Вікіпедыя:Афармленне артыкулаў
Для забеспячэння прынцыпу стылістычнага адзінства артыкулаў Вікіпедыі, а таксама для зручнасці рэдагавання па магчымасці трымайцеся прыведзеных ніжэй правіл афармлення артыкулаў.
У той жа час варта памятаць, што асноўная мэта Вікіпедыі — стварэнне якаснага энцыклапедычнага зместу, а не прыгожае афармленне. Правільна аформлены артыкул з няякасным зместам не стане лепей за іншыя дрэнныя артыкулы. Аднак для змястоўнага артыкула добрае афармленне дазваляе ўзняцца на больш высокі ўзровень, менавіта такія і трапляюць у лік выдатных.
Структура артыкула
правіцьТэкст артыкула можна ўмоўна падзяліць на некалькі самастойных блокаў, якія мусяць ісці ў прыведзеным ніжэй парадку. Некаторыя з іх могуць прысутнічаць не ва ўсіх артыкулах.
- 1. Стандартныя шаблоны I
- У самым пачатку артыкула, у першых радках, пры неабходнасці могуць размяшчацца стандартныя шаблоны са спасылкамі на старонкі значэнняў, выстаўлення артыкула на выдаленне або перайменаванне, папярэджаннямі (як {{машынны пераклад}}, {{пішу}}) і інш. Далей можа ісці шаблон-картка аб’екта артыкула.
- 2. Асноўная частка артыкула
- Афармленню асноўнай часткі артыкула прысвечана большая частка гэтай старонкі (гл. ніжэй).
- У асноўнай частцы могуць вылучацца раздзелы са спісамі твораў, створанымі аб’ектам артыкула, як то «Бібліяграфія», «Дыскаграфія», «Фільмаграфія», «Творы», «Працы», «Публікацыі». Не варта тут ужываць назву раздзела «Літаратура», каб не блытаць са спецыяльным раздзелам літаратуры, паводле якой напісаны артыкул.
- 3. «Гл. таксама» (спіс дадатковых унутраных спасылак)
- У гэты раздзел могуць быць уключаны спасылкі на артыкулы Вікіпедыі, тэматычна звязаныя з гэтым артыкулам. Такі раздзел неабавязковы; звычайна спасылкі на іншыя артыкулы Вікіпедыі, якія тычацца асобных фактаў і сцверджанняў, рэкамендуецца змяшчаць у тэксце артыкула ў апавядальным стылі, а спасылкі, звязаныя з артыкулам у цэлым, могуць быць размешчаны з дапамогай навігацыйных шаблонаў.
- 4. Зноскі
- Пры наяўнасці зносак у асноўным тэксце яны мусяць выводзіцца ў асобным раздзеле або раздзелах.
- Зноскі могуць змяшчаць як заўвагі да тэксту артыкула, так і спасылкі на вонкавыя крыніцы, на якіх грунтуецца тая ці іншыя частка артыкула. Зноскі дазваляюць паказаць сувязь паміж тэкстам у артыкуле і крыніцамі.
- Зноскі можна як падаваць у адным раздзеле, так і падзяляць на некалькі раздзелаў і падраздзелаў, у залежнасці ад агульнай колькасці і задумы аўтара. Для агульнага раздзела зносак рэкамендуецца ўжываць назву «Зноскі», для раздзела з заўвагамі да тэксту — назву «Заўвагі», для раздзела са спасылкамі на крыніцы — назву «Крыніцы».
- 5. «Літаратура» (спасылкі на выкарыстаную і рэкамендаваную літаратуру)
- Друкаваныя выданні і публікацыі па тэме, паводле якіх напісаны артыкул, падаюцца ў асобным раздзеле «Літаратура». У гэтым жа раздзеле пазначаецца дадатковая рэкамендаваная літаратура па тэме артыкула. Пры гэтым друкаваныя выданні, выкладзеныя ў Сеціве, прыводзяцца ў раздзеле «Літаратура», а не ў раздзеле «Спасылкі». Пры наяўнасці вялікай колькасці літаратуры могуць вылучацца падраздзелы (паводле тэматыкі, перыядызацыі, мовы і інш.). Раздзел афармляецца маркіраваным спісам (а не нумараваным).
