Бранявы пояс — тоўсты слой металічнай брані, размешчаны на вонкавай паверхні бартоў ці з унутранага боку корпуса ваенных караблёў, звычайна браняносцаў, лінкараў, крэйсераў і лінейных крэйсераў, а таксама авіяносцаў, пераабсталяваных пад новыя задачы з прыведзеных вышэй тыпаў суднаў.

Кінг Джордж V і Тырпіц. Браня і падводная абарона.
Схема размяшчэння элементаў карабельнай брані. «А» — бранявы пояс. «D» — супрацьтарпедная пераборка.

У большасці выпадкаў асноўны браняпояс абараняе ўчастак борта ад галоўнай палубы і да вызначанага ўзроўню ніжэй ватэрлініі карабля. Калі бранявы пояс убудоўваецца ў корпус замест таго, каб фарміраваць вонкавую яго частку, то ён размяшчаецца пад вуглом для павелічэння абароны.

Пры трапленні ў ваенны карабель артылерыйскага снарада (з зямлі ці іншага судна) ці падводнай тарпеды, бранявы пояс прадухіляе пранікненне паражальных элементаў унутр карабля, з'яўляючыся або перашкодай для фугаснай часткі, або адводзячы снарад (а таксама сілу выбуху) дзякуючы нахіленаму размяшчэнню брані. Часта асноўныя пліты браняпояса дапаўнялі супрацьтарпедныя пераборкі, якія размешчаны некалькі метраў далей, яны служаць для захавання воданепранікальнасці корпуса пры пашкоджанні асноўнай часткі брані. Акрамя гэтага, у некаторых праектах адсекі, якія прылягаюць да браняпояса, запаўняліся рэзервуарамі з нафтай, марской ці прэснай вадой. Вадкасць у цыстэрнах паглынае ці рассейвае энергію выбуху боегаловак і снарадаў. У іншых выпадках, як гэта ілюстравана на чарцяжы папярочнага разрэзу «Кінг Джорджа V» і «Тырпіца», гэтыя адсекі пакідаліся пустымі, дазваляючы ўзрыўной хвалі часткова рассеяцца, у той час як наступныя «вадкія» слаі абароны паглынаюць любыя аскепкі і размяркоўваюць энергію дэтанацыі па шырэйшай плошчы, канструктыўныя ж пераборкі прадухіляюць з'яўленне працёкаў з гэтых адсекаў.[1]

У баі падводная частка судна можа быць сур'ёзна пашкоджана не толькі тарпедамі, але таксама і снарадамі цяжкай палубнай артылерыі, якія ўпадуць каля бартоў цэлі. Гэтыя снарады, асабліва бранябойныя, могуць пераадолець пэўную адлегласць пад вадой, прабіць корпус ніжэй ватэрлініі і здэтанаваць. Такія трапленні ўяўляюць сур'ёзную пагрозу затаплення, як і ў выпадку з тарпедамі.

Паветраная прастора паміж бранявым поясам і корпусам таксама дадае судну плавучасці. Апроч гэтага такая канструкцыя часта выконвалася ў якасці дадатковай абароны ад тарпед і артылерыйскіх снарадаў, як гэта адзначалася вышэй. Некаторыя тыпы баявых караблёў неслі бранявыя пояса меншай таўшчыні, чым таго патрабавала іх абароны. Як правіла, такое канструктарскае рашэнне выкарыстоўвалася на лінейных крэйсерах і авіяносцах для памяншэння вагі, што станоўча адбівалася на хуткасных якасцях караблёў, паколькі прыярытэтнай, для гэтых тыпаў суднаў, з'яўлялася хуткае перакіданне ўдарнай сілы ці, у выпадку авіяносцаў, адпаведнасць хуткасных магчымасцей патрабаванням для ўзлёту і пасадкі ваенных самалётаў. Гэта працэдура выконваецца пры руху авіяносца супраць ветру. Амаль усе вялікія караблі гэтага тыпу мелі хуткасць парадку 30 вузлоў і больш: для прыкладу, караблі-сёстры «USS Лексінгтан (CV-2)» і «USS Саратога (CV-3)», другі і трэці авіяносцы, якія паступілі на ўзбраенне Ваенна-марскіх сіл ЗША ў 1927 годзе, былі выкананы на базе карпусоў лінейных крэйсераў з магутнымі рухальнымі ўстаноўкамі, атрымаўшы ў выніку цудоўныя хуткасныя характарыстыкі.

Гл. таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць