Клубень
Клубень (лац.: túber) — відазменены скарочаны парастак расліны, які мае больш ці менш шарападобную форму ў выніку разрастання аднаго або некалькіх міжвузелляў і з рэдукаваным лісцем.
Клубні разрастаюцца, як правіла, на канцах падземных сталонаў — бакавых выцягнутых парасткаў карэнішча. Часта на клубні добра відаць ліставыя рубцы ад апалых лускападобных лістоў — броўкі; у пазусе кожнай броўкі размяшчаецца па некалькі пупышак (у бульбы іх называюць «вочкі»), на верхавіне клубня знаходзіцца верхавінкавая пупышка. Верхняя частка клубня называецца верхавінай, ніжняя — асновай (на верхавіне клубня бульбы ёсць значна больш вочак, чым каля асновы, якой клубень прымацаваны да сталона). На клубні, які прарастае, утвараюцца прыдаткавыя карані (гэта пацвярджае парасткавае паходжанне клубня).
Клубні ўтрымоўваюць багатыя запасы пажыўных рэчываў, у асноўным, крухмалу.
Чалавек выкарыстоўвае ў ежу клубні шэрагу раслін, напрыклад, бульбы. З клубнямі не варта змешваць каранёвыя клубні, або карнеклубні (патоўшчаныя ўчасткі каранёў, напрыклад, у батата). Акрамя таго, клубні могуць быць выкарыстаны для вегетатыўнага размнажэння раслін.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).. С. 349
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9. С. 112-113