- 6. «Спасылкі» (спіс дадатковых вонкавых спасылак)
- У асобным раздзеле «Спасылкі» даюцца спасылкі на электронныя рэсурсы па тэме артыкула.
- 7. Стандартныя шаблоны II
- Пасля інфармацыйнай часткі артыкула і спасылкай ідзе другі блок шаблонаў, дзе могуць быць:
- шаблон {{rq}} або яго аналагі, якія кажуць пра тое, якія патрабуюцца дапрацоўкі ў артыкуле;
- гарызантальныя навігацыйныя шаблоны, у тым ліку шаблон {{Вонкавыя спасылкі}}.
- 8. Катэгорыі
- Катэгорыі, у якія дадаецца артыкул, мусяць месціцца ў канцы тэксту. Перад катэгорыямі можа размяшчацца інструкцыя
{{DEFAULTSORT:}}
. Калі катэгорый некалькі, то спасылка на кожную з іх даецца на асобным радку.
Асноўны тэкст артыкула
правіцьАсноўны тэкст артыкула набіраецца без абзацнага водступу з адзінкавымі прабельнымі інтэрваламі паміж словамі. Падзел тэксту на абзацы робіцца наборам аднаго пустога радка (двойчы націснутая клавіша ↵ Enter). Адзінкавы перавод радка не прыводзіць да стварэння новага абзаца, але можа быць карысны для ўпарадкавання тэкстуу і зручнасці прагляду на этапе рэдагавання.
Механізм Wiki забяспечвае аўтаматычную вёрстку радкоў, выраўноўвае тэкст на старонцы ў адпаведнасці з індывідуальнымі настройкамі карыстальніка (па змоўчанні — па левым краі); таму для разметкі асноўнага тэксту артыкула не варта ўжываць інструменты мовы HTML (шрыфтавыя і колеравыя вылучэнні і інш.).
Падзел на раздзелы
правіцьКалі памер артыкула стаў досыць вялікім, то мае сэнс падзяліць яго на раздзелы: вылучыць прэамбулу, дзе даць азначэнне прадмета артыкула і кароткую версію артыкула, а астатні тэкст падзяць на блокі. Цэль падзелу — стварэнне выразнай сістэмы загалоўкаў, якая адлюстроўвае лагічную структуру артыкула.
Прэамбула
правіцьПрэамбула звычайна пачынаецца з азначэння, якое даецца ў фармаце <Назва> — <вызначэнне>. Назва ў азначэнні даецца паўтлустым шрыфтам, без змянення памеру шрыфта і капіталізацыі. Непажадана ў назве рабіць унутраныя спасылкі на іншыя артыкулы — іх лепей змясціць далей па тэксце. Пасля назвы і перад працяжнікам могуць ісці сінонімы, назвы на мове арыгіналу, для асоб таксама даты жыцця. У залежнасці ад пашыранасці сінанімічнай назвы яна можа ісці ў дужках або пасля коскі, давацца паўтлустым або курсіўным шрыфтам. Вызначэнне даецца пасля працяжніка, мусіць змяшчаць адно-два сказы, якія даюць найважнейшую інфармацыю пра прадмет артыкула. У выпадку апісальных артыкулаў (напрыклад пра пэўную тэму датычна адной краіны, як Гісторыя Францыі) змястоўнае азначэнне можа адсутнічаць.
Загалоўкі
правіцьУ Вікіпедыі ўжываюцца загалоўкі глыбінёй укладзенасці не болей за шэсць узроўняў. Аднак такая колькасць патрэбная рэдка, звычайна нават у вялікіх артыкулах ужываецца не больш за чатыры ступені падзагалоўкаў.
Загалоўкі набіраюцца паводле наступных правіл:
- кожны загаловак займае асобны радок, пры гэтым:
- не ставіцца кропка ў канцы;
- не варта ўжываць шаблоны;
- не ставяцца вікіспасылкі ў загалоўках (замест гэтага можна ўжываць шаблоны {{асноўны артыкул}} і {{гл. таксама}});
- не варта ставіць зноскі ў загалоўку — яны мусяць адносіцца да тэксту, а не да загалоўка;
- перад загалоўкам адзін радок застаецца пустым;
- тэкст раздзела пачынаецца адразу з наступнага пасля загалоўка радка:
...тэкст артыкула. == Новы загаловак == Працяг тэксту артыкула...
Тыпаграфіка
правіцьВарта афармляць тэкст у тыпаграфскім, а не машынапісным стылі.
- У якасці працяжніка ўжывайце толькі доўгі працяжнік (—), а не дэфіс (-), не два дэфісы (--), не кароткі працяжнік (–), не знак мінуса (−) і не іншыя падобныя сімвалы.
- Дэфіс (-) заўсёды ўжываецца толькі ўнутры слоў (па-беларуску, з-за).
- Пры пазначэнні лікавых інтэрвалаў — напрыклад, у датах — ужывайце доўгі працяжнік (—) без прабелаў паабапал:
1939—1945
. - Замест машыныпіснага двукосся ("") ужывайце ёлачкі («»), двукоссі ў двукоссях афармляйце як лапкі („“).
- Калі трэба пазначыць націск, ужывайце знак націску (
{{subst:націск}}
у панелі хуткай устаўкі, раздзел «Фарматаванне»), а не тлусты шрыфт, падкрэсліванне або вялІкую лІтару. - У якасці апострафа ўжывайце друкарскі апостраф (
’
), а не машынапісны апостраф ('
). Гл. Вікіпедыя:Апостраф. - Не замяняйце знак шматкроп’я (
…
) трыма кропкамі (...
). - Непарыўныя прабелы ўжываюцца ў для павышэнне чытальнасці тэксту. У акне рэдагавання вікітэксту непарыўныя праблемы не адрозніваюцца ад звычайных. Як правіла, яны аўтаматычна ставяцца ў патрэбныя месцы Вікіфікатарам.
Спрасціць паляпшэнне тыпаграфікі можа Вікіфікатар — праграма, якая выконваецца непасрэдна ў вашым браўзеры і выклікаецца спасылкай у левым верхнім вуглу ў акне рэдагавання. Але гэты інструмент можа працаваць няправільна або зусім не працаваць — перад захаваннем змен правярайце яго працу.
Найбольш часта ўжываныя спецыяльныя сімвалы размешчаны пад акном рэдагавання ў раздзеле «Сімвалы», а таксама над акном рэдагавання ў выпадальным меню «Спецыяльныя сімвалы», група «Сімвалы». Для хуткай устаўкі пастаўце тэкставы курсор у патрэбнае месца і націсніце на патрэбны сімвал.
Замежныя словы варта падаваць у правільных зыходным напісанні, дадаючы беларускую транскрыпцыю ў невідавочных выпадках. У замежных уласных назвах (такіх як назвы музычных альбомаў, камп’ютарных гульняў) для лепшай перадачы арыгіналу дапускаецца захоўваць тыпаграфіку, прынятую ў зыходнай мове.
Знакі прыпынку
правіцьПры расстаноўцы знакаў прыпынку варта ў першую чаргу кіравацца дзейнымі правіламі беларускай мовы.
Пры наборы коска (,), кропка з коскай (;), двукроп’е (:), кропка (.), клічнік (!), пытальнік (?) і шматкроп’е (…) ад папярэдняга слова прабелам не аддзяляюцца, але адбіваюцца ад наступнага слова адзінкавым прабелам. Гэта ў тым ліку прымяняецца для скарачэнняў, ініцыялаў імя і імя па бацьку, напрыклад: і г. д. (і гэтак далей), І. І. Іваноў. Выключэнне: да н.э. (да нашай эры).
