Вікіпедыя:Унікайце няпэўных выразаў

(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:УНВ)

Няпэўныя выразы — словы або абароты, якія быццам пацвярджаюць выказванне, але не спасылаюцца на правяральныя крыніцы або самі недакладныя, напрыклад — «некалькі», датычна пэўна вядомай колькасці. Надаюць выразу або сказу выгляд аўтарытэтнага меркавання, але не дазваляюць чытачу ацаніць аўтарытэтнасць яго крыніцы. Калі сцверджанне не можа быць сфармулявана без няпэўных выразаў, яно парушае нейтральны пункт гледжання; трэба знайсці крыніцу такога сцверджання, або яно мусіць быць выдалена.

Калі сцверджанне можа быць сфармулявана без няпэўных выразаў, яны толькі шкодзяць яго нейтральнасці. Напрыклад, «Мінск — найлепшы горад у свеце» яўна перадузятае, у такім разе ўжыванне няпэўнага выразу можа даць ілюзію нейтральнага пункту гледжання: «Некаторыя кажуць, што Мінск — найлепшы горад у свеце», — што хоць лагічна дакладна (хтосьці праўда можа так казаць), але не інфарматыўна:

  • Хто менавіта так лічыць, імёны ананімных аўтарытэтаў?
  • Калі яны так сказалі? У XV стагоддзі, у часы Рэчы Паспалітай або 1 красавіка?
  • Некаторыя — колькі, трое з сямі, сямёра з мільёна?
  • Якой кваліфікацыі гэтыя людзі? Яны гісторыкі, архітэктары, урбаністы, іншаземныя паслы або літаратурныя персанажы?
  • Дзе гэтыя некаторыя? Што іх аб’ядноўвае, якую супольнасць яны прадстаўляюць?
  • Наколькі яны могуць быць прадузятымі?
  • Чаму іх меркаванне можа быць значным?

Няпэўныя выразы звычайна не даюць нейтральнага пункту гледжання, але могуць служыць шырмай асабістаму меркаванню, чуткам або прапагандзе. Не кожны чытач у стане заўважыць, што падмацаваныя імі звесткі трымаюцца на хісткім грунце. Гэта асабліва небяспечна ў такім аўтарытэтным тэксце як энцыклапедыя. Значна лепей пазначыць імя таго, хто выказаў меркаванне, чым падаваць яго крыніцу як ананімную.

Эсе тлумачыць правілы ВП:Правяральнасць, ВП:Нейтральны пункт гледжання, ВП:Аўтарытэтныя крыніцы. Найчасцей няпэўнасць узнікае пры перадачы тэксту «праз трэція рукі» — калі крыніцы не пазначана, і ўдзельнік нешта недзе чуў і піша з памяці, або крыніца ёсць, але нізкай аўтарытэтнасці, напрыклад, забаўляльны сайт, шматкротны рэпост рознымі сайтамі навіны, што «брытанскія навукоўцы» адкрылі нешта незвычайнае. У такіх выпадках вельмі пажада знайсці арыгінал паведамлення або публікацыю на яго на аўтарытэтным сайце. У выпадку цытаты, напрыклад, "доктар эканамічных навук, В. І. Жук піша: «Сярод эканамістаў пераважае тэорыя, паводле якой…» — удакладняць сцвярджэнне, наколькі менавіта тэорыя пераважае, не абавязкова, але можна, падаўшы яго не цытатай.

Прыклады

правіць
  • «Эксперты, звычайныя карыстальнікі, брытанскія навукоўцы сцвярджаюць…»
  • «Вядучыя спецыялісты краіны раяць, ухваляюць, падтрымліваюць…»
  • «Сцвярджаюць…»
  • «Паведамляюць…»
  • «Агульнапрызнана…»
  • «Лічаць…»
  • Антрапамарфізмы ўзору «медыцына кажа…», «гісторыя даказвае…» або «навука крытыкуе…»
  • «Цікавы яе ролі…»
  • «Паводле статыстыкі…»
  • «Праект многія крытыкуюць за…»
  • «Былі выказванні…»
  • «Працу ўрада рэзка крытыкуюць…»
  • «… атрымана высокая ацэнка экспертнай супольнасці…»
  • «Ёсць меркаванне…»
  • «Назіраецца…», «як назіраецца»

Іншыя недахопы

правіць

Апроч стварэння ілюзіі нейтральнага пункту гледжання, у няпэўных выразаў ёсць і іншыя недахопы.

