Буцы – спецыяльны абутак, прызначаны для гульні ў футбол. Галоўным адрозненнем ад звычайнага абутку з'яўляецца наяўнасць шыпоў на падэшве.

Буцы

Гісторыя футбольных буцаў правіць

Футбольныя буцы прайшлі працяглы перыяд свайго развіцця, у працэсе якога ад звычайнага абутку яны пераўтварыліся ў сучасны тэхналагічны прадукт. Першае згадванне аб іх адносіцца да перыяду праўлення англійскага караля Генрыха VIII. Атрымаўшы траўму падчас гульні, Генрых VIII загадаў свайму асабістаму шаўцу Карнэліусу Джонсану вырабіць для яго спецыяльны абутак. Футбольныя буцы караля лічыліся ў спісе яго Вялікага гардэроба у 1526 годзе. На жаль, яны не захаваліся да нашых дзён[1].

Даступная для аналізу гісторыя футбольных буцаў пачынаецца ў 1800-х гадах. У пачатку XIX стагоддзя футбалісты выкарыстоўвалі цяжкі абутак са скуры з металічнай устаўкай ў пярэдняй частцы і доўгім шнурком. Такі абутак меў металічныя шыпы для ўстойлівасці і павелічэння счаплення з паверхняй. У 1863 годзе Футбольная Асацыяцыя Англіі забараніла выкарыстанне такога абутку, каб пазбегнуць нанясення траўмаў футбалістам. Правіла 13 прадпісвала на гэты конт наступнае: "забараняецца гуляць у буцах, у якіх выступаюць стрыжні, металічныя ўстаўкі або, калі на падэшве футбольных буцаў знаходзіцца гутаперча"[2]..

У 1891 годзе былі ўнесены змены ў футбольныя правілы, якія дазвалялі выкарыстоўваць шыпы пры ўмове, што яны вырабленыя са скуры і не выступалі больш, чым на паўцалі. Таксама выкарыстоўвалі шыпы круглай формы. Звычайна іх прыбівалі да падэшвы буцаў. Такі абутак ужо лічыўся спецыялізаваным для футбола, і ен істотна адрозніваўся ад звычайных чаравікоў.

З пачатку XX стагоддзя і да канца Другой сусветнай вайны футбольныя буцы практычна не змяняліся. Пачынаючы з 1925 года, вытворцы пачалі выкарыстоўваць зменныя шыпы. У сярэдзіне 1950-х сапраўдную рэвалюцыю выклікалі буцы са зменнымі шыпамі на разьбе. Такія шыпы можна было зручна і лёгка замяняць. Акрамя гэтага, іх пачалі вырабляць з такіх матэрыялаў, якія былі найлепш адаптаваныя да пэўнага надвор'я. Але футбольныя буцы ўсё яшчэ заставаліся цяжкімі, з высокім кроем каля шчыкалаткі для абароны ад магчымых траўмаў.

Вытворцы футбольнага абутку традыцыйна выпускалі цяжкія буцы з высокім кроем. Такі тып абутку заставаўся агульнапрынятым на працягу доўгага часу ў Паўночнай Еўропе, паколькі футбалістам часта даводзілася гуляць на сырых, цяжкіх футбольных палях. Больш лёгкія буцы з нізкім кроем станавіліся папулярнымі на Поўдні Еўропы і ў Паўднёвай Амерыцы, дзе палі для гульні ў футбол не былі такімі сырымі і цяжкімі для гульні. 1960-я гады адзначыліся важным змяненнем у дызайне буцаў. Паўсюднае прымяненне атрымалі буцы з нізкім кроем (абутак не прыкрываў шчыкалатку). Такія змены ў дызайне дазволілі футбалістам рухацца хутчэй.

Важнае ўдасканаленне ў дызайне і тэхналогіі футбольных буцаў распрацавала і выпусціла ў 1990-х кампанія Адыдас. Распрацоўшчыкам рэвалюцыйнай мадэлі футбольнага абутку стаў былы футбаліст Ліверпуля Крэйг Джонсан. Джонсан распрацаваў мадэль Adidas Predator, які забяспечваў добрае счапленне буцаў з паверхняй футбольнага газона, якасны кантакт буцаў і футбольнага мяча. На сённяшні дзень Adidas Predator лічыцца найбольш паспяховай мадэллю ў гісторыі футбольных буцаў[3].

