Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Старонка ёсць часткай правіл Вікіпедыі. Пададзеных тут норм мусяць трымацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваннем правіл упэўніцеся, што на змены ёсць кансэнсус (згода) супольнасці. Калі ёсць сумневы, спачатку абмяркуйце змены на старонцы размоў. |
Сцісла: Матэрыялы пра сучаснікаў варта пісаць з асаблівай адказнасцю і ўвагай да захавання правілаў правяральнасці, нейтральнасці і недапушчальнасці ўласных даследаванняў. Абавязковыя спасылкі на вартыя даверу крыніцы, асабліва пры апісанні падрабязнасцей асабістага жыцця. |
Удзельнікі павінны быць асабліва асцярожныя пры даданні інфармацыі пра сучаснікаў на любую старонку Вікіпедыі. Такі матэрыял патрабуе асаблівай далікатнасці і строгага прытрымлівання адпаведных законаў ЗША[1], гэтага правіла, а таксама асноўных правілаў Вікіпедыі, якія тычацца зместу артыкулаў:
Біяграфіі сучаснікаў трэба пісаць з захаваннем прынятых норм прыстойнасці і з павагай да асабістага жыцця прадмета артыкула. Вікіпедыя ― энцыклапедыя, а не жоўтая газета: распаўсюджванне сенсацый і чутак пра асабістае жыццё людзей не ўваходзіць у яе задачы. Пры напісанні артыкулаў заўсёды варта ўлічваць магчымасць прычынення шкоды жывым людзям. Гэтыя прынцыпы датычацца біяграфій жывых людзей, біяграфічных даных пра людзей у іншых артыкулах, а таксама зместу іншых старонак, у тым ліку старонак размоў. У Вікіпедыі цяжар доказу любых спрэчных сцвярджэнняў, а асабліва тых, што тычацца біяграфій жывых людзей, ляжыць строга на плячах удзельніка, які дадае такое сцвярджэнне ў артыкул.
Падыходзьце з максімальнай строгасцю да якасці крыніц, асабліва тых, што тычацца падрабязнасцей асабістага жыцця. Любая аспрэчаная або нават патэнцыйна спрэчная інфармацыя мусіць быць апублікавана ў надзейнай крыніцы, на якую ў тэксце павінна быць зроблена зноска. Спрэчны матэрыял пра жывых (або памерлых не болей за год таму) людзей без крыніц або са слабымі крыніцамі — негатыўнага, пазітыўнага, нейтральнага або проста сумніўнага характару — варта выдаляць неадкладна і без абмеркавання[2].
Перад выдаленнем спрэчнай інфармацыі варта праверыць, ці не змяшчаецца яна ў аўтарытэтных крыніцах, прыведзеных у раздзеле для спасылак у канцы артыкула. Акрамя таго, выдаленне значнай колькасці інфармацыі з артыкула можа быць ацэнена добрасумленнымі ўдзельнікамі як вандалізм або гульня з правіламі. Таму пасля выдалення рэкамендуецца пакінуць паведамленне на старонцы размоў артыкула з тлумачэннямі прычын такога дзеяння. У простых выпадках можа хапіць каментарыя да праўкі са спасылкай на адпаведны раздзел гэтага правіла. Гэта дапаможа ў далейшым пазбегнуць аднаўлення інфармацыі іншымі ўдзельнікамі.
Удзельнікі, якія груба або сістэматычна парушаюць гэта правіла, могуць быць заблакаваны.
Вызначэнне
правіцьСучаснікам лічыцца любы чалавек, які жыве цяпер або які памёр не больш за год таму. Таксама сучаснікам лічыцца любы чалавек, які нарадзіўся 115 і менш гадоў таму, смерць якога не была дакладна ўстаноўлена. На бягучы 2024 год гэта людзі, якія нарадзіліся ў 1909 годзе і пазней. Такі падыход не прымяняецца да зніклых без вестак, якія былі афіцыйна абвешчаныя памерлымі больш за год таму.
Стыль напісання
правіцьТон
правіцьАртыкулы пра сучаснікаў варта пісаць з адказнасцю, асцярожнасцю і ў нейтральным энцыклапедычным стылі, пазбягаць як прымяншэнняў, так і перабольшванняў. Артыкул мусіць непрадузята дакументаваць тое, што апублікавалі пра аб’ект надзейныя незалежныя крыніцы і, пры некаторых абставінах, тое, што аб’ект артыкула апублікаваў пра сябе сам. Стыль напісання павінен быць нейтральным, стрыманым і сфакусаваным на пераказ фактаў, не пакідаючы месца ацэначнасці і суб’ектыўнасці рэдактара. У такіх артыкулах не павінна быць раздзелаў «Цікавыя факты» і падобных.
