«Божым шляхам» — рэлігійны часопіс, які выдаваўся грэка-каталіцкімі святарамі ў эміграцыі ў 1947—1958 гг. (у Парыжы) і 1964—1980 гг. (у Лондане). Паводле якасці матэрыялаў, тэматычнай шырыні і свайго ўплыву на рэлігійны і грамадскі дыскурс эмігранцкай супольнасці, часопіс стаў найбольш уплывовым рэлігійным выданнем беларускай паваеннай дыяспары[1].

«Божым шляхам»
Тып часопіс
Рэдактар Леў Гарошка і Вінцук Адважны
Заснавана кастрычнік 1947
Спыненне публікацый 1957
Мова беларуская
Галоўны офіс

Парыжскі перыяд

правіць

Першы нумар часопіса пабачыў свет у кастрычніку 1947 г. пад рэдактарствам а. Льва Гарошкі, які годам раней у Рыме выдаў першы беларускі грэка-каталіцкі малітоўнік пад той жа назвай — «Божым шляхам». У Парыжы айцец Гарошка быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі, заснаванай для апекі шматлікіх на той момант суродзічаў, што апынуліся ў Францыі пасля Другой сусветнай вайны. Выданне было акрэслена рэдактарам як «часапіс беларускае рэлігійнае думкі», а мэта — гуртаваць суродзічаў і ўмацоўваць іх у духу еднасці.[2]

Ад самага пачатку часопіс заявіў пра сябе як не толькі рэлігійнае монаканфесійнае выданне: «Галіна нашай працы, наш шлях — гэта шлях Божы, духовы, рэлігійны; аднак хочам яго разумець ня толькі ў сэнсе дэвацыйна-канфэсыйным, аднаабрадным. але і ў сэнсе шырэйшым — хрысьціянска-нацыянальнай культурнай ды сацыяльнай брацкасьці і салідарнасьці.»[3] Ужо ў першым нумары публікаваліся творы аўтараў рознай канфесійнай прыналежнасці[4] і даваўся агляд іншых беларускіх рэлігійных выданняў дыяспары — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх[5]. Разам з тэмай рэлігійнай салідарнасці і еднасці, на старонках часопіса рэгулярна абмяркоўвалася пытанне савецкай антырэлігійнасці.

Практычна ўсе матэрыялы першых нумароў напісаны — пад рознымі псеўданімамі і без подпіса — а. Гарошкам. Ад трэцяга нумару рэгулярным аўтарам стаў а. Часлаў Сіповіч (Лондан)[6]. Публікаваліся таксама мастацкія творы, пераважна эміграцыйных аўтараў.[7]

У 1947—1950 гг. часопіс выходзіў штомесяц, часам — падвоенымі нумарамі. Са студзеня 1951 ён стаў двумесячнікам, з 1955 — квартальнікам, у 1956 г. выйшла два нумары, у 1957 г. — адзін выпуск, пасля чаго выданне прыпынілася.

Лонданскі перыяд

правіць

«Божым шляхам» быў адноўлены ў 1964 г. у Лондане, дзе пры Беларускай каталіцкай місіі сабралася група добра адукаваных і актыўных святароў на чале з біскупам Чаславам Сіповічам. Сярод іх былі а. Язэп Германовіч — новы рэдактар часопіса — і а. Аляксандр Надсан. Да іх у 1960 г. далучыўся а. Леў Гарошка. Каталіцкая місія была як рэлігійным, так і важным культурным асяродкам, з якога пазней вырасла Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны. У Лондане таксама існавала ўжо Англа-беларускае таварыства, якое стымулявала інтарэс да Беларусі і беларусазнаўчыя даследванні. Гэта дазволіла прыцягнуць да супрацоўніцтва з часопісам такіх значных аўтараў як Гай Пікарда, Вера Рыч і а. Тамаш Падзява, а з іншых краін — а. Роберта Тамушанскага, пісьменніка Уладзіміра Глыбіннага, актыўных дзеячаў дыяспары Кастуся Чабатара і Язэпа Малецкага.[8]

Тэматыка часопіса стала шырэй у параўнанні з парыжскім перыядам за кошт арыгінальных даследчых артыкулаў, найперш — а. Аляксандра Надсана (царкоўная гісторыя, гісторыя беларускага кнігавыдання, Скарыназнаўства), а таксама Гая Пікарды, які фактычна запачаткаваў новую галіну ведаў — гісторыю беларускай царкоўнай музыкі[9]. Часопіс падрабязна асвятляў падзеі Другога Ватыканскага сабора, у якім браў удзел біскуп Часлаў Сіповіч. Таксама Язэп Германовіч, пад псеўданімам Вінцук Адважны, публікаваў свае байкі і фельетоны.[10]

Як ў парыжскі перыяд, перыядычнасць часопіса з часам зніжалася. У 1973 ён стаў квартальнікам, у 1975 г. выйшла толькі два выпускі, у 1976 — адзін і ніводнага — у 1977. Адзіны выпуск за 1978 г. быў прысвечаны памяці памерлага а. Льва Гарошкі, выпуск за 1979 г. — памяці памерлага а. Язэпа Германовіча, і апошні нумар, 151-ы, — у 1980 г. Апошнія нумары рыхтавалі а. Аляксандр Надсан і біскуп Часлаў Сіповіч.[10]

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. Гарбінскі Ю. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе (1945—2005). Нью-Йорк — Варшава, 2009. — 196 стар.
  2. Задума. Наша палажэньне — нашы мэты. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 2 стар.
  3. Задума. Наша палажэньне — нашы мэты. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 2 стар.
  4. Із сучаснае беларускае паэзіі на эміграцыі. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 11-12 стар.
  5. Рэлігійная беларуская прэса на эміграцыі. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 10 стар.
  6. Надсан А. Біскуп Чэслаў Сіповіч. — Мн.: БелФранс, 2004 — стар. 82.
  7. Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 406 стар.
  8. Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 407 стар.
  9. Dingley, J. Vera Rich and Guy Picarda — the Centipede’s Dilemma [paper delivered at the Congress of the International Association of Belarusianists, Minsk, May 2015. http://www.skaryna.org.uk/vera-rich-and-guy-picarda/ Архівавана 9 ліпеня 2021.
  10. а б Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 408 стар.

Спасылкі

правіць