Бульдозерная рэвалюцыя

Бульдозерная рэвалюцыя — назва акцый пратэсту, якія прайшлі пасля датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў 24 верасня 2000 года ў Югаславіі і скончыліся звяржэннем прэзідэнта Слабадана Мілошавіча.

Карта важных месцаў падчас дэманстрацый
Краіны Бялград, Нові-Сад, Ніш і іншыя гарады Сербіі
Дата 29 верасня — 5 кастрычніка 2000
Прычыны Парушэнні на выбарах, палітычныя рэпрэсіі, жорсткасць паліцыі, арышты актывістаў «Адпору», цэнзура СМІ, узурпацыя ўлады
Асноўныя мэты Змена палітычнага рэжыму; лібералізацыя краіны
Вынікі Слабадан Мілошавіч склаў паўнамоцтвы; новым прэзідэнтам краіны стаў Воіслаў Каштуніца
Рухаючая сіла супрацоўнікі сферы паслуг, футбольныя хуліганы, студэнты
Колькасць удзельнікаў 10 000
Загінула 1
Паранена 100

Перадвыбарчы перыяд правіць

Палітолагі апісваюць кіраванне Слабадана Мілошавіча як аўтарытарнае альбо аўтакратычнае, таксама клептакратычнае; рэжым шмат разоў абвінавачвалі ў фальсіфікацыях выбараў, палітычных забойствах, падаўленні свабоды СМІ і жорсткасці паліцыі[1].

 
Слабадан Мілошавіч, 1995 год

З-за вайны ў Косаве і Мятохіі Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый увёў міжнародныя санкцыі супраць Югаславіі ў 1998 годзе. Слабадан Мілошавіч стаў першым прэзідэнтам дзяржавы, які быў абвінавачаны ў ваенных злачынствах[2][3]. Пасля перагавораў у Рамбуе НАТА ў сакавіку 1999 года пачало бамбардзіроўкі, абвінавачваючы ўлады Югаславіі ў правядзенні этнічных чыстак косаўскіх албанцаў. Напады былі спынены ў чэрвені пасля падпісання ваенна-тэхнічнага пагаднення аб вывадзе югаслаўскай арміі і паліцыі з Косава і Метохіі.

Дзяржаўныя рэпрэсіі правіць

У кастрычніку 1998 года па просьбе міністра інфармацыі Аляксандра Вучыча быў прыняты Закон аб грамадскай інфармацыі, які вызначыўся ўвядзеннем высокіх штрафаў для журналістаў, які пярэчылі палітыцы рэжыму Слабадана Мілошавіча. Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў незалежных газет Слаўка Чурувія быў забіты 11 красавіка 1999 года.

Са жніўня 1999 года апазіцыйная кааліцыя «Альянс за перамены» арганізавала некалькі дэманстрацый супраць рэжыму Слабадана Мілошавіча. У кастрычніку на апазіцыйнага палітыка Вука Драшкавіча здзейснілі замах, у выніку якога чатыры чалавекі загінулі. У пачатку 2000 года стварылі кааліцыю «Дэмакратычная апазіцыя Сербіі». У чэрвені Драшкавіча чарговага разу паспрабавалі забіць і ён неўзабаве пакінуў кааліцыю.

Напярэдадні федэральных выбараў у 2000 года меркавалі, што Іван Стамбаліч можа ўдзельнічаць у выбарах у якасці лідара аб’яднанай апазіцыі, але ў жніўні ён быў выкрадзены і забіты членамі падраздзялення па спецыяльных аперацыях (ЈСО)[4].