Збалансаванасць
правіцьХвалебныя і крытычныя ацэнкі варта дадаваць у артыкул, калі яны прыведзены ў надзейных другасных крыніцах, з выразнымі спасылкамі на гэтыя крыніцы, пры гэтым сам спосаб прывядзення такіх ацэнак мусіць быць адказным, стрыманым і непрадузятым. Не надавайце непрапарцыйна шмат месца нейкаму аднаму пункту гледжання; меркаванне нязначнай меншасці прыводзіць увогуле не варта. Трэба таксама надаваць увагу структуры артыкула: яго прэамбула і загалоўкі раздзелаў павінны быць нейтральнымі. Пазбягайце сцверджанняў, заснаваных на абвінавачванні па асацыяцыі, а таксама на прадузятым і зламысным матэрыяле.
Ідэі таго, што кожны артыкул рэгулярна паляпшаецца, і таму часовы дысбаланс не шкодзіць артыкулу, таму што яго калі-небудзь дапрацуюць, не распаўсюджваюцца на біяграфіі сучаснікаў. З-за магчымага ўплыву артыкула на жыццё чалавека яго біяграфія заўсёды мусіць быць сбалансаванай і непрадузятай.
Вандальнае рэдагаванне
правіцьСтаронкі, напісаныя ў негатыўным тоне і без пазначэння крыніц і створаныя, хутчэй за ўсё, з мэтай абразы, мусяць хутка выдаляцца, калі няма адпаведнай правілам версіі, да якой можна адкаціць артыкул.
Надзейныя крыніцы
правіцьСумніўныя матэрыялы
правіцьЗгода з прынцыпам правяральнасці Вікіпедыі, любая цытата або сцверджанне, якія могуць выклікаць сумнеў, мусяць быць апублікаваны ў аўтарытэтных крыніцах, на якія ў тэксце павінны быць зноскі. Матэрыял, які не задавальняе гэтым умовам, можа быць выдалены. Гэтае правіла пашырае такі прынцып наступным чынам: спрэчны матэрыял пра жывых (або нядаўна памерлых) людзей без крыніц або са слабымі крыніцамі варта выдаляць неадкладна і без абмеркавання. Правіла прымяняецца незалежна ад таго, ці з’яўляецца матэрыял станоўчым, адмоўным, нейтральным або проста сумніўным. Не варта дадаваць інфармацыю, адзіная крыніцай якой — таблоідная прэса. Калі матэрыял значны і правяральны, ён з’явіцца больш чым у адной надзейнай крыніцы.
Выдаляйце тэкст без крыніц або з сумніўнымі крыніцамі
правіцьВыдаляйце любы сумніўны матэрыял, які або не падмацаваны крыніцамі ці заснаваны на крыніцах, якія не адпавядаюць стандартам, пазначаным у рэкамендацыі Вікіпедыя:Аўтарытэтныя крыніцы, або ёсць вынікам здагадкі, пабудаванай на інтэрпрэтацыі крыніцы (гл. Вікіпедыя:Не ўласнае даследаванне), або спасылаецца на самастойна створаныя крыніцы, акрамя напісаных самім аб’ектам артыкула.
Увага: правіла трох адкатаў дазваляе адмяняць даданне падобнай інфармацыі без абмежавання на колькасць. Тым не меней у спрэчных выпадках варта звяртацца на старонку запытаў да адміністратараў, а не весці войны правак вакол патэнцыйнага паклёпу, спадзяваючыся на гэтае выключэнне.
Адміністратары могуць выдаліць такі матэрыял прымусова, з аховай старонак і блакіроўкамі парушальнікаў, нават калі яны самі ўдзельнічалі ў працэсе рэдагавання артыкула. У больш складаных выпадках ім варта звярнуцца да іншых адміністратараў.
Пазбягайце распаўсюджання чутак
правіцьНе распаўсюджвайце чуткі ў Вікіпедыі. Спытайцеся ў сябе, ці аўтарытэтная крыніца, ці выглядае прыведзены ў ёй матэрыял як верагодны і, нават калі ён верагодны, ці значны ён у непрадузятым артыкуле пра чалавека. Пазбягайце крыніц, якія ўжываюць няпэўныя фармулёўкі і спасылаюцца на ананімныя крыніцы. Пры гэтым чуткі не варта распаўсюджваць нават у форме іх абвяржэння або спасылкі на неверагоднасць (прыклад: «„жоўтая прэса“ распаўсюджвала неправераныя чуткі, што Іван Іванавіч быў наркаманам»).
