Бронюс Майгіс (літ.: Bronius Maigys) — літоўскі злачынец, які абліў сернай кіслатой карціну Рэмбранта «Даная»[1][2].

Бронюс Майгіс
Дата нараджэння 1937
Месца нараджэння

Біяграфія правіць

Раннія гады правіць

Нарадзіўся ў 1937 годзе ў сяле Альнес Малецкага раёна. Літовец, беспартыйны. Асвета — чатыры класы школы[1]. Бацька — Антон Майгас, расстраляны ў 1944 годзе НКУС па вінавачанні ў дэзертырстве[3]. Былі таксама два старэйшыя браты. Бронюс у дзяцінстве дапамагаў маці па гаспадарцы; захапляўся гульнёй на скрыпцы. Паводле сведчанняў лекараў, хварэў жаўтухай. Майгіс скончыў курсы трактарыстаў, пазней служыў у савецкай арміі. Пасля 1960 года працаваў на лесанарыхтоўках у Пермі, з 1965 года працаваў на шахце ў Пракоп’еўску, адкуль, як высветлілі міліцыя і КДБ, украў 15 кілаграмаў выбухоўкі, якая не разарвалася ў лаве (яе ён выкарыстоўваў для глушэння рыбы на кар’ерах і арганізацыі феерверкаў). Паводле сведчанняхў калег, не жыў у бараку, але набыў дом, які перад ад’ездам прадаў мясцоваму цыгану[2]. Пазней працаваў на паперні ў Каўнасе[4] каландроўшчыкам, але ў грамадскім жыцці ўдзелу не прымаў і нічым не вылучаўся. Таксама працаваў на заводзе радыётэхнікі, дзе нібыта сур’ёзна сапсаваў сабе зрок; быў вучнем слесара на станкабудаўнічым, распакавальнікам у ліцейным цэху, пакавальнікам і качагарам і на фабрыцы пякарскіх дражджэй, дзе прыдбаў вядро сернай кіслаты[2].

Дзейнасць правіць

Паводле сведчанняў людзей, якія яго ведалі, Майгіс з 30 гадоў патрабаваў пенсію па стане здароўя, сцвярджаючы, што ў яго нібыта сапсаваўся зрок падчас працы на заводзе радыётэхнікі[4]. Майгіс пісаў пастаянныя скаргі свайму начальству на праблемы са стрававальнай сістэмай, падаючы рэнтгенаўскія здымкі кішачніка[3], і нават выклапатаў у Кемерава ў лекара даведку пра цыроз печані, аднак начальства ігнаравала ўсе яго дакументы, настойліва патрабуючы ад Майгіса ці знайсці нармальную працу, ці адправіцца на лячэнне ў псіхлякарню[2]. У 1978 годзе ён, атрымаўшы ад лекараў з Ленінграда даведку пра грыжу, звольніўся і стаў беспрацоўным: ён жыў у каморцы ў былога суседа па грамадскім харчаванні цягам двух гадоў, не маючы сталай прапіскі[5]. КДБ у яго доме выявіла сярод асабістых прадметаў два малітоўнікі, некалькі часопісаў і кніг, шматлікія медычныя даведкі і рэнтгенаўскія пераздымкі, перазнятыя партрэты Адольфа Гітлера і скаргі ў «Труд», «Человек и закон», Мінздароўя і каўнаскі гарсавет. Усё гэта фармальна не падлягала вопісу[2].

На жыццё Майгіс зарабляў, займаючыся фарцоўкай, а менавіта збытам грамкружэлак, джынсаў і кніг, якія яму дасылала знаёмая з Каліфорніі па імі Лена[3]: з ёй Майгіс пазнаёміўся дзякуючы радыёстанцыі «Голас Амерыкі», якая вяшчала на эстонскай мове[2]. Па сведчаннях гаспадара дома, Майгіс аднойчы ледзь не здзейсніў суіцыд[3]: ён адкрыў газавыя фаеркі і зачыніў вокны, аднак яго ўдалося выратаваць. Суседзямі характарызаваўся як замкнёны, начытаны і рэлігійны чалавек, але пры гэтым крытычна ставіўся да савецкай улады і моўнай палітыкі ў Літоўскай ССР, а таксама настойліва спрабаваў выклапатаць сабе пенсію і жыллё ў гарсавета[2].

