Вікіпедыя:Катэгарызацыя

(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:К)

Гэтая старонка змяшчае рэкамендацыі адносна правільнага выкарыстання функцый катэгорый у Вікіпедыі. Катэгарызацыя павінна дапамагаць чытачам арыентавацца ў Вікіпедыі. Пры гэтым колькасць катэгорый для асобных артыкулаў павінна быць разумнай. Назвы катэгорый павінны быць нейтральнымі і вядомымі.

Сістэма

правіць

Катэгорыі неабходныя для арганізацыі артыкулаў у групы, якія б дапамагалі арыентавацца ў энцыклапедыі і дазвалялі хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю, не карыстаючыся пошукам ці алфавітным паказальнікам, такім чынам, катэгарызацыя наладжвае суадносіны паміж артыкуламі.

Сістэма катэгорый сама па сабе іерархічная. Гэта значыць, некаторыя катэгорыі з’яўляюцца падкатэгорыямі іншых катэгорый. Напрыклад, катэгорыя «Чалавецтва» можа ўключаць падкатэгорыі «Культура», «Грамадства» і інш. У сваю чаргу, катэгорыя «Культура» ўтрымлівае катэгорыі «Літаратура», «Архітэктура» і інш. Відавочна, што пералік ідзе ад большага да меншага, па семантычным значэнні.

Сістэма катэгорый павінна быць дастаткова правільнай і карыснай. Калі, напрыклад, вялікая колькасць артыкулаў будзе аднесена да нейкай досыць агульнай катэгорыі, карысць ад такога раскладу можа выклікаць сумнеў, а арыентацыя зробіцца наўрад ці магчымай. Разам з тым, ствараць падкатэгорыі трэба асцярожна і пры гэтым пазбягаць вузкіх тэм, да якіх могуць быць аднесены толькі 1-2 артыкулы.

Катэгорыя — гэта дадатковая опцыя праграмнага забеспячэння MediaWiki. Каб пазбегчы блытаніны, часам варта выкарыстоўваць тэрмін Катэгорыя MediaWiki. Фармаванне катэгорый забяспечваецца праз аўтаматычнае індэксаванне артыкулаў, што з’яўляецца зручным сродкам захавання актуальнага стану. Разам са спасылкамі і шаблонамі яны дазваляюць структураваць праект. Катэгорыі працуюць толькі ў версіях MediaWiki вышэйшых за 1.3.

Прынцыпы катэгарызацыі

правіць

Агульныя прынцыпы

правіць

Катэгорыі мусяць стварацца па дакладным і правяральным прынцыпе, які дазволіць адназначна вызначыць, можа ці не канкрэтная старонка ўваходзіць у катэгорыю. Не дапускаецца стварэнне размытых па назве катэгорый, да якіх тэарэтычна можна аднесці неабмежаваную колькасць старонак.

Катэгорыі павінны быць напоўненымі. Пустыя катэгорыі не маюць сэнсу і мусяць выдаляцца. Аднак, могуць існаваць пустымі пэўныя службовыя катэгорыі, якія адсочваюць наяўнасць старонак па пэўнай прыкмеце і могуць напоўніцца ў любы час. У такія катэгорыі варта прастаўляць шаблон {{Не выдаляйце}}.

Назвы катэгорый павінны адназначна і недвухсэнсоўна апісваць, якія старонкі мусяць трапляць у катэгорыю. У складаных і невідавочных выпадках у катэгорыі можна размясціць тлумачальны тэкст, які ўдакладняе тое, што мусіць быць у катэгорыі.

Катэгарызацыя артыкулаў пра асоб

правіць

Біяграфічныя артыкулы павінны абавязкова ўваходзіць у катэгорыю Асобы, якая збірае ўсе біяграфічныя артыкулы Беларускай Вікіпедыі. Як правіла, гэтая катэгорыя прастаўляецца аўтаматычна з дапамогай службовых шаблонаў-картак ({{Асоба}}, {{Палітык}}, {{Вучоны}}). Пажадана, каб біяграфічныя артыкулы таксама ўваходзілі ў наступныя катэгорыі:

Тыпы катэгарызацыі Прыклады катэгорый
Па даце нараджэння (і смерці, калі ёсць) Нарадзіліся ў 1950 годзе, Нарадзіліся 4 жніўня,
Памерлі ў 2000 годзе, Памерлі 25 верасня
Па краіне жыцця ці асноўнай дзейнасці Постаці Францыі, Постаці ЗША
Па асноўнай сферы дзейнасці Прэзідэнты, Фізікі
Калі выяўляецца катэгорыя на скрыжаванні двух папярэдніх,
трэба дадаваць менавіта яе
Палітыкі Германіі,
Вучоныя СССР
Пры наяўнасці ў чалавека вядомых узнагарод
трэба дадаваць адпаведныя катэгорыі
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы,
Героі Савецкага Саюза

Усе катэгорыі, акрамя катэгорый па літаратуры, ствараюцца паводле дзяржаўнага прынцыпу. Катэгорыі на скрыжаванні дзяржаўных і прафесійных выглядаюць як «X N», дзе X — асобы пэўнай сферы дзейнасці ў множным ліку, а N — назва дзяржавы ў родным склоне. Напрыклад, Палітыкі Германіі, Медыкі Беларусі. Літаратурныя катэгорыі ствараюцца паводле двух прынцыпаў: дзяржава (Пісьменнікі Беларусі, Пісьменнікі Францыі), і мова (Беларускамоўныя пісьменнікі, Рускамоўныя пісьменнікі).