Таксама ўнікайце ўзнікнення сітуацыі, калі змест артыкула Вікіпедыі капіруецца вонкавымі крыніцамі, якія пасля ўжываюцца ў артыкуле для «пацверджання» першапачатковага тэксту.
Злоўжыванне першаснымі крыніцамі
правіцьМатэрыялы з першакрыніц варта ўжываць асцярожна. Не ўжывайце стэнаграмы паседжанняў суда і іншыя судовыя дакументы як крыніцы сцвярджэнняў пра сучасніка. Таксама не варта спасылацца на неапублікаваныя афіцыйныя дакументы, якія змяшчаюць асабістыя даныя, такія як даты нараджэння, кошт маёмасці, дамашнія або рабочыя адрасы і інш.
Да першакрыніц прымальна звяртацца для падмацавання другаснай крыніцы, у якой апублікаваны факт з першаснай крыніцы, пры ўмове прытрымлівання гэтага і іншых правіл Вікіпедыі, якія тычацца ўжывання крыніц.
Пазбягайце самастойна выдадзеных крыніц
правіцьНіколі не выкарыстоўвайце самастойна выдадзеныя крыніцы, такія як кнігі, фэнзіны, вэб-сайты, блогі, паведамленні на форумах і ў «Твітэры», у якасці крыніц інфармацыі пра сучаснікаў, за выключэннем напісаных або апублікаваных самім аб’ектам артыкула.
Пад «самастойна выдадзенымі блогамі» тут маюцца на ўвазе асабістыя або групавыя блогі. Некаторыя навінныя арганізацыі публікуюць матэрыялы ў фармаце блогаў. Выкарыстанне такіх блогаў дапушчальна, калі яны вядуцца прафесійнымі аўтарамі і праходзяць паўнавартасны рэдактарскі кантроль адпаведнай арганізацыі. Чытацкія каментарыі як крыніцы выкарыстоўваць нельга.
Аб’ект артыкула ў якасці крыніцы
правіцьСучаснік можа сам публікаваць інфармацыю пра сябе з выкарыстаннем прэс-рэлізаў, асабістых вэб-сайтаў, блогаў і інш. Такія матэрыялы можна выкарыстоўваць у якасці крыніц інфармацыі пра гэтага сучасніка пры выкананні наступных умоў:
- матэрыял не ставіць сваёй мэтай самаўхваленне ці самарэкламу;
- матэрыял не дадае сцверджанняў пра трэціх асоб;
- матэрыял не дадае сцверджанняў пра падзеі, якія не тычацца непасрэдна аб’екта артыкула;
- няма абгрунтаваных сумненняў у тым, што публікацыя зроблена менавіта гэтым сучаснікам.
Гэтыя абмежаванні не прымяняюцца для аўтабіяграфій, апублікаваных у выданняў, што ажыццяўляюць незалежны ад аўтара прафесійны рэдактарскі кантроль: такія матэрыялы не з’яўляюцца «самастойна выдадзенымі».
Вонкавыя спасылкі
правіцьВонкавыя спасылкі на матэрыялы пра сучаснікаў ва ўсёй прасторы Вікіпедыі падпарадкоўваюцца больш строгім стандартам, чым спасылкі на матэрыялы па іншых тэмах. Сумніўныя або самастойна выдадзеныя крыніцы не варта дадаваць у раздзел «Літаратура» або «Спасылкі» артыкулаў пра сучаснікаў, а пры даданні такіх спасылак у іншыя артыкулы варта правяраць матэрыялы па спасылцы на адпаведнасць гэтаму правілу. Самастойна выдадзеныя крыніцы, напісаныя або апублікаваныя аб’ектам артыкула, можна з асцярожнасцю дадаваць у пазначаныя раздзелы, калі яны задавальняюць адпаведным умовам.
У цэлым не спасылайцеся на вэб-сайты, якія парушаюць дух гэтага правіла. Калі нейкая рэкамендацыя ўступае ў супярэчнасць з гэтым правілам, прыярытэт атрымоўвае правіла.