У новым стагоддзі сталі набываць папулярнасць буцы з маналітнай падэшвай і плоскімі шыпамі, накіраванымі ў розныя бакі. Такія футбольныя буцы максімальна паляпшаюць счапленне з паверхняй футбольнага поля. Але павелічэнне колькасці траўмаў гульцоў у апошні час звязваюць менавіта з выкарыстаннем такіх буцаў. Вядучы футбольны клуб Англіі Манчэстэр Юнайтэд нават забараніў гульцам іх выкарыстанне.

Класіфікацыя футбольных буцаў правіць

У міжнароднай спецыфікацыі футбольных буцаў ужываюць наступныя азначэнні:

SG (Soft Ground) правіць

Soft Ground – буцы, складаюцца са здымных шыпоў канічнай або плоскай формы і ідэальна падыходзяць для гульні на мяккіх палях. У залежнасці ад неабходнасці падбіраюцца шыпы патрэбнага памеру, якія адпавядаюць мяккасці футбольнага поля. Плоскія шыпы звычайна прымацоўваюцца да падэшвы, а іх вышыня рэгулюецца ў залежнасці ад мадэлі буцаў; некаторыя маюць металічны наканечнік, які ў выпадку неабходнасці можа быць заменены на іншы;

FG (Firm ground) правіць

Firm ground- буцы гэтага тыпу можна назваць класічнымі, на падэшве знаходзяцца шыпы і спецыяльныя наклейкі супраць коўзання, якія забяспечваюць счапленне і ўстойлівасць на большасці адкрытых футбольных палёў. Гэты тып футбольных буцаў звычайна мае серыю нязменных шыпоў з матэрыялу PU (паліўрэтан) або TPU (тэрмапластычны ўрэтан) звычайна плоскай або канічнай формы. Такі шматфункцыянальны абутак, выкарыстоўваецца практычна на ўсіх тыпах футбольных палёў і большасць футбалістаў выбіраюць менавіта гэты тып абутку;

HG (Hard Ground) правіць

Hard Ground- абутак гэтага тыпу звычайна прызначаны для гульні на цвёрдых палях. Яго таксама вельмі часта выкарыстоўваюць для гульні на палях са штучным пакрыццём. Звычайна гэты тып абутку мае вялікую колькасць шыпоў, раўнамерна размешчаных па ўсёй паверхні падэшвы. Канструкцыя падэшвы адрозніваецца трываласцю і даўгавечнасцю. Кароткія, круглыя ці плоскія шыпы забяспечваюць устойлівасць і счапленне, а таксама амартызацыю.

Вытворцы футбольных буцаў правіць

У пачатку XXI стагоддзя назіраецца далейшае выкарыстанне навукова-даследчай работы і дасягненняў, што спрыяе узмацненню дамінуючых пазіцый кампаній Nike, Puma, Adidas (у 2006 годзе Adidas аб'яднаўся з Reebok) на рынку. Сваю долю рынку маюць дробныя вытворцы спартыўнай прадукцыі, такія як Diadora, Lotto, Mizuno, Joma, Nomis, Kelme, Hummel, Demix.

На сённяшні дзень найбольшай папулярнасцю карыстаюцца наступныя мадэлі футбольных буцаў: Nike Mercurial Vapor V FG, Nike Mercurial Superfly FG, Adidas Copa Mundial FG, Nike Total90 Laser II FG, Adidas Predator X FG, PUMA v1.10 FG, Adidas adiPURE II TRX FG, Nike CTR360 Maestri FG, Nike Tiempo FG[4].

У апошнія гады Nike з'яўляецца найбольш паспяховай спартыўнай кампаніяй у свеце. Яго прадукцыя карыстаецца найбольшай папулярнасцю сярод футбалістаў.

Зноскі

У Сеціве правіць