Вынікі выбараў правіць

Пасля абвяшчэння супярэчлівых вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, на якіх кандыдат ад апазіцыі Воіслаў Каштуніца паводле афіцыйных звестак набраў 48 % галасоў (на 2 % менш, чым трэба), стала зразумела, што будзе другі тур. Дэмакратычная апазіцыя Сербіі заявіла аб перамозе Каштуніцы з 55 % галасоў[5] і заклікала грамадзян збірацца перад домам урада, каб супрацьстаяць фальсіфікацыі выбараў на карысць дзеючага прэзідэнта. Дэмакратычная апазіцыя Сербіі папрасіла Слабадана Мілошавіча прызнаць выбарчую волю грамадзян, выяўленую на федэральных, прэзідэнцкіх і мясцовых выбарах, якія прайшлі 24 верасня 2000 года. 5 кастрычніка 2000 года яна папрасіла генеральнага дырэктара, галоўнага рэдактара і рэдакцыю радыё і тэлебачанне Сербіі сысці ў адстаўку, а тэлеканалы змяніць сваю рэдакцыйную палітыку і прадставіць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў краіне. Дэмакратычная апазіцыя Сербіі запатрабавала таксама вызваліць усіх арыштаваных і адклікаць ордары на арышт, спыніць крымінальныя справы па палітычных матывах.

Непрызнанне вынікаў выбараў правіць

Пратэст пачаўся з забастовак на шахтах Калубары 29 верасня, якія прывялі да сур’ёзнага прыпынення выпрацоўкі электраэнергіі ў Сербіі. Старшыня Федэральнай выбарчай камісіі Мілісаў Міленкавіч паведаміў старшыням выбарчых камісій акруг, каб яны «завяршылі падрыхтоўчую работу» да другога тура прэзідэнцкіх выбараў 8 кастрычніка.

Адбыліся шматлікія пратэсты грамадзян супраць фальсіфікацыі выбараў. Воіслаў Каштуніца папрасіў Слабадана Мілошавіча прызнаць паражэнне ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў і звярнуў увагу на небяспеку адкрытых канфліктаў у Сербіі: «Мы не можам перайсці ў любы іншы тур, бо гэта зробіць нас саўдзельнікамі крадзяжу галасоў. Махлярства з першага тура не можа быць адменена ў другім, пятым ці хто ведае якім раўндзе».

У першыя дні кастрычніка масавае грамадскае непадпарадкаванне фактычна блакавала функцыянаванне дзяржавы.

Зварот Мілошавіча да грамадскасці правіць

За некалькі дзён да ключавых дэманстрацый Мілошавіч звярнуўся да грамадскасці ў тэлеэфіры, у якім папярэджваў, што замежныя сілы маюць намер стварыць у Сербіі марыянетачны ўрад, як гэта ўжо рабілі ў некаторых краінах. Далей ён выказаў падазрэнне што да гісторыі стварэння «арганізаванай групы» партый пад назвай Дэмакратычная апазіцыя Сербіі, адзначыўшы, што яны дзейнічаюць пад уплывам заходніх дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Югаславіі і Сербіі. Ён адзначыў, што абяцанні Дэмакратычнай апазіцыі Сербіі былі ілжывымі і імклівага росту дабрабыту грамадзян і эканамічнага росквіту не будзе. Мілошавіч падкрэсліў, што меншасці будзе дазволена быць багатай толькі пры ўмове, што яна стане ва ўсім вернай камандаванню, якое вызначае лёсы іх краіны. Звяртаючыся да маладых навукоўцаў, спецыялістаў і інтэлектуалаў, ён заявіў, што дзяржавы, пазбаўленыя суверэнітэту, пазбаўлены і права на тварэнне, асабліва на навуковае. Вялікія цэнтры, дзяржавы, якія фінансуюць навуковую дзейнасць, вызначаюць і як прымяняць яе вынікі. У канцы свайго звароту Мілошавіч заявіў, што перад другім турам выбараў у краіну ўводзяцца грошы для подкупу грамадзян, арганізацыі забастовак, запалохвання. Па яго словах, тыя, хто ўдзельнічаюць у падрыўных дзеяннях, свядома бяруць удзел у заняволенні сваёй краіны, а таксама: «… нясуць гістарычную адказнасць за пазбаўленне краіны права на існаванне, за страту кантролю над сваім жыццём і жыццём сваіх дзяцей».