Прыярытэт абароны прыватнага жыцця
правіцьПазбягайце віктымізацыі
правіцьПры напісанні артыкула пра чалавека, які вядомы толькі па адной-дзвюм падзеям, згадка кожнай падрабязнасці можа мець негатыўныя наступствы, нават калі матэрыял добра падмацаваны крыніцамі. У сумніўных выпадках біяграфіі варта скарачаць да поўнасцю забяспечанай крыніцамі, нейтральнай і ўзважанай версіі. Гэта асабліва важна ў артыкулах пра сучаснікаў, чыя значнасць абумоўлена ў асноўным ці выключна тым, што яны сталі ахвярай дзеянняў іншага чалавека. Дзеянні рэдактараў Вікіпедыі не павінны весці да ўзмацнення ці падаўжэння віктымізацыі гэтых асоб.
Грамадскія і дзяржаўныя дзеячы
правіцьУ артыкулах пра вядомых грамадскіх ці дзяржаўных дзеячаў можа быць прыведзена мноства надзейных іншых апублікаваных крыніц інфармацыі, і біяграфія ў Вікіпедыі мусіць проста дакументаваць тое, што кажуць гэтыя крыніцы. Калі сцвярджэнне ці здарэнне значнае, рэлевантнае і добра дакументаванае ў надзейных крыніцах, яно падыходзіць для артыкула — нават калі яно носіць негатыўны характар і аб’екту артыкула не падабаецца згадка пра яго. Калі яно не дакументавана ў надзейнай крыніцы, прыбярыце яго. Калі суб’ект адмаўляе такія сцвярджэнні, трэба таксама паведаміць аб іх адмаўленні.
- Прыклад: «У Алеся Лясевіча была брудная гісторыя разводу з Алесяй Лясевіч». Ці важны для артыкула развод і ці быў ён апублікаваны староннімі надзейнымі крыніцамі? Калі не, не пішыце пра яго. Калі так, то пазбягайце выкарыстання «брудная гісторыя» і прытрымлівайцеся фактаў: «Алесь Лясевіч развёўся з Алесяй Лясевіч».
- Прыклад: «У палітыка нібыта быў раман». Гэта адмаўляецца, але некалькі буйных газет публікуюць гэтыя абвінавачванні, і адбываецца публічны скандал. Абвінавачванне змяшчаецца ў біяграфіі са спасылкай на гэтыя крыніцы. Указваць трэба толькі тое, што ў палітыка нібыта быў раман, а не тое, што раман сапраўды быў.
Абарона прыватнай інфармацыі і ўжыванне першакрыніц
правіцьЗ распаўсюджаннем крадзяжу прыватных даных поўнае імя і дата нараджэння ўсё часцей лічыцца прыватнай інфармацыяй. У артыкулах Вікіпедыі пазначаюцца поўныя імёны і даты нараджэння, якія атрымалі шырокую вядомасць дзякуючы публікацыі ў надзейных крыніцах або крыніцах, афіліяваных з аб’ектам артыкула. Аднак, калі ёсць сумненні ў значнасці персоны, або калі аб’ект біяграфіі супраць публікацыі яго даты нараджэння, варта проста пазначаць год нараджэння замест дакладнай даты. Па тых жа прычынах у артыкуле не павінны прыводзіцца паштовыя і электронныя адрасы, нумары тэлефонаў і іншая інфармацыя, якая дазваляе звязацца з чалавекам. Спасылкі на вэб-сайты, якія належаць аб’екту артыкула, звычайна дапускаюцца.
Адносна малавядомыя людзі
правіцьВікіпедыя змяшчае і біяграфіі людзей, якія дастаткова значныя для стварэння артыкула пра іх, але не маюць шырокай вядомасці. У такіх выпадках рэдактары мусяць праяўляць стрыманасць і ўключаць толькі інфармацыю, якая мае непасрэдныя адносіны да іх вядомасці і ўзята з надзейных другасных крыніц. Матэрыялы, апублікаваныя самім аб’ектам артыкула, можна выкарыстоўваць, калі яны задавальняюць наступным умовам. З матэрыялам, які здольны нанесці шкоду чыёйсьці рэпутацыі, варта абыходзіцца з асаблівай асцярожнасцю; паўтарэнне дыфамацыйных заяў ёсць падставай для судовага іску ў многіх юрысдыкцыях, а для прыватных асоб прадугледжана і дадатковая абарона.
