Бітва пад Ашмянамі (1432)

Бітва пад Ашмянамі (8 снежня 1432) — першая буйная бітва феадальнай вайны ў ВКЛ.

Войска Свідрыгайлы, у тым ліку значная дапамога з Цверы, выйшла з Ашмян і неўзабаве спаткала сілы Жыгімонта Кейстутавіча, якія складаліся з літоўцаў, жамойтаў і палякаў Драгічынскай зямлі. Да абодвух бакоў маглі падыйсці падмацаванні ад саюзнікаў, аднак яны не сталі гэтага чакаць. Бітва працягвалася да ночы. Колькасная перавага была на баку Свідрыгайлы, і спачатку ён браў верх і тры мілі гнаў праціўніка. Жыгімонт, аднак, здолеў пераламіць ход бітвы і змусіў Свідрыгайлу ўцякаць. У палон патрапілі многія значныя прыхільнікі Свідрыгайлы, у тым ліку князі Юрый Лугвеневіч, Федка Адынцэвіч, Мітка Зубравіцкі, Васіль Красны, баяры Юрый Гедыгольд, Юшка Гойцавіч.

Сцверджанні Свідрыгайлы ў лісце да вялікага магістра, што Жыгімонтавы страты ў бітве нашмат большыя за ягоныя, здаюцца перабольшанымі. З іншага боку, перабольшаныя і звесткі Длугаша, што Свідрыгайла страціў 10 000 забітымі і 4 000 палоннымі.

Літаратура правіць

  • Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły: Ustęp z dziejów unii Litwy z Korona. — Kraków, 1892;
  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895.