 
«Даная», што сталая аб’ектам вандалізму.

Акт вандалізму правіць

15 чэрвеня 1985 года Майгіс прыбыў у Ленінград: хоць ён планаваў прыехаць у Маскву, да сталіцы не было квіткоў. Ён зайшоў у Эрмітаж і скіраваўся ў залу карцін Рэмбранта, дзе спытаўся ў захоўніцы, якая з карцін Рэмбранта лічыцца найболей каштоўнай — тая адказала, што такой з’яўляецца «Даная», якая не прадаецца ні за якія грошы. Потым Майгіс пайшоў да «Данаі», выцягнуў з пінжака нож і слоік з сернай кіслатой, пасля чаго стукнуў некалькі разоў (два ці тры) нажом карціну, трапіўшы ў вобласць сцёгнаў і жывата Данаі[4], і абліў яе сернай кіслатой. Паводле некаторых дадзеных, ён крычаў «Свабоду Літве!» ў момант нападу[6], што аспрэчвае літоўскае следства, бо тады б яго скруцілі наведнікі і не дазволілі б яму здзейсніць акт вандалізму[1].

Старшына савецкай міліцыі Васіль Клешэўскі спачатку хацеў ударыць Майгіса парасонам, але ўбачыўшы, што той пасля свайго нападу працягваў глядзець на карціну, хутка падбег да яго, заламаў руку з нажом за спіну і кінуў нож на падваконне. Да ўваходу ў залу падышлі дзве жанчыны, якія, згледзеўшы Майгіса, сталі крычаць пра дапамогу: на крыкі прыбег сяржант міліцыі Іван Жосан, які і дапамог затрымаць вандала. Пры ператрусе Клешэўскі і Жосан выявілі на поясе Майгіса падазроны прадмет, што напамінаў плоскі ліхтарык, загорнуты ў белую паперу з адтулінай. У левай штаніне спартыўнага касцюма, які быў надзеты пад шэры касцюм, яны выявілі аманалавую шашку. Як пазней высветлілася, Майгіс сапраўды прынёс выбуховую прыладу[4]. Мастацтвазнаўцы дапамаглі вадой змыць кіслату і выратаваць карціну ад поўнага знішчэння, але на аднаўленне самой «Данаі» пайшло 12 гадоў, і з 1997 года яна знаходзіцца пад браняваным шклом[1].

Арышт і адпраўленне ў псіхлякарню правіць

У арыштаванага Майгіса ў каморцы выявілі рэпрадукцыю «Данаі», а падчас расследавання высветлілі, адкуль ён прыдбаў серную кіслату і аманал для здзяйснення свайго акта вандалізму. На першых допытах Майгіс запэўніваў, што здзейсніў злачынства па палітычных матывах, бо быў літоўскім нацыяналістам і ненавідзеў савецкую ўладу за тое, што яго бацька быў у 1944 годзе расстраляны НКУС нібыта за дэзерцырства. Дата нападу была абрана не выпадкова, бо менавіта 15 чэрвеня 1940 года савецкія войскі былі ўведзены ў Літву[4]. Аднак пад страхам трапіць у турму ён змяніў сведчанні, спачатку пачаўшы казаць, што быў проста жанчынаненавіснікам і лічыў «Данаю» узорам распусты. Выбухоўку ж ён пабаяўся выкарыстаць з-за вялікай скупнасці людзей[7]. Пазней ён стаў тлумачыць здзейсненае звычайным жаданнем прыцягнуць да сябе ўвагу грамадскасці і адпрэчыў усе вінавачанні ў антысавецкай дзейнасці[2]. Толькі калі міліцыя высветліла, што Майгіс планаваў здзейсніць акт вандалізму ў маскоўскім музеі і толькі па выпадковасці не трапіў у Маскву з-за таго, што не купіў квіткоў на цягнік, версія пра «жанчынаненавісніцтва» адпала[4].