Прыхільнікі ДАС арганізавана папрыязджалі ў Бялград з раніцы па некалькіх напрамках з усёй Сербіі пад кіраўніцтвам лідараў ДАС. Каля 15:00 грамадзяне, якія сабраліся на мітынг перад домам урада, паспрабавалі прайсці ў будынак Скупшчыны, дзе рыхтаваліся матэрыялы для абвешчанага другога тура выбараў.

Пратэсты перад Скупшчынай правіць

Каля 15:35 група людзей прайшла ў парламент Югаславіі праз акно. Паліцыі ўдалося разагнаць значную колькасць людзей з плошчы перад будынкам Скупшчыны.

Дзясяткі грамадзян увайшлі ў Скупшчыну каля 16:00, тады як супрацоўнікі паліцыі, якія да таго часу ахоўвалі будынак, адышлі. Правае крыло Скупшчыны пакрылася дымам, амаль усе вокны былі разбітыя. Пратэстуючыя знеслі некалькі паліцэйскіх машын на Косаўскай вуліцы за парламентам. Падчас сутыкненняў паліцыі з пратэстуючымі была чуваць страляніна. Каля 17:00 камандзір бялградскай паліцыі папрасіў пагутарыць з прадстаўнікамі Дэмакратычнай апазіцыі. Прыблізна а 18-й гадзіне супрацоўнікі паліцэйскага ўчастка на вуліцы Майке Еўрасіме склалі зброю і далучыліся да пратэстантаў. У цэнтр хуткай дапамогі паступілі дзясяткі людзей з лёгкімі і цяжкімі траўмамі. Паліцыя выпусціла слёзатачывы газ каля будынка Радыё і тэлебачання Сербіі, а група дэманстрантаў на бульдозеры пачала прабірацца да ўваходу.

Будынак Радыё і тэлебачання на Такоўскай вуліцы падпалілі, звычайная праграма спыніла вяшчанне пасля 17:00. Па ўсіх трох праграмах дзяржаўнага тэлебачання трансліраваліся шоу ў запісе і рэкламныя ролікі. Радыётэлевізійная студыя «Б» з поўдня пачала выпускаць навіны пра падзеі на вуліцах Бялграда ў другой палове дня, пазней далучыліся астатнія тэлеканалы. Адзіным электронным СМІ ў Бялградзе, якое ад пачатку свабодна паведамляла пра паслявыбарчы крызіс і пратэсты да 5 кастрычніка і падчас яго, было «Радио Индекс».

Падчас дэманстрацыі пратэстуючыя ўварваліся ў штаб-кватэру Федэральнай выбарчай камісіі, выкінулі з акна частку бюлетэняў першага тура выбараў, а другую частку падпалілі.

Ноч з 5 на 6 кастрычніка правіць

Новаабраны прэзідэнт Воіслаў Каштуніца ўвечары звярнуўся да грамадзян з балкона Гарадскога савета Бялграда, а потым праз радыё і тэлебачанне. Дэмакратычная апазіцыя Сербіі, каардынуючыся з новым прэзідэнтам, сфарміравала крызісны штаб па асноўных функцыях у краіне, а яе прадстаўнікі ўначы вялі перамовы з кіраўнікамі дзяржаўнай і грамадскай бяспекі. Вялікая колькасць людзей раніцай знаходзілася перад Гарадскім саветам.

Прызнанне паражэння правіць

6 кастрычніка Слабадан Мілошавіч звярнуўся да людзей па тэлебачанні і афіцыйна прызнаў паражэнне на прэзідэнцкіх выбарах. 7 кастрычніка Воіслаў Каштуніца прыняў прэзідэнцкую прысягу перад членамі Народнай Скупшчыны як першы дэмакратычна абраны прэзідэнт Югаславіі.

Заўвагі правіць