Асобы, чыя значнасць звязана толькі з адной падзеяй
правіцьВікіпедыя — не сродак для распаўсюджвання рэпартажаў навін і не бязладная звалка інфармацыі. Згадка чалавека ў навінах не азначае, што ў Вікіпедыі абавязкова павінен быць артыкул пра яго. Як правіла, не трэба ствараць артыкул пра чалавека, калі выкананы ўсе тры наступныя ўмовы:
- У аўтарытэтных крыніцах чалавек згадваецца толькі ў кантэксце адной падзеі.
- Біяграфія чалавека апроч гэтай падзеі застаецца, і, хутчэй за ўсё, застанецца па-за межамі грамадскай цікавасці. У выніку артыкул пра такога чалавека можа надаваць празмерна шмат увагі дадзенай падзеі (у адносінах да агульнага аб’ёму артыкула) і парушыць падыход аб узважанасці выкладу (не варта надаваць занадта шмат месца апісанню нейкага аднаго аспекту тэмы ў шкоду іншым, не меней істотным). У такой сітуацыі лепш размясціць інфармацыю пра гэтага чалавека непасрэдна ў артыкуле пра падзею і зрабіць на яе перасылку з поўнага імя чалавека.
- Дадзены чалавек не з’яўляецца цэнтральным удзельнікам падзеі экстраардынарнай значнасці, чыя роля добра задакументаваная.
Значнасць падзеі ці асобы дэманструецца працягласцю асвятлення ў аўтарытэтных крыніцах. Разам з тым, некаторыя прыватныя крытэрыі значнасці асоб могуць пацвердзіць значнасць чалавека, вядомага з-за адной падзеі.
Абвінавачаныя ў злачынствах
правіцьАбвінавачаны ў якім-небудзь злачынстве жывы чалавек лічыцца невінаватым, пакуль адваротнае не даказана і не пацверджана прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Абвінавачанні, следчыя дзеянні і арышты не лічацца судзімасцю. У выпадку з адносна малавядомымі людзьмі рэкамендуецца не дадаваць у артыкулы сцвярджэнні або здагадкі аб тым, што гэты чалавек здзейсніў або быў абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства, да з’яўлення адпаведнага прысуду суда. Гэты пункт правіла прымяняецца толькі да малавядомых людзей. Да вядомых грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў прымяняецца пункт пра іх.
Абарона імёнаў
правіцьВарта быць асцярожным пры даданні імёнаў людзей, якія згадваюцца толькі ў сувязі з адной падзеяй. Калі імя прыватнай асобы не было шырока агалошана або было наўмысна схавана (напрыклад, падчас судовага разбору), рэкамендуецца не пазначаць яго ў артыкуле, асабліва калі гэта не прыводзіць да значнай страты кантэксту. Публікацыя імя ў другасных не навінавых крыніцах, напрыклад, у навуковых часопісах або працах прызнаных у вобласці экспертаў, мусіць уплываць на рашэнне згадаць яго ў артыкуле ў большай ступені, чым кароткая згадка ў навінах. Варта ацэньваць карысць для артыкула ад згадкі ў ім імя прыватнай жывой асобы, якая не мае прамых адносін да тэмы артыкула. Аргумент на карысць абароны прыватнага жыцця становіцца мацнейшым, калі размова ідзе пра членаў сям’і аб’екта артыкула і іншых асоб, мала датычных і малавядомых па-за кантэкстам біяграфіі.
У біяграфію можна дадаваць імёны найбліжэйшых, былых або значных членаў сям’і або асоб, якія былі з аб’ектам артыкула ў нейкіх істотных адносінах, калі яны згадваюцца ў аўтарытэтных крыніцах і рэдактар лічыць, што такая інфармацыя неабходна для паўнавартаснага раскрыцця прадмету артыкула.
Вобласць прымянення
правіцьГэты падыход тычыцца любога размешчанага ў Вікіпедыі матэрыялу пра людзей, якія жывуць ці памерлі не больш за год таму. У прыватнасці, ён распаўсюджваецца на старонкі размоў, каментарыі да правак, старонкі ўдзельнікаў, выявы і катэгорыі. Такі падыход не распаўсюджваецца на памерлых і на юрыдычных асоб, аднак ніжэй прыведзены рэкамендацыі для такіх выпадкаў.
