Мастацкі музей імя Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі ў горадзе Бялынічы
Мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах, раней Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі — музей у Бялынічах Магілёўскай вобласці, размешчаны па адрасе вуліца Савецкая, 13а. Перад будынкам музея ўстаноўлены помнік Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі.
Мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах | |
---|---|
![]() Мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах | |
Заснаваны | 5 лістапада 1969 |
Адкрыты | 29 мая 1970 |
Падпарадкаванасць | Філіял УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава" (з 01.01.2025) |
Месцазнаходжанне | |
Памеры фонду | 1055 адзінак |
Выставачная плошча | 455,11 м² |
Адрас | 213051, Рэспубліка Беларусь, Магілёўская вобл., г. Бялынічы, вул. Савецкая, 13а |
Адкрыты | Штодзённа з 10:00 да 18:00, без абеду (каса працуе да 17:30) |
biruli.maslenikov.museum.by |
Гісторыя
правіцьЗаснаваны 5 лістапада 1969 года ў Бялынічах загадам Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры. Дапамогу ў арганізацыі музея аказалі дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава і жонка мастака Алена Аляксееўна Бялыніцкая-Біруля. Адкрыты для наведвальнікаў 29 мая 1970 года. Аснову музея склалі матэрыялы пра жыццё і творчасць народнага мастака Беларусі і Расіі, правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Працяглы час музеем кіравалі Г. Н. Драздзецкая, П. П. Жыгуноў, Н. С. Снапкова, Н. І. Палоннік.
У 1970-1997 гадах музей размяшчаўся ў адным з будынкаў райвыканкама. У 1997 годзе пад музей рэканструявалі будынак кінатэатра «Зорка». 26.02.1997 года адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця музея ў рэканструяваным будынку ў межах святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Бялыніцкага-Бірулі. У 2007 годзе музею нададзены статус юрыдычнай асобы з афіцыйным найменнем «Установа культуры „Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі“». Асноўны фонд музея ў 2008 годзе налічваў 582 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 136 адзінак. Плошча 4 экспазіцыйных залаў складала 270 м², выставачнага — 70 м².
Да Дня беларускага пісьменства ў 2020 годзе стары будынак музея знеслі, на яго месцы па праекце інстытута «Магілёўсельбудпраект», падраднай арганізацыяй ААТ «Прамжылбуд» узведзены новы будынак. Плошча музея павялічылася амаль удвая і складае каля 800 м²[1].
З 1 студзеня 2021 года музей быў філіялам УК «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава».
З 1 студзеня 2025 года ўстанову культуры «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава» ліквідавалі. Музей у Бялынічах стаў філіялам УК «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава»[2]
Экспазіцыя
правіцьСтанам на 1 жніўня 2022 года на захоўванні ў фондах музея было 1055 прадметаў (872 адзінкі захоўвання з ліку асноўнага фонду і 183 адзінкі з фонду навукова-дапаможных матэрыялаў). Пасля ўзвядзення новага будынку, агульная плошча музея складае 827,48 м². Непасрэдна экспазіцыйна-выставачная плошча — 455,11 м². Для захоўвання фондаў адведзена — 97,05 м².
