Белорусский учительский вестник
«Белорусский учительский вестник» — штомесячны часопіс «для настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі», створаны па ініцыятыве Таварыства ўзаемадапамогі настаўнікам народных вучылішчаў Магілёўскай губерні. Выдаваўся з мая 1910 да пачатку 1911 года ў Магілёве на рускай мове. Рэдактар-выдавец М. Я. Казлоў.
«Белорусский учительский вестник» | |
---|---|
Тып | часопіс |
Выдавец | М. Я. Казлоў |
Галоўны рэдактар | М. Я. Казлоў |
Заснавана | 1910 |
Спыненне публікацый | 1911 |
Палітычная прыналежнасць | заходнерусізм |
Мова | руская |
Галоўны офіс |
Пэўнай грамадска-палітычнай пазіцыі не выявіў, але ў культурна-нацыянальным аспекце прымыкаў да акцябрыстаў (ігнараваў праблемы развіцця беларускай літаратуры і нацыянальнай школы, публікаваў рэкламу рэакцыйнай газеты «Минское слово»). Вядомыя настаўнікі Магілёўшчыны (А. Бонч-Асмалоўскі, В. Іваноўскі, С. Мядзведскі) у інтэрв’ю падтрымалі ідэю настаўніцкага часопіса, але не вызначалі яго кірунку. Праграма часопіса ўключала артыкулы і нарысы па тэматыцы «разумовага і маральнага школьнага і пазашкольнага выхавання, адукацыі, самаадукацыі і фізічнага развіцця», дзейнасць земскіх і гарадскіх устаноў народнай асветы, артыкулы і нарысы прафесійнага і бытавога зместу, аналіз літаратуры па народнай адукацыі, хроніку мясцовага і школьнага жыцця, дзейнасць настаўніцкіх таварыстваў узаемадапамогі, літаратурныя навіны, крытыку, бібліяграфію і інш. 3-за адсутнасці літараткрных і навуковых сіл праграма выконвалася часткова, большасць публікацый не вызначалася высокім прафесійным узроўнем. Часопіс друкаваў і прагрэсіўныя матэрыялы па народнай асвеце: крытыкаваў «дамастроеўскія» парадкі ў школе, спасылаўся на педагагічныя ідэі К. Дз. Ушынскага (арт. «Школа і пакаранне ў ёй» пад крыптанімам П. Я.). У артыкуле «Сутнасць паэтычных твораў» настаўніка В. Трусевіча (1910, № 4) раскрывалася своеасаблівасць мастацкага ўяўлення і выяўленчых сродкаў літаратуры. Часопіс змяшчаў вершы мясцовых паэтаў, агляды педагагічнай літаратуры, успаміны былога настаўніка, які наіўна прызнаваўся, як ён «адвучваў» беларускіх дзяцей ад лексікі і фанетыкі роднай мовы. Друкаваліся паведамленні пра з’езды настаўнікаў, апісанні вучнёўскіх экскурсій і інш.
Выйшла 6 нумароў.
ЛітаратураПравіць
- Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г. / [М. М. Абраменка і інш.; рэдкалегія: М. А. Лазарук (адк. рэд.) і інш.]. — Мінск: Народная асвета, 1985. — 462, [1] с.: іл., факсім., партр. — С. 362—363.
- Конан, У. М. «Белорусский учительский вестник» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 7—8.