Унікайце некалькіх паслядоўных шэрагаў дужак. Лепей зрабіць адзін шэраг у дужках і падзяліць часткі кропкай з коскай. Напрыклад: Джон Доу (англ. John Doe; нар. 1 студзеня 1900) — амерыканскі вучоны.
Квадратныя дужкі звычайна ўжываюцца для ўстаўкі тлумачальнага тэксту, напрыклад унутры цытат.
Калі фрагмент тэксту трэба адначасова змясціць у двукоссях і зрабіць унутраную спасылку, то двукоссі выносяцца па-за межы спасылкі (у «[[Вікіпедыя|Вікіпедыі]]»
). Пры неабходнасці вылучыць курсівам фрагмент тэксту, змешчаны ў двукоссях, апошнія ўкладаюцца ў курсіў (у ''«[[Вікіпедыя|Вікіпедыі]]»''
).
Мянушкі або шырока ўжываныя памяншальныя імёны людзей пішуцца без двукоссяў, напрыклад Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку, Уільям Джэферсан (Біл) Клінтан.
Працяжнікі адбіваюцца прабеламі з двух бакоў. Аднак, калі працяжнік пазначае інтэрвал і з абодвух бакоў стаяць лікі, то прабелы не ставяцца: у XI—XIII стагоддзях, у 1985—1991 гадах. Калі ж хоць адна з частак мае словы або скарачэнні, то працяжнік аддзяляецца прабеламі: тры — чатыры гады, 1985 — 1 студзеня 1991.
Вылучэнне
правіцьЛагічнае вылучэнне слоў у тэксце робіцца паўтлустым шрыфтам або курсівам.
У агульным выпадку вылучэнне прымяняецца для прыцягнення ўвагі на пэўным участку тэксту, важным паняцці ў кантэксце артыкула. У большасці выпадкаў ужываецца курсіўнае вылучэнне. Паўтлустае вылучэнне варта ўжываць асцярожна і толькі пры вялікай неабходнасці, бо яно прыцягвае залішнюю ўвагу і ўскладняе ўспрыманне. Звычайна паўтлустае вылучэнне ўжываецца для назвы ў пачатку (супадае з загалоўкам артыкула) і раўназначных сінонімаў. Паўтлустым курсівам могуць вылучацца вытворныя паняцці, якія не сінанімічныя прадмету артыкула, але ім таксама даецца вызначэнне.
Курсівам вылучаюцца падаваныя ў дужках назвы на замежных мовах, у тым ліку арыгінальныя напісанні ў пачатку артыкула. Таксама вылучацца курсівам могуць запісаныя ў асноўным тэксце артыкула без дужак поўнасцю лацінскімі літарамі назвы аўдыявізуальных твораў, перыядычных выданняў, тэлепраграм, камп’ютарных гульняў і пад.
Вылучыць загаловак артыкула курсівам (напрыклад, у навуковых назвах таксонаў) можна з дапамогай шаблона {{Загаловак курсівам}}. Для вылучэння курсівам часткі загалоўка можна скарыстацца магічным словам DISPLAYTITLE:
{{DISPLAYTITLE:500 найвялікшых альбомаў усіх часоў па версіі часопіса ''Rolling Stone''}}
Павялічанага ці паменшанага памеру шрыфта варта пазбягаць без неабходнасці. Звычайна там, дзе трэба, іншыя памеры шрыфта ўжо забяспечваюцца загалоўкамі раздзелаў, шаблонамі. Паменшаны памер шрыфта можа спатрэбіцца вялікім табліцам, каб яны змясціліся на экране. Павялічаны ці паменшаны памеру шрыфта варта задаваць у адносных адзінках (90%
), а не ў абсалютных (12.6px
). Пазбягайце памяншэння шрыфта там, дзе ўжо ўжываецца паменшаны памер, як то шаблоны-карткі, навігацыйныя шаблоны, подпісы да выяў, тэкст зносак.
