Браўлін (кан. VIII ст./пач. IX ст.) — князь русі.

Браўлін

Падзеі правіць

Згадваецца ў «Жыціі Стэфана Суражскага», у аповедзе пра 3-е з 4-х пасмяротных цудаў Св. Стэфана, дзе вядзецца пра ўварванне ў Крым ад Херсанеса да Керчы вялікага «войска рускага» з «Ноўгарада» на чале з Браўлінам. Было гэта неўзабаве па смерці Стэфана, т. б. па 787 годзе. Русь пасля 10-тыднёвай аблогі захапіла Сураж (грэч. Σουγδαΐα, цяпер Судак). Браўлін уварваўся ў царкву Св. Сафіі, дзе спачывалі рэшткі Стэфана, і пачаў рабаваць грабніцу святога. Раптам князем-язычнікам апанавала хвароба: «абярнуўся твар яго назад, і лежачы пену выдзяляў». Церпячы пакуты, Браўлін распавёў дружыннікам, што пакараны Св. Стэфанам за апаганьванне царквы, загадаў вярнуць царкоўную маёмасць і пазваць святароў, каб ахрысціцца. Разам з князем ахрысцілася і яго дружына. Па хрышчэнні, якое чыніў пераемнік Стэфана суражскі архіепіскап Філарэт, Браўлін вылечыўся і, вызваліўшы палонных хрысціян, пакінуў Сураж.

Крыніцы правіць

Апроч шырокай рускай рэдакцыі «Жыція Стэфана Суражскага», верагодна, перакладу грэчаскага тэксту, які не захаваўся, існуе кароткая грэчаская рэдакцыя (выяўлена ў XIX ст. як прыпіска да грэчаскага сінаксара XII—XV стст. пад 15 снежня ў рукапісе Chalcenensis № 75, цяпер захоўваецца ў бібліятэцы Канстанцінопальскага патрыярхату), якая не змяшчае апісання нападу Браўліна на Сураж, і армянская рэдакцыя, дзе ёсць апавяданне пра цудоўнае навяртанне ў хрысціянства язычніцкага военачальніка, аднак у сапсаваным армянскім тэксце не захавалася ні імя военачальніка, ні іншай яго ідэнтыфікацыі.

З «Жыція Стэфана Суражскага» згадка паходу Браўліна трапіла ў рускую літаратуру канца XV—XVII ст., напрыклад «Жыціе Дзмітрыя Прылуцкага», «Ступенную кнігу», Дзямідаўскі і інш. хранографы.[1]

У гістарыяграфіі правіць

Пытанні паходжання аповеду пра паход Браўліна, яго аўтэнтычнасць, час падзей, этнічную прыналежнасць Браўліна і яго дружыны шматкроць уздымаліся ў працах гісторыкаў з сярэдзіны XIX ст. у сувязі з палемікай вакол «нарманскай» тэорыі ўзнікнення рускай дзяржаўнасці. З-за сапсаванасці тэкстаў некаторых рускіх спіскаў Жыція замест імя ўласнага «Бравлин» чыталася «бранлив», але для прыняцця падобнай праўкі сур'ёзных аргументаў не знайшлося. Адносна часу паходу і этнічнай прыналежнасці князя сфарміраваўся шэраг гіпотэз. Аднак пытанне паходжання Браўліна і верагоднасці самога аповеду пра яго паход і хрышчэнне дасюль застаецца адкрытым.

А. А. Кунік спачатку звязваў апавяданне Жыція з чарнаморскім паходам Аскольда і Дзіра, лічыў Браўліна скандынавам, адным з военачальнікаў іх дружыны. Пазней Кунік меркаваў, што апавяданне пра паход Браўліна ёсць зменены апавяданне пра паход кн. Уладзіміра на Корсунь. Шматлікая група даследчыкаў звязвала паход Браўліна з г. зв. Паўднёвай, або Чорнаморскай, Руссю (Я. Я. Галубінскі, Г. У. Вернадскі і інш.). В. Р. Васільеўскі лічыў Браўліна і яго дружыну крымскімі готамі, якія прыйшлі з Таўрычаскага Ноўгарада, т. б. Неапаля Скіфскага, вядомага з антычных крыніц. Савецкія гісторыкі (М. В. Леўчанка, Б. А. Рыбакоў і інш.) лічылі, што паход на Сураж здзейснілі ў пач. IX ст. гіпатэтычныя кіеўскія славяна-русы. Кунік высунуў яшчэ адну гіпотэзу, якая была прызнана многімі даследчыкамі, звязаўшы імя Браўліна з найменнем мясцовасці Бравала (шведск. Bråvalla), дзе ў VIII ст. адбылася бітва, прычыніўшая вызваленне Швецыі ад дацкага панавання.

Арыгінальную этымалогію імя Браўліна прапанаваў акадэмік А. М. Трубачоў, які вазводзіў гэтае імя да індаеўрапейскага pravlin (d) — «раздаўлены, пераможаны»[2]. Аднак практычна ўсе сучасныя даследчыкі бачаць у паходзе Браўліна на Сураж эпізод агульнаеўрапейскай экспансіі нарманаў у VIII—X стст., бо слова «рускі» (калі яно сапраўды было ў грэчаскім тэксце, які не захаваўся, а не з'яўляецца пазнейшай устаўкай) у кантэксце VIII—IX стст., паводле крыніц, датычылася не славян, а скандынаваў. А. Прыцак у працы прысвечанай Жыцію Св. Стэфана тлумачыць словы «войска рускае» і «з Ноўгарада» прыпіскай аўтара рускага тэксту, якім ён лічыць вядомага агіёграфа Пахомія Лагафета (XV ст.).

Зноскі

  1. Попов А. Обзор…
  2. Indoarica в Северном Причерноморье. — М., 2002. С. 88-90

Літаратура правіць

  • Indoarica в Северном Причерноморье. — М., 2002. С. 88-90;
  • Kunik A. А. Die Brawallaschlacht ist der erste sichere Ausgangspunkt für die dänische, schwedische und ostslavische Chronologie // Mélanges Russes. St.-Pb., 1851. T. 1. S. 265—289;
  • Pritsak O. At the Dawn of Christianity in Rus' // Proc. of the Intern. Congr. Commemorating the Millenium of Christianity in Rus'-Ukraine. Camb. (Mass.), 1990. P. 102—113. (HUS; Vol. 12/13);
  • Александр Боспорец. Краткое житие св. Стефана, архиеп. Сугдайи: (Тексты, пер., толкования и коммент.). Коктебель, 1994;
  • Васильевский В. Г. Русско-византийские исследования: Жития свв. Георгия Амастридского и Стефана Сурожского // Труды. Пг., 1915. Т. 3. С. CXLII-CCLXXXVIII;
  • Вернадский Г. В. История России: Древняя Русь. Тверь; М., 1997. С. 288—289;
  • Вестберг Ф. О житии Стефана Сурожского // ВВ. 1908. Т. 14. С. 227—236;
  • Голубинский. История Русской Церкви. Т. 1. С. 53-60;
  • Литаврин Г. Г. Византия, Болгария, Древняя Русь (IX — нач. XII в.). СПб., 2000. С. 32-36;
  • Макарий. История Русской Церкви. Кн. 1. С. 313;
  • Попов А. Обзор хронографов русской редакции. — М., 1866. С. 234.