Вікіпедыя:Вайна правак

(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:ВАЙНА)

Войны правак узнікаюць, калі ўдзельнікі або групы ўдзельнікаў пачынаюць рэгулярна адмяняць праўкі аўтарства іншых удзельнікаў з супрацьлеглым пунктам гледжання на адной або некалькіх старонках сумежнай тэматыкі. Падобная канфрантацыя ў Вікіпедыі сувора забараняецца і разглядаецца як парушэнне этычных норм паводзін, бо яна з’яўляецца спробай перамагчы ў дыскусіі з ужываннем «грубай сілы», падрывае працэс пошуку кансэнсусу, які мае праходзіць у атмасферы канструктыўнай супрацы.

Што такое вайна правак?

правіць

Пад вайной разумеецца не нейкае адзінкавае дзеянне, а агульны настрой удзельніка на канфрантацыю ў тым, што тычыцца зместу артыкулаў. Вайна правак — гэта агрэсіўнае выкарыстанне механізма правак з мэтай перамагчы ў спрэчцы пра змест артыкула.

Пры развязанні канфліктаў адміністратарам часта даводзіцца самастойна вызначаць кваліфікацыю тых або іншых дзеянняў як вайны правак. Існуе некалькі крытэрыяў, якія могуць выкарыстоўвацца для вызначэння датычнасці таго або іншага ўдзельніка да войн правак.

Найбольш пашыраным крытэрыям наяўнасці вайны правак з’яўляецца парушэнне ўдзельнікам правіла трох адкатаў. Паводле гэтага правіла, перавышэнне ўдзельнікам абсалютнага абмежавання на колькасць «адкатаў», якія дазваляецца рабіць у адным асобна ўзятым артыкуле на працягу 24 гадзін (тры «адкаты»), кваліфікуецца як вайна правак. Гэтае абмежаванне, аднак, не варта тлумачыць занадта фармальна, і той факт, што ўдзельнік дасягнуў (хоць і не перавысіў) дазволены ліміт, кажа пра наяўнасць сур’ёзнага парушэння норм паводзін. Правіла трох адкатаў не варта разглядаць і як дазвол ажыццяўляць «адкаты», якія фармальна не падпадаюць пад яго дзеянне: войны правак могуць расцягвацца на некалькі дзён або нават на больш працяглы тэрмін, яны могуць ахопліваць адразу некалькі старонак, хоць дзеянні ўдзельніка пры гэтым могуць заставацца ў межах «нормы», і нарэшце, праблема можа крыцца ў тым, што ўдзельнік проста прывык адказваць «адкатам» на ўсякае рэдагаванне, якое выклікае ў яго незадаволенасць.

Вядзенне войн правак — гэта паводзінная ўстаноўка, якая характарызуецца схільнасцю да канфрантацыі. Такія паводзіны супярэчаць духу пошуку кансэнсусу, заснаванага на абмеркаванні сытуацыі.

Не з’яўляюцца вайной правак «адкаты» вандалізму або правак удзельнікаў, заблакаваных адміністратарам — у той жа час, не з’яўляюцца вандалізмам рэдагаванні, якія здзяйсняюцца ў час канфлікту з нагоды зместу артыкула (нават калі яны відавочна парушаюць НПГ), і іншыя дзеянні, калі яны здзяйсняюцца з добрымі намерамі.

Чым шкодзяць войны правак?

правіць

Войны правак з’яўляюцца неканструктыўнымі паводзінамі, якія характарызуюцца паўтаральнымі агрэсіўнымі скасаваннямі («адкатамі») чужых змен. Асноватворны прынцып Вікіпедыі крыецца ў перакананні, што адкрытая Інтэрнэт-супольнасць мае здольнасць стварыць якасную энцыклапедыю, заснаваную на нейтральным пункце гледжання. Дасягненне гэтай мэты патрабуе ўзважанага падыходу да вядзення дыскусіі, цярпення, а таксама здаровай атмасферы ў грамадстве ў цэлым, у той час як парушэнне норм этыкі і войны правак толькі перашкаджаюць гэтаму. Адкаты чужых правак, зробленых з добрымі намерамі, з’яўляюцца свядомай адмовай ад абмеркавання спрэчных момантаў і спробы наладзіць канструктыўную супрацу, а такія паводзіны не дапускаюцца ў Вікіпедыі. Удзельнікі, якія працягваюць весці войны правак, нягледзячы на ўсе даведзеныя да іх тлумачэнні правіл, нягледзячы на папярэджанні і блакаванне, тым самым негатыўна ўплываюць на атмасферу ў супольнасці і могуць атрымаць бестэрміновае блакаванне.

