Бугрыстая парша бульбы

Бугрыстая парша бульбы — інфекцыйнае грыбковае захворванне бульбы.

Узбуджальнік хваробы — недасканалы грыб Polyscytalum pustulans. Грыбніца бескаляровая, з перагародкамі. Таўшчыня маладых гіф 2,5 — 3,5 мкм, пры старэнні культуры яны патаўшчаюцца да 7-10 мкм, становяцца вузлаватымі і афарбоўваюцца ў карычневы колер. Канідыі авальна-цыліндрычныя, бясколерныя, аднаклетачныя (у старых культурах могуць быць двухклеткавымі), у ланцужках, памерам 6-12 на 2-2,5 мкм. Даўжыня канідыяносцаў 80-100 мкм.

Шкоднасць

правіць

Патаген пашкоджвае вочкі на насенных клубнях, што прыводзіць да моцнага разрэджвання пасеваў і зніжэння ўраджаю да 35 %. Акрамя таго, у заражаных клубнях зніжаецца ўтрыманне крухмалу, бялку, вітаміну С, павялічваецца колькасць монацукрыдаў. Яны схільныя да больш моцнага пашкоджвання рыктаніёзам  (польск.), серабрыстай паршой, мокрымі і сухімі гнілямі, нематодамі.

Сімптомы і жыццёвы цыкл узбуджальніка хваробы

правіць

Заражэнне клубняў адбываецца ў полі ў перыяд росту клубняў, але прыкметы паражэння выяўляюцца толькі ў перыяд захоўвання (праз 2-4 месяцы пасля ўборкі) і асабліва ўзмацняюцца да канца захоўвання. На паверхні клубня ўтвараюцца круглявыя па форме пустулы, па афарбоўцы амаль не адрозніваюцца ад колеру здаровай лупіны. Пустулы, у залежнасці ад сорту, могуць быць плоскімі, злёгку ўціснутымі або выпуклымі. Калі пашкоджаныя ўчасткі зліваюцца, утвораецца буйная, некалькі уціснутая пляма, падобная на праяву фітафтарозу. Аднак пры бугрыстай паршы няма загнівання тканкі пад плямай, характэрнага для фітафтарозу.

Ацалелая скурка закрытых пустул дазваляе лёгка адрозніць бугрыстую паршу ад іншых відаў паршы. На паверхні клубня, асабліва пры падвышанай вільготнасці паветра ў сховішчы, можа развіцца бялёса-шараваты налёт канідыяльнага споранашэння ўзбуджальніка, які выклікае паўторныя заражэнні клубняў пры захоўванні. Пры халодным захоўванні бульбы можа развівацца ямкавая форма, пры якой на паверхні клубняў утвараюцца круглявыя паглыбленні дыяметрам 4-12 мм. Бугрыстая парша развіваецца найбольш моцна пры тэмпературы 4 °C і адноснай вільготнасці паветра каля 100 %.

Заражэнне клубняў у полі адбываецца ад інфекцыі, якая захоўваецца ў глебе на раслінных рэштках і (галоўным чынам) ад занесенай на поле з пашкоджанымі насеннымі клубнямі праз расколіны, вочкі, механічныя пашкоджанні і чачавічкі. Узбуджальнік бугрыстай паршы можа паражаць карані, сталоны і ніжнюю частку сцёблаў, на паверхні якой утвараюцца бурыя расплывістыя плямы з папярочнымі расколінамі.

Бугрыстай паршой асабліва моцна паражаецца бульба на лёгкіх глебах пры прахалодным надвор’і і высокай вільготнасці глебы.

Меры барацьбы

правіць
  • Пасадка здаровага пасадачнага матэрыялу.
  • Захаванне севазвароту з выключэннем бульбы на заражаным полі мінімум на 3-4 гады. У якасці папярэдняй культуры лепш выкарыстоўваць пласт або абарот пласта шматгадовых траў, зернебабовыя сумесі.
  • Правядзенне агратэхнічных прыёмаў для падаўлення глебавай інфекцыі — знішчэнне раслінных рэшткаў, глыбокае зяблевае ўзворванне і інш.
  • Перадуборачнае выдаленне бульбоўніка і ўборка бульбы ў аптымальныя тэрміны.
  • Пасляўборачнае прасушванне і азеляненне насенных клубняў. Правядзенне лячэбнага перыяду.
  • Захоўванне бульбы пры тэмпературы 2-4 °C.

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць