Вікіпедыя:Пераклад

Пераклад артыкулаў з іншых моўных раздзелаў Вікіпедыі — патрэбная дзейнасць. Калі вы ведаеце некалькі моў, пераклад артыкулаў можа быць добрай магчымасцю далучыцца да развіцця Вікіпедыі. Разам з тым, пры перакладзе трэба трымацца пэўных правіл.

У Вікіпедыі для ўсіх артыкулаў адзіныя правілы і крытэрыі якасці, незалежна перакладзены артыкул або арыгінальны. Акрамя таго, перакладны артыкул можа развівацца ўдзельнікамі без сувязі з пазнейшымі праўкамі арыгінальнага артыкула. Для чытачоў Вікіпедыі ўсе артыкулы паказваюцца аднолькава, незалежна арыгінальныя яны або перакладныя. Таму, перакладаючы артыкул, стаўцеся да тэксту з такой самай пільнасцю і ўважлівасцю, як і да ўласнага арыгінальнага тэксту. Імкніцеся, каб перакладзены тэкст успрымаўся так сама натуральна, як арыгінальны беларускі тэкст артыкула.

Захаванне аўтарскага права

правіць

Перакладаць артыкулы можна толькі з іншых моўных раздзелаў Вікіпедыі, або з тых крыніц, якія відавочна паказваюць, што іх тэкст распаўсюджваецца на ўмовах адной са свабодных ліцэнзій, сумяшчальных з Вікіпедыяй. Больш падрабязную інфармацыю пра выкарыстанне тэкстаў з іншых крыніц можна знайсці на старонцы Вікіпедыя:Аўтарскія правы.

Калі перакладаеце артыкул з іншага моўнага раздзела Вікіпедыі, падчас захавання перакладзенага тэксту ў полі «Тлумачэнне» (пад акном рэдагавання) абавязкова пазначце, што гэта пераклад і дайце спасылку на арыгінальны артыкул.

Запіс у полі «Тлумачэнне» можа выглядаць такім чынам:

  Перакладзена з англійскай Вікіпедыі: https://en.wikipedia.org/w/index.php?title=William_Shakespeare&oldid=537886201  

Замест запісу ў полі «Тлумачэнне» можна ўжываць шаблон {{пераклад}}, які трэба дадаць на старонку размоў артыкула і слушна яго запоўніць. Які б спосаб вы ні абралі, важна адзначыць, што артыкул перакладзены і з якога менавіта артыкула. Для палягчэння стварэння пераліку аўтараў артыкула вы можаце запоўніць у шаблоне {{пераклад}} поле «версія» з нумарам версіі артыкула, з якой перакладалі.

Атрымаць спасылку на пэўную версію арыгінальнага артыкула лягчэй за ўсё праз інструмент «Нязменная спасылка» у групе меню «Прылады» злева (на англійскай — «Permanent link», на рускай — «Постоянная ссылка»).

Прылада «Пераклады»

правіць

Калі вы пераклалі і апублікавалі артыкул праз прыладу Пераклады, дадаваць шаблон на старонку размоў або дадатковае апісанне праўкі неабавязкова. Прылада «Пераклады» сама паказвае ў апісанні праўкі, што гэта пераклад іншамоўнага артыкула і дадае спасылку на пэўную версію артыкула ў іншамоўным раздзеле Вікіпедыі. Такім чынам правіла захавання аўтарскага права выконваецца аўтаматычна.

Выбар артыкула для перакладу

правіць

Артыкулы ў іншамоўных Вікіпедыях могуць быць вельмі рознай якасці. Самымі якасныя — пазначаныя як «выдатныя» і «добрыя». Гэтыя артыкулы звычайна ацэньвае і абмяркоўвае шмат карыстальнікаў, яны належным чынам аформленыя і маюць добрую правяральнасць. Далёка не ўсе артыкулы праходзяць такую праверку іншымі ўдзельнікамі і перад перакладам трэба прынамсі павярхоўна праверыць асноўныя тэзісы артыкула на адпаведнасць крыніцам. Некалькі пунктаў, якія могуць дапамагчы з гэтым:

  • Пераканайцеся, што маеце прынамсі базавыя веды ў галіне, да якой належыць тэма артыкула, і знаёмыя з галіновай тэрміналогіяй на абедзвюх мовах. Не бярыцеся перакладаць артыкул, калі ў вас няма такіх ведаў.
  • Пераканайцеся, што артыкул адпавядае крытэрыям значнасці, а таксама вытрыманы ў нейтральным пункце гледжання.
  • Пераканайцеся, што артыкул мае спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы. Калі іх няма, артыкул не варта перакладаць.
  • Калі крыніцы ёсць, перачытайце артыкул і паспрабуйце супаставіць важнейшыя ў ім сцвярджэнні, лічбы, даты і іншае, з пададзенымі крыніцамі. Змест артыкула павінна адпавядаць пададзеным крыніцам. Калі гэта не так датычна некаторых пунктаў, пры перакладзе ў адпаведных месцах артыкула дадайце шаблон {{крыніца?}}. Магчыма хтосьці з удзельнікаў пазней будзе мець крыніцы, каб пацвердзіць інфармацыю.