Не варта катэгарызаваць асоб па наступных прыкметах:

Расавая, нацыянальная, рэлігійная прыналежнасць, сексуальная арыентацыя (за выключэннем выпадкаў, калі гэта непасрэдна звязана з дзейнасцю і вядомасцю асобы, напрыклад Катэгорыя:Рэлігійныя дзеячы Беларусі, Катэгорыя:Актывісты руху за правы афраамерыканцаў). Катэгорыі пра адпаведныя групы, кшталту Катэгорыя:Беларусы, Катэгорыя:Афраамерыканцы, дапушчальны, аднак мусяць змяшчаць не асоб (беларусаў, афраамерыканцаў), а артыкулы аб культуры, арганізацыях гэтых груп, дзеячах іх культуры і гісторыі.
Нязначных для асобы прыкметах, не звязаных з прафесійнай дзейнасцю і вядомасцю.

Катэгорыі-эпанімы

правіць

Катэгорыі-эпанімы — катэгорыі, якія звязаны з тэмай пэўнай старонкі, змяшчаюць іншыя старонкі, якія пашыраюць яе тэматыку. Такія катэгорыі варта рабіць аднайменнымі з іх асноўнымі артыкуламі, у тым ліку ставіць удакладненні, нават калі іншых катэгорый з такой жа асноўнай часткай назвы няма. Выключэнне робіцца для катэгорый асоб — у іх, у адрозненне ад артыкулаў, не пішацца імя па бацьку. Катэгорыя-эпанімы збіраюцца ў катэгорыю Катэгорыя:Катэгорыі-эпанімы.

Асноўны артыкул катэгорыі-эпаніма мусіць дадавацца ў катэгорыю, пры гэтым з ключом сартавання « », што размесціць яго ўверсе ў катэгорыі. Не варта ствараць катэгорыі-эпанімы, у якіх ёсць толькі адзін асноўны артыкул.

Катэгорыі-эпанімы змяшчаюць звязаныя з асноўнай тэмай старонкі, таму ў сувязі з прынцыпам транзітыўнасці катэгорыі-эпанімы не варта дадаваць у пэўныя катэгорыі:

Пэўныя катэгорыі-эпанімы не мусяць дадавацца ні ў якія іншыя катэгорыі, акрамя як Катэгорыя:Катэгорыі-эпанімы ці яе падкатэгорыі:

Іншыя ж катэгорыі-эпанімы, напрыклад катэгорыі населеных пунктаў і адміністрацыйных адзінак, катэгарызуюцца гэтак жа як і артыкулы — згодна з іх асноўнай прыналежнасцю. Пры гэтым можа быць два прынцыпы напаўнення бацькоўскай катэгорыі:

  • У бацькоўскую катэгорыю ўваходзяць толькі катэгорыі-эпанімы, а артыкулы не дадаюцца. Такі варыянт можа мець месца, калі катэгорыя мае вызначаную колькасць складнікаў, усе яны існуюць — як катэгорыі-эпанімы, так і іх асноўныя артыкулы. Прыклад — Катэгорыя:Раёны Віцебскай вобласці.
  • У бацькоўскую катэгорыю ўваходзяць як катэгорыі-эпанімы, так і іх асноўныя артыкулы. Такі варыянт можа мець месца, калі катэгорыя мае нявызначаную колькасць складнікаў, калі іх шмат, калі патэнцыйныя артыкулы катэгорыі створаны не ўсе, або катэгорыі-эпанімы створаны не ўсе. Прыклад — Катэгорыя:Гарады Саксоніі.

Катэгорыі па-за асноўнай прасторай

правіць

Старонкі па-за асноўнай прасторай назваў (шаблоны, парталы, старонкі прасторы «Вікіпедыя») мусяць катэгарызавацца асобна ад артыкулаў, і не ўваходзіць у катэгорыі, прызначаныя для артыкулаў. Для такіх прастораў ствараюцца ўяўныя прасторы катэгорый — Катэгорыя:Шаблоны для шаблонаў, Катэгорыя:Парталы для парталаў.

Схаваныя катэгорыі — катэгорыі, якія не адлюстроўваюцца на старонцы. Убачыць іх можна, калі ўключыць адпаведную опцыю ў настройках удзельніка. Схаванымі робяцца службовыя катэгорыі, якія ствараюцца не зыходзячы з тэматыкі старонкі, а зыходзячы з яе зместу — пэўныя катэгорыі адсочвання, якія дапамагаюць шукаць артыкулы з праблемамі; катэгорыі ўдзелу старонак у праектах Вікіпедыі і іншыя. Як правіла, схаваныя катэгорыі не дадаюцца на старонкі яўна, гэта робяць адмысловыя шаблоны. Назвы схаваных катэгорый мусяць пачынацца з «Катэгорыя:Вікіпедыя», яны павінны ўваходзіць у іншыя катэгорыі падпрасторы «Катэгорыя:Вікіпедыя», утвараючы дрэва. Старонкі павінны ўваходзіць хоць бы ў адну несхаваную катэгорыю.