У 1997-2019 гадах у экспазіцыі музея склаўся шэраг тэматычных раздзелаў. Асноўны раздзел меў назву: «Краявіды народнага мастака БССР і РСФСР В. Бялыніцкага-Бірулі», у ім былі прадстаўлены творы мастака, напісаныя ў 1920-1940-я гады: «Восень», «Лёд прайшоў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі» і іншыя. Таксама экспанаваўся партрэт Бялыніцкага-Бірулі, напісаны ў 1939 годзе яго сябрам — народным мастаком СССР І. Э. Грабаром і быў змешчаны скульптурны партрэт мастака, выраблены народным мастаком БССР Заірам Азгурам. У гэтым раздзеле экспазіцыі таксама выстаўляліся некаторыя рэчы: пэндзлі і палітра, якімі карыстаўся жывапісец; сігнальны экзэмпляр паштовага канверта, які выпусціла Міністэрства сувязі СССР у 1972 годзе з нагоды 100-гадовага юбілею Бялыніцкага-Бірулі; паштовая марка з рэпрадукцыяй пейзажа мастака «Ранняя вясна» (1912); 2 лісты Бялыніцкага-Бірулі, адрасаваныя яго сябру — работніку Гарусаўскага дзіцячага дома М. І. Талкачову. Значнае месца ў музейнай экспазіцыі займаў раздзел прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне дзе выстаўляліся творы жывапісу і скульптуры, якія выяўлялі подзвіг народа. Трывалы час існавалі экспазіцыі ўдзельнікаў міжнароднага пленэру «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» і адной з яскравых удзельніц пленэра — мясцовай мастачкі Ларысы Журавовіч. Сярод твораў іншых удзельнікаў штогадовага мерапрыемства, якія працяглы час выстаўляліся ў музеі вылучаюцца карціны Дзмітрыя Алейніка «Раніца на Дняпры» (1996); Антона Бархаткова «На рацэ Друць» (1996); І. Сцяпанава «Удомля. Дача В. К. Бялыніцкага-Бірулі» (2003).
Рэгулярна ў музеі выстаўляўся беларускі жывапіс XX стагоддзя. Экспанаваліся творы Віталя Цвіркі «Льнаводка», У. Лагуна «Завочніца», В. Шыбнёва «Збажына паспела», А. Бархаткова «Калгасны статак», У. Сеўрука «Рыбная лоўля» і іншых. Таксама рэгулярна выстаўляліся творы беларускай скульптуры XX стагоддзя, сярод якіх былі творы Андрэя Заспіцкага «Паэтэса Цётка», Сяргея Селіханава «Вызваленне», «Партрэт Селіванава», «Бюст Варапаевай», Л. Палійчука «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», Івана Міско «Партрэт хлопчыка», В. Папова «Юнацтва», «Партрэт Еўкайла» і інш.
З 2020 года сталая экспазіцыя музея размешчаная ў новым будынку ўключае наступныя раздзелы: «Галерэя карцін В. К. Бялыніцкага-Бірулі»; «Гісторыка-культурная спадчына краю»; «Духоўнасць». Асобна выдзелена зала ў якой ствараюцца часовыя экспазіцыі.
Такім чынам, пастаянная экспазіцыя музея складаецца з трох раздзелаў. У раздзеле «Галерэя карцін В. К. Бялыніцкага-Бірулі» экспанавана 27 арыгінальных твораў народнага мастака БССР і РСФСР — В. К. Бялыніцкага-Бірулі, а таксама ягоны бюст працы З. І. Азгура і вышэйзгаданыя рэчы звязаныя з яго жыццём і творчасцю. Экспазіцыя залы «Гісторыка-культурная спадчына краю», уключае ў сябе археалагічныя знаходкі і іншыя гістарычныя рэчы, якія асвятляюць мінулае краю, у гэтай зале размешчаны макет мястэчка Бялынічы станам на пачатак XIX ст., а таксама шматлікія жывапісныя і графічныя творы прысвечаныя гісторыі Бялыніччыны. Зала «Духоўнасць» асвятляе рэлігійную гісторыю Бялынічаў. Галоўны экспанат гэтай экспазіцыі — фрэска XVIII ст. з комплексу былога касцёла і манастыра манахаў-кармелітаў у Бялынічах.[3]
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ В Белыничах открыли обновленный районный художественный музей(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2022. Праверана 10 кастрычніка 2024.
- ↑ Могилевский областной краеведческий музей имени Е.Р. Романова . mogilevmuseum.by. Праверана 5 сакавіка 2025.
- ↑ Наши экспозиции (руск.). Художественный музей им. В.К. Бялыницкого-Бирули в г. Белыничи (4 кастрычніка 2021). Праверана 7 сакавіка 2025.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Памяць: Бялын. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / [Рэд. кал.: А. В. Агееў і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Выш. шк., 2000. — 509 с. іл. — ISBN 985-06-0517-0.