Беневентанскі абрад

Беневентанскі абрад — лацінскі літургічны абрад, характэрны для княства Беневента і прымежных паўднёваітальянскіх рэгіёнаў да выцяснення рымскім абрадам. Маючы літургічныя асаблівасці, беневентанскі абрад характарызаваўся таксама асаблівым беневентанскім харалам, адрозным ад грыгарыянскага, і своеасаблівым беневентанскім шрыфтам. Замена мясцовага абраду рымскім звязана з падзеннем лангабардскіх дзяржаў Паўднёвай Італіі і захопам іх нарманамі.

Фасад царквы ў Монтэ-Касіна

Беневентанскі шрыфт і харал

правіць

Асаблівы беневентанскі шрыфт быў распрацаваны на аснове рымскага курсіва ў VIII стагоддзі. Захаваныя літургічныя рукапісы X—XIII стагоддзяў сведчаць, што дадзенае пісьмо было распаўсюджана не толькі ў княстве Беневента, але і ў суседніх рэгіёнах. Уласныя рукапісныя школы, якія выкарыстоўвалі беневентанскі шрыфт, былі ў Монтэ-Касіна, кляштарах святога Вікенція на Вальтурне і святой Сафіі ў Беневенце, у святыні Арханёла Міхаіла ў Монтэ-Гаргана, а таксама ў такіх гарадах, як Салерна, Капуя, Аверса, Бары, Неапаль і Троя.

Беневентанскі варыянт неўмавай натацыі, які выкарыстоўвалася ў імшы і афіцыі, адрозніваўся ад іншых неўмавых дыялектаў. Рукапісы, якія ўтрымліваюць беневентанскую натацыю, падпісаныя як «амбразіянскія». Для беневентанскага харалу былі характэрныя ўласны набор ладавых гукарадаў, не цалкам адпаведных ладавай сістэме грыгарыянскага спеву, павышанае значэнне меладычных формул (так званая цэнтанізацыя распеваў), адсутнасць цвёрдай залежнасці мелодый ад тэксту. Папа Стэфан IX (1057—1058), які займаў таксама пасаду абата Монтэ-Касіна, забараніў выкарыстоўваць у Беневенце «амбразіянскі» (гэта значыць беневентанскі) спеў.

Характэрныя рысы абраду

правіць

Захаваныя паўднёва-італьянскія рукапісы XI — першай паловы XIII стагоддзяў дазваляюць казаць пра асаблівы беневентанскі абрад, у якім можна бачыць асаблівыя рысы старажытнарымскага дагрыгарыянскага, амбразіянскага, візантыйскага і галіканскага абрадаў. Ва ўсіх службах сутачнага цыклу выкарыстоўваўся так званы Старажытны рымскі Псалтыр — лацінскі пераклад, зроблены да геранімавай Вульгаты. У нядзельныя і святочныя дні на літургіі прадпісваліся тры чытанні — са Старога запавету, апостальскае і Евангелле (як у амбразіянскім абрадзе — у рымскі абрад тры чытанні ўвайшлі толькі ў XX стагоддзі), у дні ўспаміну некаторых святых былі таксама чытанні з іх жыццяў.

Беневентанская літургія адрознівалася ад рымскай пяццю зменнымі малітвамі: дзве калекты перад чытаннямі, малітва пасля Евангелля (існавала да VI стагоддзя і ў рымскай імшы; аж да Трыдэнцкага сабора ў рымскім абрадзе існаваў яе рудымент: пасля Евангелля адбываўся заклік Oremus, хоць сама малітва ўжо не адмаўлялася), сакрэта і заключная малітва (лац.: oratio ad complendum). Перад камуніяй быў заклік Offerte vobis pacem («Перадайце адзін аднаму знак супакою»), а народ адказваў In nomine Christi («у імя Хрыста»).

Чытанні нядзеляў Вялікага посту былі падобныя на тыя, што выкарыстоўваліся ў амбразіянскім і старажытнарымскім абрадах: пра самаранку (другая нядзеля), пра Абрагама (трэцяя нядзеля), пра сляпога (чацвёртая нядзеля), уваскрашэнне Лазара (пятая нядзеля). У пятую нядзелю Вялікага посту адбывалася дзве літургіі: Missa sicca (сухая імша, гэта значыць літургія раней асвечаных дароў) і Missa palmarum (пальмавая імша), а вечарам — Missa de passione (імша мукі). У Вялікую пятніцу адбывалася падобнае на рымскае набажэнства Адарацыі крыжа, а ў Вялікую суботу — асвячэнне свечкі з гімнам Exsultet. Па традыцыі, тэкст гэтай службы запісваўся на асаблівым світку з пергамену; захаваліся два такіх шасціметровых світка з Бары і Монтэ-Касіна.

Беневентанскі абрад меў шэраг агульных рысаў з галіканскім (напрыклад, аднолькавая прэфацыя анафары на Божае Нараджэнне), з візантыйскім (запазычаны шэраг антыфонаў Вялікай пятніцы), з амбразіянскім (запазычаныя міланскія назвы для інтроіта і аферторыя — адпаведна ingressa і offerenda).

Літаратура

правіць
  • Beneventanum troporum corpus, ed. by John Boe and Alejandro Enrique Planchart. 8 vls. Madison (Wisconsin): A-R Editions, 1989—1996.
  • Никитин С. И. Беневентанский обряд // Православная энциклопедия. Том IV. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2002. — С. 594—595. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-009-9