Сэнсавае вылучэнне слоў КАПІТАЛІЗАЦЫЯЙ, падкрэсліваннем недапушчальна.
Лікі
правіцьЛікі могуць быць прадстаўлены ў тэксце як у тэкставым, так і ў лічбавым выглядзе. Варта мець на ўваце, што ў лічбавай форме яны больш заўважныя, таму такая форма больш падыходзіць, калі лік мае значэнне для тэмы артыкула; калі ж гэта агульная інфармацыя, то больш пасуе тэкставая форма.
Аднак, у пэўных сітуацыях дапушчальна толькі адна форма. Так, лічбы пішуцца, калі:
- лік шматзначны (большы за 100);
- лікі спалучаюцца з адзінкамі вымярэння, пададзенымі ў скарочаным выглядзе («5 км», але не «пяць км»). Тое ж адносіцца да знака працэнта («10 %», але нельга «дзесяць %»).
Лікі варта даваць словамі, калі:
- колькасны лік пачынае сказ;
- колькасны лік стаіць не ў назоўным склоне не пры адзінках вымярэння. Прыклад: памылка сустракаецца ў трох месцах.
Для вялікіх круглых велічынь (тысяч, мільёнаў, мільярдаў, трыльёнаў) можна спалучыць лічбавую і тэкставую формы, ужываючы скарачэнні тыс., млн, млрд, трлн. Напрыклад: 22 тыс. тон. Звярніце ўвагу: скарачэнне тыс. змяшчае кропку ў канцы, а млн, млрд, трлн — не.
Для парадкавых лічэбнікаў, пададзеных лічбамі, нарошчваецца адна- або двухлітарны канчатак. У назоўным склоне нарошчваецца заўсёды адна літара: 1-ы (а не 1-шы), 2-я (а не 2-ая).
Не нарошчаюцца канчаткі для нумара года і чысла месяца, калі слова год і назва месяца ідуць адразу за лікам. Але калі слова «год» або назва месяца апушчана або стаіць перад лікам, то канчатак варта нарошчваць. Прыклад: 4 снежня 1954 года, у жніўні 1944-га (няправільна: у 1991-м годзе).
У колькасных лічэбніках канчатак не нарошчваюць (няправільна: у 3-х выпадках).
Рымскія лікі
правіцьПры запісе рымскіх лікаў прымяняюць сем знакаў — вялікія літары лацінскага алфавіта:
I V X L C D M
Ужываць іншыя падобныя сімвалы нельга.
Заўсёды рымскімі лічбамі пішуцца:
- стагоддзі (XIX стагоддзе);
- нумары ў імёнах манархаў, іерархаў (Карл IX, Ян Павел II);
- нумары з’ездаў, кангрэсаў;
- нумары Алімпійскіх гульняў (XXII Алімпійскія гульні).
Рымскія лічбы ўжываюцца толькі для пазначэння парадкавых лікаў. Канчатак у рымскіх ліках не нарошчваецца.
Дата і час
правіцьУ артыкулах трэба адназначна прывязвацца да часавой шкалы. Недапушчальны выразы «ў мінулым стагоддзі», «нядаўна», бо чытач можа іх няправільна зразумець (тэкст можа захавацца і праз шмат гадоў). Аднак можна ўжываць фармулёўкі кшталту «за год да таго», «праз два месяцы», калі за пункт адліку прымаецца падзея, дата якой ужо была дакладна пазначана.
Пры запісе дзесяцігоддзя кароткай формы (без першых дзвюх лічбаў) лепей пазбягаць, а калі яна ўсё ж ужываецца, то мусіць быць яўна пазначана, да якога стагоддзя адносіцца, напрыклад 50-я гады XX стагоддзя.
Пры запісе дыяпазона дат лікі, якія пазначаюць граніцы дыяпазона, трэба набіраць поўнасцю. Недапушчальна адкідваць стагоддзі ў другой граніцы: няправільна 1941—45 гады.