Калі артыкул адпавядае пералічаным патрабаванням, яго варта перакладаць.

Машынны пераклад

правіць

Ужыванне машыннага перакладу непажадана ў Вікіпедыі. Машынны пераклад дае вельмі нізкую якасць тэксту і мае шэраг недахопаў:

  • неадэкватны пераклад асобных слоў, якія маюць некалькі значэнняў у мове-арыгінале, а таксама прафесійнай тэрміналогіі;
  • няўзгодненасць склонаў або родаў;
  • граматычныя канструкцыі, неўласцівыя беларускай мове — машынны пераклад не ўлічвае глыбінных законаў мовы, якія могуць вымагаць адрознай ад арыгінала будовы сказу, перадачы думкі іншымі лексічнымі канструкцыямі;
  • скажэнне тэхнічных элементаў, ужыванне не адаптаваных для беларускага раздзела Вікіпедыі шаблонаў або катэгорый, спасылак на файлы;

Калі Вы ўсё ж вырашылі карыстацца машынным перакладам, то павінны старанна апрацаваць атрыманы праз яго чарнавы тэкст артыкула. Для меншай колькасці памылак за аснову лепей браць бачны тэкст, а не вікіразметку.

Калі Вы ўжо захавалі тэкст, але яшчэ працуеце над ім, калі ласка, дадайце ў артыкул шаблон {{пішу}}.

Артыкулы, дзе быў выкарыстаны машынны пераклад і яны яшчэ не дастаткова вычытаны, трэба пазначаць шаблонам {{машынны пераклад}} або {{арфаграфія}}. Гэта можа заахвоціць іншых удзельнікаў дапамагчы з вычыткай. Калі артыкул з машынным перакладам працяглы час не вычытаны і няма ўдзельнікаў, зацікаўленых у яго паляпшэнні, яго могуць прапанаваць на выдаленне.

Пры перакладзе з рускай старайцеся пазбягаць распаўсюджаных памылак.

Калі ласка, не перакладайце артыкулы, дзе зусім няма крыніц. Памятайце, абавязак пацвярджэння інфармацыі крыніцамі ляжыць на вас незалежна ці пішаце вы артыкул самастойна, ці перакладаеце яго. Дапоўніце артыкул матэрыяламі з беларускамоўных крыніц, калі такія ёсць.

Калі якія-небудзь незвычайныя высновы, змешчаныя ў артыкулах, не маюць спасылак на крыніцы, паспрабуйце самастойна знайсці надзейныя крыніцы, каб пацвердзіць іх, або напішыце запыт на старонцы размоў арыгінальнага артыкула.

Паглядзіце старонку размоў арыгінальнага артыкула — магчыма, там ёсць карысная дадатковая інфармацыя або нават абвяржэнні якіх-небудзь сцвярджэнняў з адпаведнымі крыніцамі. Магчыма таксама, што аўтар меў карысную пацверджаную інфармацыю, але не ведаў, як паставіць яе ў артыкул, таму напісаў пра гэта на старонцы размоў.

Пажадана дадаць у артыкул спасылкі на літаратуру па тэме, найперш беларускую. Калі яна непасрэдна не выкарыстана пры напісанні або перакладзе артыкула, дадавайце такія спасылкі ў раздзелы «Дадатковая літаратура» або «Спасылкі», а не ў раздзел «Літаратура» або «Крыніцы» (гл. Вікіпедыя:Афармленне артыкулаў).

Культурныя супярэчнасці

правіць

У розных культурах бываюць значна адрозныя погляды на адны і тыя ж паняцці, факты, працэсы. Часам гэта можа тычыцца непасрэдна прадмета артыкула, але можа зачапіць і адносна нязначную праблему, якую закранае артыкул. Пры перакладзе пажадана, па магчымасці, узгадняць супярэчлівыя паняцці з рознымі крыніцамі, такім чынам трымацца правіла нейтральнага пункту гледжання.

Акрамя таго, у розных мовах адны паняцці часам маюць розныя фармулёўкі, таму пры перакладзе трэба звяртаць увагу на тэрміналагічныя асаблівасці і паказваць тыя азначэнні прадметаў, падзей, з’яў і іншага, якія ёсць у беларускай мове, каб пазбегнуць непажаданых памылак.

Гл. таксама

правіць