  • Шматслоўе. Няпэўныя выразы падаўжаюць сказ, але не даюць дадатковай інфармацыі. Напрыклад: «былі агучаны некаторыя меркаванні, што…» або «…з гэтай прычыны выказана шмат абгрунтаваных пярэчанняў…» або «…што стварыла праблемы ў шэрага вядомых дзеячаў культуры і выклікала занепакоенасць у звычайных гледачоў…». Падобныя выразы могуць служыць формай ананімізацыі прадузятых меркаванняў або выказванняў, або ўжывацца для ўтойвання належнасці крыніцы да зацікаўленага боку.
  • Манатоннасць. Тэкст «некаторыя згодны з тым, што […] некаторыя ж лічаць […], а некаторыя наогул думаюць […], калі некаторыя не згодны […] пры гэтым некаторыя не звяртаюць увагі» — проста благі стыль.
  • Колькасная няпэўнасць. «Шмат», «большасць», «усе», «мала», «меншасць» — фактычна не вядома колькі, «большасць» гэта 51 % або 80 %, «мала» — 3 %, 10 % або 30 %, «усе» — якім чынам вызначана, што абсалютна ўсе? Таксама варта ўнікаць аргументацыі ad populum (спасылкі на большасць) для падтрымкі сваіх тэзісаў. Для адзначэння колькаснай няпэўнасці ў артыкулах ужывайце шаблон {{колькі}}, {{хто}}.
  • Часавая няпэўнасць. Некарэктна ўжываць «цяперашнім часам», «нядаўна», «мінулым стагоддзем», «у перспектыве», «праз 10 гадоў», «10 гадоў таму» праз не відавочнасць пункту адліку. «Сёння», «цяпер», «зараз» — кожны дзень. У апісаннях зменлівых аб’ектаў, напрыклад, спартыўных дасягненняў або грашовых ацэнак, часавая няпэўнасць наогул абясцэньвае выкладзеныя факты. Ужывайце пэўнае часавае акрэсленне, узору «станам на 1 студзеня 2023 года», «у 2020 годзе», «у XVII стагоддзі», «у 1250-я гады», «з 1 красавіка 2024 года». Таксама мала сэнсу ў азначэнні «сучасны», бо аб’екты сучасныя ў гістарычны кантэксце («меркаванне Цэзара пра сучасныя норавы»), але не на час стварэння артыкула («сучасная мода»), або напісання крыніцы («сучасныя савецкія паэты»), або наогул невядома калі («сучасны паравоз»). Часавая няпэўнасць узнікае таксама пры прывязках да падзей, якія меркавана чытач мусіць ведаць або пазнаць па адным слове — «пасля вайны» або «да рэвалюцыі», якія на праўдзе могуць быць непазнавальнымі. Для адзначэння часава няпэўных месцаў у артыкулах ужывайце шаблон {{калі}}.
  • Геаграфічная няпэўнасць. Пазначайце месцазнаходжанне аб’екта. Часам можа падавацца, што месца дужа вядомае, каб яго называць, але гэта зманлівае ўяўленне. Пагатоў Вікіпедыя глабальная энцыклапедыя, ёю карыстаюцца людзі па-за мясцовым кантэкстам. Вызначэнні ўзору «айчынны» або «замежны» таксама не пажаданы з гэтай прычыны. Для адзначэння такіх сумнеўных месцаў у артыкулах ужывайце шаблон {{дзе}}.