Для запісу ўсіх відаў некаляндарных гадоў (якія пачынаюцца ў адным каляндарным годзе, а заканчваюцца ў наступным) ужываецца касая рыса: у 1984/85 навучальным годзе.
Вікіфікаваць даты ў агульным выпадку не трэба, гл. Вікіпедыя:Унутраныя спасылкі (раздзел «На што не варта спасылацца», пункт 5).
Стары і новы стыль
правіцьГрыгарыянскі каляндар (новы стыль) дзейнічае з 15 кастрычніка 1582 года. Для падзей, якія адбыліся раней, даты даюцца па юліянскім календары. Летазлічэнне па новым стылі прымалася ў розных краінах у розны час, таму пасля 15 кастрычніка 1582 года, акрамя даты па грыгарыянскім календары, у некаторых выпадках пажадана даваць даты і па календары, які дзейнічаў у адпаведнай краіне ў той час. Аднак унутраныя спасылкі варта рабіць толькі з дат па новым стылі.
Час сутак
правіцьЧас сутак у агульным выпадку даецца па мясцовым часе, які афіцыйна дзейнічаў на тэрыторыі, дзе адбылася падзея. Пры гэтым пажадана пазначыць зрух адносна UTC. У асобных выпадках можна пазначаць час у іншых часавых паясах, калі на гэтым акцэнтуецца ўвага ў крыніцах.
Скарачэнні
правіцьБез важкіх прычын скарачаць словы нельга.
Варта пазбягаць ужывання неадназначных або незразумелых скарачэнняў. У той жа час прымяненне скарачэнняў, адпаведных характару і стылю тэксту, часта бывае карысным, бо памяншае аб’ём і дазваляе чытачу сканцэнтравацца на сэнсе.
У Вікіпедыі дапушчальна ўжываць толькі агульнапрынятыя і спецыяльныя скарачэнні, прычым апошнія — толькі пры ўмове іх папярэдняй расшыфроўкі. Расшыфроўка можа як быць яўнай (у дужках), так і ў выглядзе ўнутранай спасылкі. У Вікіпедыі няма неабходнасці эканоміць месца, таму ўжываныя ў папяровых энцыклапедыях скарачэнні прыметнікаў (рэвалюц.), адналітарныя скарачэнні паняцця, якому даецца вызначэнне (В. у артыкуле Віцебск), у Вікіпедыі недапушчальны.
Ствараць асобны раздзел з пералікам ужытых скарачэнняў звычайна не трэба, але гэта можа быць карысна як тлумачэнне для табліц і схем.
Пры скарачэнні варта прытрымлівацца адзінства стылю. Гэта значыць, што аднатыпныя словы мусяць або скарачацца ўсе, або не скарачацца зусім. Сюды ж адносіцца і скарачэнне блізкіх па сэнсе слоў. Так, калі недзе ў артыкуле пасля ліку скарачаюцца словы «год» і «стагоддзе» (г., ст.), то варта скарачаць і словы «гады» і «стагоддзі» (гг., стст.).
Слова год
правіцьДрукаваныя выданні часта апускаюць словы год, гады пасля лікаў, але ў Вікіпедыі такое не вітаецца. У беларускай мове не прынята апускаць слова год як у вуснай мове, так і на пісьме. Таму слова год, у поўнай або скарочанай форме, звычайна мусіць прысутнічаць пасля ліку. Напрыклад: Янка нарадзіўся ў 1991 годзе ў Мінску. Выключэнне з гэтага правіла складаюць тлумачэнні, якія звычайна даюцца ў дужках, могуць пазначаць даты падзей, даты выхаду навуковых прац. Напрыклад: падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794) камандаваў брыгадай. Таксама адкідаць слова год дапушчальна ў подпісах да выяў і схем, у табліцах. Тыя ж прынцыпы дзейнічаюць і для дыяпазонаў дат.