але хто казаком рэестравым у ліку дваццаці тысяч застаецца, то з уладанняў шляхецкіх на Кіеўшчыне, у Брацлаўшчыне і Чарнігаўшчыне і з уладанняў яго каралеўскай міласці мае перанесціся ва ўладанні яго каралеўскай міласці Кіеўскага ваяводства туды, дзе войска яго каралеўскай міласці утрымлівацца будзе. А хто толькі будзе выходзіць з рэестравых казакоў, такі кожны мае вольны распрадаць сваю маёмасць без перашкод паноў, таксама стараст і падстараст.

2. Тое рыхтаванне войска дваццаці тысяч яго каралеўскай міласці рэестравага павінна пачацца праз два тыдні ад сённяшняй даты, а скончыцца да Раства. Рэестр таго войска павінен быць дасланы з подпісам рукі гетманскай і да яго каралеўскай міласці гродскіх кніг прадстаўлены per oblatam[1], у якім выразна павінны быць у кожным горадзе запісаныя рэестравыя казакі па імені і прозвішчы сваім, а ўвесь компут[2] не павінен перавышаць ліку 20 тысяч; а хто толькі ў тых рэестрах утрымлівацца будзе, тыя пры даўніх звыклых вольнасцях павінны застацца, а тыя, якіх той рэестр не будзе пакрываць, застануцца ў звыклым падданстве замкавым яго каралеўскай міласці.

3. Кароннае войска ў Кіеўскім ваяводстве ў гарадах, у якіх будуць заставацца рэестравыя казакі, не мае адпраўляць ложаў[няпэўнае слова], але ў ваяводствах Брацлаўскім і Чарнігаўскім, у якіх казакоў ўжо не будзе. Цяпер жа, аднак, да ўпарадкавання рэестраў, да прызначанага тэрміну Раства, хай бы ні ў якое не прыходзілі замяшанне, пакуль не выйдуць да свайго месца, да ўладанняў яго каралеўскай міласці ў Кіеўскім ваяводстве, тыя, якія ў ліку і рэестры 20000 маюць знаходзіцца; войскі павінны затрымацца і далей Жывотава не хадзіць да заканчэння рэестра.

4. Абывацелі ў ваяводствах Кіеўскім, Брацлаўскім, Чарнігаўскім да сваёй уласнасці, таксама і самі старасты праз чыноўнікаў сваіх, павінны прыходзіць і адразу ж пачынаць разнастайныя правекты[3], корчмы, млыны, юрысдыкцыі, але ж у самім выбары падаткаў ад падданых да таго тэрміну ўпарадкавання рэестраў павінны затрымлівацца, каб тыя, якія будуць рэестравымі казакамі, тым часам выбраліся, і ўжо толькі тыя застануцца, якія да падданства належаць. Таксама і ва ўладаннях яго каралеўскай міласці, што ўжо вядома будзе, хто пры вольнасцях казацкіх застанецца, а хто пры падданстве і паслухмянстве замкавым.

5. Чыгірын, згодна з прывілеем яго каралеўскай міласці, павінен заставацца пры гетмане, і як цяперашні гетман, уроджаны Багдан Хмяльніцкі, з’яўляецца па прадстаўленні і прывілеі яго каралеўскай міласці, так і потым павінна быць пад вяршэнствам і ўправай каронных гетманаў, і павінны быць прывілеяваныя. 2. Кожны, застаючыся гетманам, павінен выканаць прысягу падданчай веры яго каралеўскай міласці і Рэчы Паспалітай, а палкоўнікі ўсе і старшына павінны быць па прадстаўленні гетмана яго каралеўскай міласці запарожскага.

6. Рэлігія грэцкая, якую войска яго каралеўскай міласці Запарожскае profitetur[4], павінна быць захавана ў старажытных вольнасцях, згодна з даўнімі правамі, [таксама] кафедры, цэрквы, манастыры і Кіеўскі калегіум. Калі б хтосьці падчас таго замяшання што-небудзь меў выпрасіць або пад якім з духавенства, гэта ніякага значэння не можа мець.

7. Шляхта рымскай і грэцкай рэлігіі, якая пад той час замяшання была пры войску яго каралеўскай міласці Запарожскім, таксама і кіеўскія мяшчане, тыя ўсе павінны пакрывацца амністыяй i ўтрымлівацца пры здароўі, кандыцыях і субстанцыях сваіх. Калі б нешта пад якім было выпрашана, павінна быць знесена канстытуцыяй, каб усе заставаліся ў ласцы яго каралеўскай міласці. Наўзамен, казакі, якія былі пры войску яго каралеўскай міласці, павінны заставацца пры сваіх вольнасцях, жонках і дзецях.

8. Габрэі ва ўладаннях яго каралеўскай міласці і ў шляхецкіх, як бывалі жыхарамі і арандатарамі, так і цяпер павінны быць.

9. Арда, якая ў той час знаходзіцца ў зямлі, павінна быць зараз жа адпраўлена і выступіць з зямлі, ніякай шкоды не аказваючы ў дзяржавах яго каралеўскай міласці, і не станавіцца лагерам на землях Рэчы Паспалітай; іх гетман запарожскі абяцаў прывесці да паслуг яго каралеўскай міласці, таму калі б гэтага не адбылося, да будучага сейма больш ніякага саюза і сяброўства з імі не павінна мець войска яго каралеўскай міласці Запарожскае, але лічыць за непрыяцеляў яго каралеўскай міласці і Рэчы Паспалітай, рубяжы абараняць і супраць іх з войскам Рэчы Паспалітай стаяць. Таксама на будучыя часы з імі і са староннімі панамі ніякіх не чыніць зносін і канспірацыі, але павінны заставацца ў верным падданстве яго каралеўскай міласці і Рэчы Паспалітай цалкам і непарушна. Гэтак жа, як цяперашні гетман з усёй старшыной і з усім войскам Запарожскім, так і ўсе пераемнікі пасля яго на будучыя часы цалкам, верна, добразычліва павінны заставацца на кожную паслугу Рэчы Паспалітай.

10. Паколькі ніколі войска яго каралеўскай міласці Запарожскае рэестрам не ахоплівала рубяжоў Вялікага княства Літоўскага, то і цяпер ахопліваць не павінна, але так, як вышэй пададзена, утрымлівацца будзе ў Кіеўскім ваяводстве.

11. Паколькі Кіеў — горад сталічны і судовы, то ў ім як найменш казакоў у рэестр павінна прымацца.

Тыя пункты ўсе для лепшай веры і пэўнасці, што павінны быць усе непарушныя і выкананыя як ад нас, камісараў яго каралеўскай міласці, так і ад Запарожскага войска, гетмана і старшыны наўзамен, а затым і Рэчы Паспалітай папрысяжаны той ротай[5], што ўсе тыя пункты цалкам павінны быць выкананы.

А па такім заспакаенні і ўпарадкаванні ў міры і згодзе кароннае войска зараз рушыць у прызначаныя месцы і будзе чакаць упарадкавання рэестраў; арда таксама зараз з зямлі адыдзе, а войска яго каралеўскай міласці Запарожскае да сваіх дамоў павінна быць распушчана. На сейм, які неўзабаве будзе, маюць даслацца паслы ад гетмана яго каралеўскай міласці Запарожскага, пакорліва дзякуючы за міласэрнасць і ласку яго каралеўскай міласці і ўсёй Рэчы Паспалітай.

  1. Праз занясенне (лац.).
  2. Компут — спіс.
  3. Правекты — прыбыткі.
  4. Вызнае (лац.).
  5. Рота — прысяга.