Старонкі па-за прасторай артыкулаў
правіцьСумнеўны матэрыял пра сучаснікаў, не падмацаваны або слаба падмацаваны крыніцамі і які не мае адносін да працы з артыкулам, варта прыбіраць, а ў некаторых выпадках, у залежнасці ад абставін, таксама выдаляць з гісторыі правак і трывала хаваць гісторыю. Калі вы хочаце абмеркаваць мэтазгоднасць размяшчэння якой-небудзь інфармацыі пра сучасніка, не прыводзьце гэтую інфармацыю на старонцы размоў у такім аб’ёме, што вашае пытанне страчвае сэнс. Гэты ж прынцып прымяняецца і да сумнеўных выяў. Ужо абмеркаваныя сумнеўныя сцверджанні можна выдаляць са спасылкай на папярэднюю дыскусію.
Гэтае правіла таксама распаўсюджваецца на старонкі ўдзельнікаў і старонкі размоў удзельнікаў. Адзінае выключэнне — сцверджанні ўдзельнікаў пра саміх сябе, зробленыя ў асабістай прасторы, калі яны адпавядаюць правілам пра змест асабістых старонак удзельнікаў і пра недапушчальнасць абраз, пагроз і агрэсіі. Акрамя таго, непаўналетнім не рэкамендуецца разгалошваць персанальную ідэнтыфікацыйную інфармацыю на сваіх старонках удзельніка (гл. рашэнне арбітражнага камітэта англійскай Вікіпедыі).
Правіла распаўсюджваецца і на выказванні пра ўдзельнікаў Вікіпедыі на старонках праекта, аднак у гэтым выпадку дапускаецца некаторае паслабленне, каб дазволіць супольнасці вырашаць праблемы адміністрацыйнага характару самастойна. Тым не менш, адміністратары могуць выдаляць такія сцверджанні, калі яны дасягаюць узроўню дыфамацыі або парушаюць правіла пра недапушчальнасць абраз.
Выявы
правіцьВыявы сучаснікаў не варта ўжываць у адрыве ад кантэксту, каб паказаць іх непраўдзіва або ганебна. Гэта перш за ўсё тычыцца затрыманых паліцыяй асоб і сітуацый, калі фатаграфаванне было для аб’екта нечаканым. Выявы сучаснікаў можна ўжываць, толькі калі яны былі апублікаваны пад ліцэнзіяй, сумяшчальнай з палітыкай ліцэнзавання выяў Вікіпедыі.
Катэгорыі, спісы і навігацыйныя шаблоны
правіцьПадставы для ўключэння ў катэгорыю павінны ясна вынікаць з тэксту артыкула. У артыкуле мусяць быць выкладзены факты, якія абгрунтоўваюць катэгорыю, і гэтыя факты павінны абапірацца на аўтарытэтныя крыніцы.
Варта быць асцярожным пры даданні катэгорый, якія паказваюць на дрэнную рэпутацыю чалавека (дыфамацыя). Напрыклад, будзь-якую падкатэгорыю катэгорыі Злачынцы варта дадаваць толькі ў выпадках, калі ў артыкуле апісваецца злачынства, звязанае са значнасцю аб’екта артыкула; пададзены адпаведныя крыніцы; сам аб’ект артыкула ўжо асуджаны, а адпаведны прысуд не быў адменены па апеляцыі.
Не варта дадаваць катэгорыі, якія тычацца рэлігійных поглядаў або сексуальных прыхільнасцей чалавека, калі не выкананы абодва наступныя крытэрыі:
- чалавек публічна ідэнтыфікуе сябе з гэтым вераваннем або прыхільнасцю;
- вераванні або сексуальныя прыхільнасці чалавека істотныя для яго асноўных заняткаў ці грамадскага жыцця або наўпрост звязаны з яго адпаведнасцю прынятаму ў Вікіпедыі паняццю пра значнасць, у адпаведнасці з прыведзенымі аўтарытэтнымі крыніцамі.
Гэтыя прынцыпы ў роўнай ступені прымяняюцца і да спісаў, а таксама да размешчаных на любой старонцы Вікіпедыі навігацыйных шаблонаў і сцверджанняў у шаблонах-картках, якія тычацца рэлігійных поглядаў ці сексуальных прыхільнасцей, або паказваюць дрэнную рэпутацыю любога сучасніка.
Памерлыя
правіцьУ агульным выпадку гэтае правіла не распаўсюджваецца на інфармацыю пра памерлых. Аднак яно распаўсюджваецца на матэрыялы пра памерлых (у асаблівасці, пра нядаўна памерлых), калі публікацыя гэтых матэрыялаў можа мець наступствы для жывых родных і сяброў памерлага. Спрэчны або сумнеўны матэрыял, які закранае жывых або нядаўна памерлых, варта неадкладна выдаляць.
