Беркут — беларускі беспілотны лятальны апарат, распрацаваны ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання».

Беркут
Тып беспілотны лятальны апарат
Распрацоўшчык ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання»
Першы палёт 2013[1]
Эксплуатанты Сцяг Беларусі Беларусь

Распрацоўка правіць

Стварэнне «Беркута» праводзілася на істотна мадэрнізаваных апаратах «Іркут-3» і «Іркут-10» расійскага ТАА «Іркут інжынірынг», аснашчаных падчас сумеснай ініцыятыўнай канструктарскай дзейнасці намаганнямі ААТ «АГАТ» новымі наземнымі і бартавымі сістэмамі кіравання. Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праект прызначаўся для імпартазамяшчэння і забеспячэння сілавых ведамстваў тактычнымі беспілотнымі комплексамі малой далёкасці і блізкага дзеяння ўласнай распрацоўкі[2].

Характарыстыкі правіць

У залежнасці ад мадыфікацыі характарыстыкі апарата могуць вар’іравацца. Класічны варыянт мае даўжыню 1,5 м і размах крылаў 2 м, а вышыню — 0,4 м. Максімальная ўзлётная маса «Беркута» складае 15 кг. ён здольны набіраць крэйсерскую хуткасць палёту да 100 км/г. Максімальная хуткасць складае 165 км/г, пры далёкасці палёту ў 35 км і вышыні ў 3000 м[1]. Устаноўленая на беспілотніку апаратура радыёэлектроннай разведкі забяспечвае адрознівальную здольнасць 0,5 м, дакладнасць вызначэння каардынатаў вылучаных аб’ектаў не менш за 50 м[3].

Функцыянал правіць

«Беркут» можа прыцягвацца да выканання разведкі мясцовасці, ажыццяўлення патрульна-наглядальных палётаў, правядзення спецыяльных маніторынгавых аперацый (ацэнка шкоды, кантроль пажаранебяспечнай абстаноўкі і інш.), выканання пошукавых аперацый і інш.[1]

Варыяцыі правіць

Беркут-1 правіць

Базавы варыянт дрона[1]. Важыць 3,7 кг. Выкананы па звычайнай аэрадынамічнай схеме і абсталяваны электрарухавіком. Канструкцыя выканана з кампазітаў, а для транспарціроўкі прадугледжана зборка і разборка без прымянення спецыяльных тэхнічных сродкаў. Можа знаходзіцца ў паветры да 1,5 гадзін і перадаваць інфармацыю ад датчыкаў на наземную станцыю кіравання (НСК) на выдаленні да 15 км. Час падрыхтоўкі да старту — не больш за 15 хвілін. Пуск ажыццяўляецца з рукі, пасадка выконваецца пры дапамозе парашута на неабсталяваныя грунтавыя пляцоўкі. Вышыні прымянення — да 1000 м, крэйсерская хуткасць палёту складае 50—80 км/г. У склад комплексу можа ўваходзіць да двух дронаў[2].

Беркут-2 правіць

Палепшаная мадыфікацыя, якая валодае павялічаным радыусам свайго дзеяння[1]. Планер важыць каля 9 кг. Абсталяваны адным электрарухавіком. Апарат запускаецца з катапульты, пасадка на парашуце. Палёт адбываецца ў аўтаматычным рэжыме на далёкасцях да 45 км пры крэйсерскай хуткасці каля 80—100 км/ г, столь складае 3000 м. Здольны весці маніторынг мясцовасці 2 гадзіны. Лінія сувязі складаецца з двух лічбавых абароненых каналаў — канала кіравання і канала перадачы дадзеных. НСК пераносная, абслугоўваецца адным чалавекам[2].

Беркут-3 правіць

Мадыфікацыя цалкам з беларускіх камплектуючых. Планер мае размах крылаў у 3 метра і максімальную ўзлётную масу ў 11 кг. Пры ўзлёце можа несці груз масай да 2 кг. Падрыхтоўка да ўзлёту доўжыцца 10 хвілін, пасля чаго яго запускаюць пры дапамозе катапульты. Прызямленне з парашутам. Апарат здольны развіваць хуткасць да 120 км/г. Абсталёўваецца лічбавай або інфрачырвонай камерай, каналам перадачы даных, або нават кантэйнерам для грузу[4].

Зноскі

Літаратура правіць

  • Евгений Ерохин. «Беркут» — беспилотник по-белорусски // Взлёт : журнал. — ноябрь 2013. — В. 107. — С. 50.