Псіхлякарня № 5 г. Ленінграда правяла экспертызу, вынікамі якой стала заключэнне пра нізкі ровень інтэлекту Майгіса і наяўнасці млявапраяўнай шызафрэніі. Сам Майгіс гэта адмаўляў, але сцвярджаў, што не каецца і не шкадуе з нагоды спробы знішчэння шэдэўра малярства. Больш за тое, як ён кажа, «Данаю» ахоўвалі дрэнна, калі яму атрымалася лёгка гэта зрабіць. Вынік псіхіятрычнай экспертызы выключыў версію пра палітычны пратэст. 26 жніўня 1985 года Дзяржынскі суд прызнаў Майгіса вінаватым, але ў сувязі з дыягназам вызваліў ад крымінальнай адказнасці і адправіў у псіхлякарню на прымусовае лячэнне. Лячэнне ён праходзіў у псіхіятрычнай клініцы закрытага тыпу горада Чарняхоўск Калінінградскай вобласці, адкуль выйшаў у 1992 годзе[3].

Наступствы правіць

На працягу 6 гадоў Майгіс праходзіў лячэнне ў шпіталі, дзе ўмовы былі лепшыя, чым у яго каморцы. Лекары, якія займаліся лячэннем Майгіса, расказваюць, што ён быў задаволены абыходжаннем з сабой і не быў буяным самім па сабе, хоць заяўляў пра сябе як пра палітычнага зняволенага. Прычынай таму была рэпутацыя Чарняхоўскага шпіталя, куды часта адпраўляліся дысідэнты[4]. У 1992 годзе яго вызвалілі з псіхлякарні, але спробы палітычных партый зрабіць Майгіса нацыянальным героем Літвы праваліліся ў сувязі з неадназначнай рэакцыяй на яго ўчынкі, з прычыны чаго ў сучаснай Літве нават сярод нацыяналістаў Майгіс лічыцца не нацыянальным героем, а звар’яцелым вандалам[4][7].

Пазней Майгіс быў адпраўлены ў Вільнюскі дзяржаўны псіхіятрычны шпіталь, і ў сувязі з нястачай інфармацыі ў 1998 годзе з’явіліся хібныя чуткі пра яго смерць[3]. У наш час Майгіс жыве ў доме для састарэлых у Уцяне, але амаль заўсёды адмаўляе журналістам у інтэрв’ю[7]. У 2010-я гады ён у нешматлікіх гутарках з літоўскімі і расійскімі журналістамі сцвярджаў, што не раскайваецца ў здзейсненым і паўтарыў бы гэта[4]. У 2006 годзе была апублікавана 300-старонкавая кніга Майгіса, у якой ён спрабаваў выказаць сваю версію развіцця падзей[8].

Заўвагі правіць

  1. а б в г Юрий Москаленко. «Даная» Рембрандта: почему вандал выбрал именно эту картину? (руск.). Школа Жизни (9 чэрвеня 2009). Праверана 22 сакавіка 2018.
  2. а б в г д е ё ж Крикунов 2017.
  3. а б в г д е Кто облил "Данаю" (руск.). КоммерсантЪ (14 кастрычніка 1997). Праверана 22 сакавіка 2018.
  4. а б в г д е ё ж з Маньяк из Литвы против Эрмитажа: 30-летний «юбилей» преступления века (руск.)(недаступная спасылка). Питер One (15 чэрвеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2019. Праверана 22 сакавіка 2018.
  5. ŽILVINĖ GAIŽUTYTĖ-FILIPAVIČIENĖ. Muziejinis vandalizmas ir jo recepcija Lietuvoje: „Danajos“ atvejis (літ.)(недаступная спасылка) (18 ліпеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2017. Праверана 22 сакавіка 2018.
  6. Ольга Гахокидзе. Культурное преступление: как маньяки-вандалы поглумились над искусством (руск.) (15 чэрвеня 2015). Праверана 22 сакавіка 2018.
  7. а б в Tarp išprotėjusių vandalų – ir lietuvis (літ.). TV3 (Литва) (11 красавіка 2007). Праверана 22 сакавіка 2018.
  8. Šedevrą sudarkęs lietuvis parašė knygą (літ.)(недаступная спасылка). DELFI (12 снежня 2006). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 22 сакавіка 2018.

Літаратура правіць

  • Константин Крикунов. Четыре тетради. — Litres, 2017. — ISBN 9785457961920.

Спасылкі правіць