Бледная паганка, Мухамор зялёны, Белы мухамор, Паганка[1] (Amanita phalloides) — ядавіты шапкавы базідыяльны грыб сямейства мухаморавых.
Шапка дыяметрам 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй частцы, каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі.
Небяспека для чалавекаПравіць
Смяротна ядавіты грыб. Мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, a- і p-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў. Бледная паганка падобная да шампіньёнаў, сыраежак, паплаўкоў ці зялёнак. Трэба памятаць, што ў шампіньёнаў пласцінкі з узростам хутка афарбоўваюцца; у сыраежак не бывае ні вольвы, ні кальца, да таго ж яны адрозніваюцца характэрнай ломкасцю мякаці; паплаўкі адрозніваюцца меншымі памерамі, больш тонкай мякаццю (край капялюшыка ў іх звычайна з выяўленымі радыяльнымі баразёнкамі) і не маюць кольцы; у зялёнкі зеленаватыя пласцінкі, няма кальца і вольвы.
Зноскі
- Бледная паганка // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. — Мн.: БелСЭ. 1979.
- Бледная паганка // БЭ ў 18 т. Т. 3. — Мн.: БелЭн. 1996.