Любы чалавек, які нарадзіўся менш чым 115 гадоў таму, лічыцца жывым, і матэрыялы пра яго падпадаюць пад гэтае правіла, у адсутнасць аўтарытэтнай крыніцы, якая афіцыйна пацвярджае яго смерць або афіцыйнае прызнанне памерлым. Людзі старэйшыя за 115 гадоў лічацца памерлымі, калі яны не пазначаны ў спісе доўгажыхароў.
Юрыдычныя асобы і групы
правіцьГэтае правіла не распаўсюджваецца на праўкі, якія тычацца карпарацый, кампаній і іншых утварэнняў, што лічацца юрыдычнымі асобамі. Аднак такі матэрыял мусіць адпавядаць іншым правілам пра змест артыкулаў.
Дзеянне гэтага правіла ў адносінах да груп асоб — складанае пытанне, якое варта вырашаць асобна для кожнага канкрэтнага выпадку. Негатыўнае сцверджанне пра невялікую групу або арганізацыю трапляе пад правіла пра біяграфіі жывых асоб з большай імавернасцю, чым падобнае сцверджанне ў адрас буйнейшай групы. Для вельмі малых груп вызначэнне розніцы паміж групай і асобамі, з якіх яна складаецца, можа быць цяжкім. У выпадку складанасцей пераканайцеся, што ўжываеце высакаякасныя крыніцы.
Узаемаадносіны паміж аб’ектам артыкула і Вікіпедыяй
правіцьЯк быць з праўкамі, зробленымі аб’ектам артыкула
правіцьАб’екты часам удзельнічаюць у рэдагаванні матэрыялаў пра сябе непасрэдна або праз прадстаўніка. Арбітражны камітэт англамоўнага раздзела Вікіпедыі вынес рашэнне аб неабходнасці змякчэння адносін да аб’ектаў біяграфій, якія спрабуюць выправіць тое, што яны лічаць памылкамі або несправядлівымі матэрыяламі. Рэдактары павінны прыкладаць усе намаганні, каб паводзіць сябе добразычліва ў адносінах да аб’ектаў біяграфічнага матэрыялу, калі аб’екты дайшлі да выказвання заклапочанасці.
Нягледзячы на тое, што Вікіпедыя не рэкамендуе людзям пісаць пра саміх сябе, выдаленне матэрыялаў без крыніц або матэрыялаў з дрэннымі крыніцамі прымальна. Калі рэдактар, які выйшаў з сістэмы, ачышчае біяграфію цалкам або часткова, гэта можа быць аб’ект, які спрабуе выдаліць праблемны матэрыял. Падобныя праўкі аб’ектаў не павінны разглядацца як вандалізм; замест гэтага суб’екту трэба прапанаваць растлумачыць свае пярэчанні да зместу артыкула. Арбітражны камітэт англамоўнага раздзела Вікіпедыі у снежні 2005 года ўстанавіў наступны прынцып:
Вікіпедыя:Не чапляйцеся да пачаткоўцаў — гэта кіруючы прынцып, які раіць карыстальнікам Вікіпедыі ўлічваць відавочны факт, што новыя карыстальнікі Вікіпедыі час ад часу будуць рабіць што-небудзь няправільна. У тых, у каго ёсць або можа быць артыкул пра сябе, ёсць спакуса — асабліва калі ў такі артыкул уключана відавочна няправільная або вельмі негатыўная інфармацыя — удзельнічаць у пытаннях, якія тычацца артыкула пра ніх саміх. Гэта можа «адкрыць дзверы» для даволі няспелых паводзін і страты годнасці новага карыстальніка. Рэзкая крытыка карыстальнікаў, якія трапілі ў такую пастку, з’яўляецца парушэннем агульнага прынцыпа «не чапляйцеся да пачаткоўцаў». Лепш разглядаць такія паводзіны як памылку пачаткоўца[3].
|
Праца з артыкуламі пра сябе
правіцьУ Вікіпедыі ёсць правілы і рэкамендацыі, якія могуць дапамагчы вам вырашыць праблему з артыкулам пра вас, вялікая колькасць удзельнікаў, якія жадаюць дапамагчы, а таксама магчымасць разгляду праблем у адміністрацыйным парадку. Відавочныя памылкі могуць быць хутка выпраўлены, у тым ліку, і самастойна. У болей складаных выпадках пакіньце паведамленне на старонцы размоў артыкула або на старонцы для паведамленняў пра памылкі. Калі вам патрэбна дапамога адміністратара ў выкананні гэтага правіла, вы можаце звярнуцца на старонку Вікіпедыя:Запыты да адміністратараў.
