Бібракта (Бібрактэ, Bibracte, грэч. Βίβρακτα, Βίβραξ) — горад і культавы цэнтр галаў (кан. 1-га тыс. да н.э. — IV ст. н.э.), цяпер гарадзішча Мон-Беўрэ каля горада Ацён (Францыя).

План Бібракты

Гэта — адзін з найвядомых апідумаў Галіі, быў галоўным палітычным і значным гандлёва-рамесным цэнтрам кельцкага племя эдуяў. Меў плошчу каля 135 гектараў і знаходзіўся на плато ўзгорка Баўрэ, які быў звязаны з далінай ракі Луары і басейнам Сены.

Быў акружаны высокімі сценамі, унутры якіх вылучаліся некалькі падзеленых вуліцамі кварталаў, нягледзячы на адсутнасць выразнай геаметрычнай планіроўкі. Пад'язная дарога да яго падыходзіла з паўночнага ўсходу. Вада да майстэрняў падавалася з паўднёвай часткі горада па каналах, якія мелі глыбіню ў 5 метраў. Дамы будаваліся з дрэва і каменя, пакрываліся саломай або, радзей, дахоўкай.

Адзін з кварталаў займаў рынак, які адыгрываў важную ролю ў жыцці горада. Побач з кірмашом знаходзілася свяцілішча кельтаў.

У канцы 1 стагоддзя да нашай эры насельніцтва было выселена рымлянамі ў Аўгустадунум (Ацён), але горад заставаўся цэнтрам культу мясцовай багіні да 4 стагоддзя, і гарадскі кірмаш, відаць, таксама працягваў функцыянаваць — яна была добра вядомая ў Сярэднявеччы, а гандлёвыя здзелкі на гэтым месцы працягвалі заключацца аж да XX ст.

Падчас раскопак рыначнай плошчы былі выяўлены 1579 манет, з якіх 430 былі сцертымі і няскончанымі, 1006 — гальскімі, 27 — грэчаскімі, 114 — рымскімі, 1 — кельтыберская і 1 маўрытанская.

У 58 годзе да н.э. каля Бібракты адбылася бітва паміж племем гельветаў і шасцю рымскімі легіёнамі пад камандаваннем Гая Юлія Цэзара[1], якая атрымала ў гістарыяграфіі назву Бітва пры Бібракце.

Зноскі

  1. Бибракта // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.

Спасылкі правіць