Акрамя таго, у час войн правак артыкулы рэгулярна змяняюцца, і гэтыя змены часам супярэчаць адна адной. Гэта не можа не адбівацца на дакладнасці артыкула.

Што рабіць?

правіць

Пры выяўленні вайны правак найперш варта паспрабаваць патлумачыць удзельніку (асабліва калі гэта пачатковец) прынцыпы працы ў Вікіпедыі і паказаць яму, што ён робіць няслушна.

Адміністратар, які не ўдзельнічае ў канфлікце, які выявіў вайну правак і не здолеў прымірыць супрацьлеглыя бакі або пераканаць іх пачаць працэс урэгулявання рознагалоссяў, можа часова заблакаваць уцягнутых у вайну ўдзельнікаў або абараніць старонку.

Абарона старонкі можа быць эфектыўнай у тых сітуацыях, калі ёсць падставы меркаваць, што бакі скарыстаюцца паўзай, каб абмеркаваць супярэчнасці і выпрацаваць кансэнсус.

Блакаванні лепей ужываць у сітуацыях, калі ўдзельнік не выяўляе здольнасці або жадання змяніць сваё стаўленне, пра што могуць сведчыць яго жорсткі стыль паводзін, парушэнне этычных норм або раней зафіксіраваныя выпадкі ўдзелу ў войнах правак, па якіх удзельнік не змяніў сваіх паводзін.

Удзельнікам, якія часта бяруць удзел у войнах правак, варта быць гатовымі да таго, што іх блакаванні будуць паступова станавіцца ўсё больш працяглымі, а супольнасць у дачыненні да іх будзе выяўляць усё меншую памяркоўнасць. Непапраўным удзельнікам войн правак звычайна рана ці позна пагражае бестэрміновае блакаванне або забарона на рэдагаванне артыкулаў пэўнай тэматыкі.

Як сябе паводзіць?

правіць

Ваяўніча настроеным удзельнікам варта змяніць свае звычкі і спрабаваць знаходзіць кансэнсус з апанентамі, заснаваны на абмеркаванні рознагалоссяў, якія выяўляюцца ўжо па першым «адкаце». Перш чым уцягнуць сябе ў вайну правак, абмяркуйце прапанаваныя вамі змены на старонцы размоў артыкула або на старонцы размоў вашага апанента. Помніце, што ў Інтэрнэце ва ўмовах абмежаванага кантакту з іншым чалавекам вельмі лёгка няслушна патлумачыць яго намеры або пераацаніць ўзровень яго агрэсіўнасці. Упэўненасць у тым, што ваш апанент «не мае рацыі», «неканструктыўны», або ў тым, што ён прасоўвае свой ненейтральны пункт гледжання, не можа быць апраўданнем для вайны правак.

Каб не чыніць дзеянняў, якія спараджаюць войны правак, рэкамендуецца выразна тлумачыць усе свае адкаты. У відавочных выпадках (адкат праўкі, якая парушае правіла) можа быць дастаткова зрабіць каментарый да праўкі, але ў больш складаных выпадках настойліва рэкамендуецца адразу напісаць тлумачэнне на старонцы размоў артыкула (пры гэтым у каментарыі да праўкі пажадана на гэта паказаць, напрыклад, напісаўшы «гл. размовы»). Старайцеся не весці дыскусій у выглядзе абмену рэплікамі ў каментарыях да адкатаў, бо такая дыскусія мае абмежаваны фармат. Канструктыўна дамоўцеся на старонцы размоў артыкула, а потым ужо зрабіце ўзгодненае рэдагаванне.

Гл. таксама

правіць