Памятайце, што амаль усе ўдзельнікі Вікіпедыі — добраахвотнікі, таму няветлівыя паводзіны з вашага боку, хай і выкліканыя цалкам зразумелымі прычынамі, могуць знізіць эфектыўнасць вашага запыту.
Таксама вы можаце звязацца з Фондам Вікімедыя наўпрост (на англійскай мове), гл. ніжэй.
Прававыя праблемы
правіцьКалі ў вас ёсць юрыдычныя або іншыя сур’ёзныя прэтэнзіі наконт матэрыялаў пра вас у вашай біяграфіі або дзе-небудзь яшчэ ў Вікіпедыі, вы можаце звязацца з добраахвотнай службай па апрацоўцы лістоў, якія прыходзяць у адрас фонда Вікіпедыя (вядомай як VRT). Калі ласка, адпраўце паведамленне са спасылкай на артыкул і з апісаннем праблемы па адрасе info-ru@wikipedia.org (на рускай мове) або info-en-q@wikimedia.org (на англійскай мове). У такіх выпадках лепей папрасіць дапамогі, чым спрабаваць выправіць матэрыял самастойна.
Асобам, якія ўцягнуты ў значнае судовае або асабістае разбіральніцтва з аб’ектам якога-небудзь артыкула, настойліва рэкамендуецца не правіць артыкул пра яго. Замест гэтага лепей скарыстацца старонкай размоў артыкула або звярнуцца з заўвагай на старонку для паведамленняў пра памылкі або адпаведную старонку запытаў.
Як звязацца з Фондам Вікімедыя
правіцьКалі рэакцыі ўдзельнікаў або адміністратараў на вашую заўвагу датычна біяграфічнага матэрыялу пра сучаснікаў аказалася недастаткова, вы можаце наўпрост звязацца з Фондам Вікімедыя (на англійскай мове). Націсніце сюды для пераходу на адпаведную старонку.
Рашэнне Фонда Вікімедыя
правіць9 красавіка 2009 года Савет папячыцеляў Фонда Вікімедыя прыняў рашэнне пра дзеянні Вікімедыя ў адносінах да матэрыялаў пры жывых людзей. У рашэнні адзначаецца наяўнасць праблем з некаторымі біяграфіямі: занадта рэкламны тон, вандалізм, памылкі і паклёп. Фонд настойліва заклікае супольнасць Вікімедыя надаваць асаблівую ўвагу прытрымліванню правіл нейтральнасці і правяральнасці датычна жывых асоб; не забывацца пра пытанні захавання чалавечай годнасці і павагі да асабістага жыцця, у асаблівасці — у адносінах да актуальных і маргінальных пытанняў; развіваць новыя тэхнічныя механізмы праверкі новых змен — асабліва, калі гэта закранае жывых людзей; а таксама праяўляць цярпенне, дабрыню і павагу пры разглядзе скарг ад любых асоб на тое, як яны апісаны ў нашых праектах.
Гл. таксама
правіцьПалітыка і рашэнні Фонда Вікімедыя
- Палітыка канфедэцыйнасці фонда Вікімедыя (англ.)
- Біяграфіі жывых людзей, красавік 2009
Дзейныя правілы і рэкамендацыі
Зноскі
правіць- ↑ Wikimedia Foundation, Inc. з’яўляецца амерыканскай некамерцыйнай арганізацыяй, першапачаткова зарэгістраванай у горадзе Сент-Пітэрсберг, штат Фларыда, ЗША. Таму да 31 студзеня 2008 года ўсе іскі да арганізацыі павінны былі падавацца ў суд Сент-Пітэрсберга і разглядацца па законах ЗША з улікам заканадаўства штата Фларыда. Пасля перарэгістрацыі з 31 студзеня 2008 года і да гэтага часу ўсе іскі да арганізацыі павінны падавацца ў суд Сан-Францыска і разглядацца па законах ЗША з улікам заканадаўства штата Каліфорнія. У прыватнасці, іскі па паклёпе і дыфамацыі будуць разглядацца па Законе Злучаных Штатаў аб дыфамацыі (англ.: United States defamation law).
- ↑ (англ.) Jimmy Wales. «WikiEN-l Zero information is preferred to misleading or false information», 16 мая 2006 і 19 мая 2006.
- ↑ en:Wikipedia:Requests for arbitration/Rangerdude#Mercy